RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Фестывальны настрой, ці як «Залатая пчолка» запальвала новыя таленты ў Клімавічах

Клімавічы на тры дні сталі эпіцэнтрам дзіцячай творчасці, дзе танцуюць, спяваюць і малююць. Для горада фестываль «Залатая пчолка» – яркая і доўгачаканая падзея: вялікага міжнароднага свята з нецярпеннем чакалі і ўдзельнікі, і мясцовыя жыхары. Фестывальныя традыцыі складаюцца ў раённым цэнтры ўжо на працягу 20 гадоў, і з кожным годам яны толькі памнажаюцца. Мерапрыемства прырастае новымі падзеямі і ўдзельнікамі, станоўчымі эмоцыямі і незабыўнымі ўражаннямі.

Магілёўская вобласць багатая на розныя фестывальныя традыцыі: шэраг брэндавых для рэгіёна мерапрыемстваў стаў шырока вядомы не толькі на тэрыторыі краіны, але і за яе межамі. У гэтым спісе – свята «Александрыя збірае сяброў», музычны фестываль «Залаты шлягер», маладзёжны тэатральны форум «М.@rt.Кантакт» і, вядома ж, «Залатая пчолка», якая ў свой юбілейны год сабрала на Клімавіцкай зямлі больш за 1 тыс. юных удзельнікаў з Беларусі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Узбекістана.

«Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» – найбуйнейшая падзея ў жыцці не толькі Клімавічаў і Магілёўскай вобласці, але і ўсёй Беларусі, – адзначыў старшыня журы ў жанры «Вакальнае мастацтва», заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, выканаўца і кампазітар Алег Елісеенка. – Конкурс паказаў свой высокі ўзровень шмат у чым дзякуючы таму, што за 20 гадоў сфарміравалася цудоўная каманда прафесіяналаў. Акрамя таго, на фестываль прыехалі вельмі моцныя канкурсанты. Гэта сведчыць пра тое, што ў іх ёсць давер да гэтага конкурсу і, у прыватнасці, да журы. Таму нам было цяжка вызначаць пераможцаў: трэба было лічыць балы да дзясятых і сотых».

Алег Елісеенка прызнаецца, што фестываль паказаў вельмі высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства: «Часам члены журы проста забывалі, што знаходзяцца на конкурсе і павінны ацэньваць талент і майстэрства ўдзельнікаў. Мы проста атрымлівалі асалоду ад іх выступленняў. Я бачыў, з якім задавальненнем і натхненнем дзеці спяваюць тую ж народную музыку, хоць, здавалася б, яны ўсе сёння сядзяць у Інтэрнэце і тэлебачанні, павінны арыентавацца на папулярную музыку. Не! Аказваецца, генетычная памяць у чалавеку вельмі моцная: этнічная музыка запатрабаваная, яе хочуць спяваць маладыя людзі і робяць гэта з задавальненнем. І калі дзіцяці выхад на сцэну дае радасць, прыносіць моманты шчасця, значыць дзеля гэтага варта працягваць фестывальныя традыцыі».

Музычныя і харэаграфічныя нумары з нацыянальным каларытам на фестываль прывезлі многія краіны-ўдзельніцы. Напрыклад, нельга было прайсці міма калектыву з Кыргызстана. Дзяўчаты былі апранутыя ў каларытныя аксамітныя камзолы чорнага колеру з яркай вышыўкай, доўгія пунсовыя спадніцы. Неад’емнай часткай іх строю сталі жаночыя галаўныя ўборы з вышыўкай і пышнымі пёрамі, з-пад якіх на плечы юных прыгажунь падалі чорныя косы. Калектыў удзельнічаў у фестывалі ўпершыню і абавязкова хацеў паказаць традыцыі і звычаі свайго народа, якія складваліся тысячагоддзямі.

Удзельнікі прыехалі з горада Кемін Кыргызстана, мікрараёна Нур, што ў перакладзе азначае «прамень». Гэтак жа называецца і сам ансамбль. На конкурс дзяўчаты прывезлі два нумары – індыйскі і нацыянальны пад назвай «Вялікае падарожжа». Гледачу яны паказалі каларыт нацыянальнага танца без якога-небудзь эстраднага элемента. Дзяўчынкі – сапраўдныя самародкі. Усе яны – вучаніцы сярэдняй агульнаадукацыйнай школы Нура. Паколькі ў невялікай навучальнай установе няма прафесійнага харэографа, традыцыі этнічнага танца яны вывучаюць з дапамогі старэйшага пакалення – сваіх настаўнікаў і бацькоў, многае чэрпаюць па відэа з Інтэрнэту. Пастаноўкі нумароў – вынік творчасці і педагагічнага калектыву, і саміх навучэнцаў.

«Мы хацелі паказаць на фестывалі менавіта традыцыйны танец, – расказвае кіраўнік калектыву «Нур» Эльвіра Тэнізбаева. – Мы ж старажытная нацыя, у якой ёсць свае традыцыі і звычаі. З пакалення ў пакаленне ўсё гэта перадаецца нашым дзецям і ўнукам. Хочацца, каб гэтыя традыцыі захоўваліся на стагоддзі. У іх аснове – павага да старэйшага пакалення, сямейныя каштоўнасці: жонка паважае мужа, а дзеці шануюць бацькоў. Усё да гэтага часу прысутнічае ў нашай культуры і звычаях. Вядома ж, на такіх фестывалях мы адчуваем вялікую цікавасць да нашых традыцый. Дзяўчынкі вельмі гордыя і шчаслівыя: у іх прыгожыя яркія сукенкі, усе хочуць з імі сфатаграфавацца. Нават журы нам сказала, што мы – вішанька на торце фестывалю. Гэта падстава для гонару за сваіх дзяцей і сваю Радзіму».

Эльвіра Тэнізбаева прыехала ў Беларусь упершыню і адразу ўразілася, наколькі тут гасцінныя і вясёлыя людзі, які таленавіты беларускі народ. Нашы традыцыйныя танцы спадабаліся кіраўніку настолькі, што яна вырашыла ўключыць іх у рэпертуар свайго калектыву. «Я хачу пашыць такія ж выдатныя ўборы, пераняць элементы вашай культуры і звычаяў, каб выкарыстоўваць іх у творчасці свайго ансамбля, – прызнаецца яна. – Фестываль «Залатая пчолка» ў будучыні дапаможа нам вырасці ў прафесійным плане, дасць штуршок у самаразвіцці».

Яркі нацыянальны каларыт і ў традыцыях рускай выканальніцкай школы. Сваё вакальнае майстэрства на фестывалі прадставіў калектыў з Санкт-Пецярбурга, ансамбль народнай песні «Канарэйка». «Мы прывезлі песні Расіі – у асноўным гульнявыя, таму што дзеткі ў нас маленькія, песні павінны быць ім зразумелыя і любімыя, – адзначыла кіраўнік калектыву Ларыса Кабак. – Гэта вяснянкі, калі дзеці заклікаюць вясну і кідаюць жаўрукоў, і вясёлая жартоўная песня «Жыў я ў пана». Фестываль для нашых дзяцей – яркая падзея, напоўненая не толькі гастролямі, выступленнямі, новымі знаёмствамі і стасункамі, але яшчэ і адказнасцю за сваю школу, сваю краіну. Іх задача – годна прадставіць сябе на конкурсе».

На фестываль прыехаў зводны склад ансамбля – 18 з 60 чалавек. Калектыў удзельнічае ў конкурснай праграме «Залатой пчолкі» ўпершыню, а вось кіраўнік з 35-гадовым творчым вопытам бывала тут неаднаразова. На пытанне, чаму цікавасць да фестывалю з гадамі не знікае, а толькі павялічваецца, Ларыса Кабак упэўнена адказвае: «Узровень «Залатой пчолкі» па канкурэнцыі вельмі высокі. Заўсёды вельмі прыемна спаборнічаць з годнымі. Хочацца ўбачыць і паслухаць іншых канкурсантаў, у якіх ёсць чаму павучыцца. Вельмі падабаюцца беларускія ўдзельнікі – напэўна, я проста палюбіла гэту рэспубліку, яе мову, культуру і творчасць, яе галасы. За гады ўдзелу ў фестывалі мы завязалі вельмі шмат знаёмстваў, знайшлі некалькі дзясяткаў сяброў, з якімі маем зносіны да гэтага часу. Усё пачыналася менавіта з «Залатой пчолкі».

На ўдзельнікаў з Беларусі на фестывалі раўняліся заўсёды: яны неаднаразова станавіліся пераможцамі конкурснай праграмы. І журы, і прадстаўнікі замежных дэлегацый пастаянна адзначаюць высокі прафесіяналізм юных талентаў Сінявокай. «З году ў год вельмі высокі ўзровень паказваюць беларускія калектывы, у прыватнасці наша Магілёўшчына, – адзначае член журы Міжнароднага фестывалю, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Анатоль Сінкавец. – Па сутнасці, беларускія ўдзельнікі дэманструюць майстар-клас для іншых краін. А наогул усе дзеці малайцы: у кожным ёсць разыначка, свой каларыт. Дзеці едуць на фестываль з хваляваннем і адказнасцю, таму што ён дае ім штуршок у жыццё. «Залатая пчолка» – творчая будучыня новага пакалення».

Гэтым разам усе найвышэйшыя ўзнагароды фестывалю таксама засталіся ў прадстаўнікоў беларускага боку. Дыплома Гран-пры з прысваеннем звання лаўрэата ў намінацыі «Выяўленчае мастацтва» ўдастоена навучэнка Магілёўскай дзіцячай школы мастацтваў 12-гадовая Паліна Зубарава. Дзяўчынка заканчвае другі клас па мастацкім кірунку і зусім не чакала, што стане найлепшай у сваёй намінацыі. На «Залатую пчолку» ў якасці ўдзельніка яна прыехала ўпершыню, намалявала возера: прырода заўсёды натхняе.

У напрамку «Харэаграфічнае мастацтва» галоўны прыз фестывалю заваяваў узорны харэаграфічны калектыў «Улыбка» Культурна-спартыўнага цэнтра Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі. «Мы ўпершыню даехалі да «Залатой пчолкі» і вельмі рады, што трапілі на 20-ы, юбілейны фестываль, змаглі паказаць сваю творчасць, – адзначыў Дзмітрый Мураўёў, які працуе на пасадзе кіраўніка калектыву «Улыбка» ўжо амаль 15 гадоў. – Вядома ж, мы хваляваліся і перажывалі: кожнаму хочацца атрымаць перамогу і павезці з сабой дыплом. Мы прадставілі на суд журы нумар, які грунтуецца на стылістыцы 1960-х гадоў, калі хлопчыкі хадзілі ў штанах і кепках, пераймалі вулічны дваровы стыль. Галоўнай тэмай выступлення стала неўзаемнае каханне – менавіта гэтыя жыццёвыя моманты і перажыванні мы перадалі на сцэне».

Калектыў «Улыбка» існуе з 1972 года, у ім займаюцца дзеці ад 5 да 19 гадоў. Удзельнікі прывезлі на фестываль 3 нумары, якія былі прадстаўлены ў эстрадным і народна-сцэнічным танцах, а таксама сучаснай харэаграфіі. Кожнае творчае выступленне раскрывала пэўную тэматыку – ад беларускіх народных традыцый да ўзаемаразумення паміж роднымі людзьмі. «Наш калектыў можа здацца вельмі спецыфічным у плане таго, што мы заўсёды завязваемся на пэўнай сюжэтнай лініі: хочам расказаць гледачу нейкую гісторыю, а не проста станцаваць», – падкрэсліў Дзмітрый Мураўёў.

Два Гран-пры вакалістаў з’ехалі ў Мінск. Узнагароды фестывалю ўзялі выхаванцы ўзорнага вакальнага ансамбля «Песенка» Палаца дзяцей і моладзі «Золак» – ансамбль хлопчыкаў і 11-гадовая салістка Караліна Васільева, якая выканала падчас конкурснай праграмы песню «Ой, ды не вечар». Дарэчы, дзяўчынка спявае з пяці гадоў і паклала ў сваю творчую скарбонку ўжо 11 Гран-пры розных конкурсаў і фестываляў. Палітра яе талентаў разнастайная – ад малявання да музыкі, аднак у будучыні яна марыць стаць пісьменнікам. «Можна ж не толькі кнігі пісаць, але і музыку, – усміхаецца пераможца і тут жа дадае: – Першую кнігу абавязкова напішу пра ваенныя падзеі: гэтая тэма мяне вельмі хвалюе».

«У мяне разнастайны рэпертуар: у асноўным займаюся эстрадным вакалам, але душа больш ляжыць да народнага, – прызнаецца Караліна. – Я ўдзельнічала ў многіх конкурсах, таму ведаю, што самае галоўнае для перамогі – настроіцца на выступленне. Важны і кантакт з гледачом – я заўсёды працую не на журы, а на людзей у зале. Мне так камфортней і прасцей. Спадзяюся, што ў будучыні паступлю ў Беларускую акадэмію мастацтваў».

Падтрымаць дачку прыехала мама Наталля Васільева, яна вельмі шчаслівая і гордая: верыла ў яе сілы і спадзявалася на перамогу. «Шчыра прызнацца, чакалі такой узнагароды: ведаем сваё таленавітае дзіця, – не стрымлівае эмоцыі Наталля. – Мы шчаслівыя, што Караліна паказала тут такі высокі вынік. У фестывалі прымаем удзел упершыню, летась прапусцілі яго праз хваробу. Такія конкурсы вельмі патрэбныя, яны даюць дзецям усебаковае развіццё, дазваляюць упэўнена адчуваць сябе на сцэне, дасягаць новых творчых вяршынь».

XX Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» сабраў у Клімавічах каля 1 тыс. удзельнікаў. Сёлета сваю творчасць тут прадэманстравалі прадстаўнікі 6 краін: Беларусь, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Узбекістан. Калектывы і індывідуальныя выканаўцы ва ўзросце ад 9 да 18 гадоў спаборнічалі ў трох намінацыях – вакальнае, харэаграфічнае і выяўленчае мастацтва. Праграма свята была насычанай і цікавай: у яе ўвайшлі не толькі конкурсныя этапы, але і праца творчых пляцовак, выставы-продажы, маладзёжныя праекты, спартыўныя акцыі.

Фестываль дзіцячай творчасці нарадзіўся на Клімавіцкай зямлі ў 1996 годзе па ініцыятыве раённага выканаўчага камітэта. Ён набыў вялікую папулярнасць у краінах блізкага і далёкага замежжа. За гады існавання ў конкурснай праграме прынялі ўдзел выканаўцы і калектывы з 26 краін. Тут запалілася нямала яркіх зорачак, для многіх мерапрыемства стала сапраўдным трамплінам у творчую будучыню. Фестываль вылучаецца шматграннасцю, жанравай разнастайнасцю, шчырай і цёплай атмасферай.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая