Спецпаказ фільма «Недатыкальнасць» і знаёмства з творчай групай стужкі прайшлі ў Магілёўскім кінатэатры «Ветразь». Мерапрыемства адбылося ў межах святкавання 95-годдзя беларускага кіно.
На сустрэчу з гледачамі розных узростаў прыехалі рэжысёр Дзмітрый Зайцаў і акцёр Аляксандр Кашпераў. Яны расказалі аб сваім жыццёвым і прафесійным шляху, сябрах, ідэі фільма і працэсе здымкі кінастужкі. Людзі, якія сабраліся ў зале, пасля прагляду працы, змаглі задаць пытанні гасцям.
Дэтэктыў «Недатыкальнасць» выйшаў у пракат у 2017 годзе і ўжо паспеў заваяваць Гран-пры 20-га Міжнароднага фестывалю дэтэктыўных фільмаў «ДетективФЕСТ», які праходзіў у Маскве ў красавіку 2018 года.
Карціна знята рэжысёрамі-пастаноўшчыкамі, аператарамі, сцэнарыстамі і прадзюсарамі Дзмітрыем Зайцавым і Юрыем Елхавым. Нагадаем асноўныя вехі майстроў. Юрый Елхаў – аператар культавых савецкіх кінаказак Леаніда Нячаева «Прыгоды Бураціна» і «Пра Чырвоную Шапачку», рэжысёр беларускага гістарычнага блокбастара «Анастасія Слуцкая». Дзмітрый Зайцаў як аператар зняў карціны «Іван Макаравіч» Ігара Дабралюбава, «Людзі на балоце»Віктара Турава, «Чорная бяроза» Ігара Чацверыкова і іншыя. Як рэжысёр – фільм «Кветкі правінцыі» паводле рамана Георгія Марчука, вострасюжэтныя карціны «Паміж жыццём і смерцю» з Яўгенам Сідзіхіным і «Зграя» з Сяргеем Гармашам.
Увогуле, абодва – людзі вопытныя і бывалыя. Але ў апошні час аказаліся не пры справах на роднай кінастудыі. Але, як гаворыцца, не май 100 рублёў, а май 100 сяброў. Яны стварылі кароткаметражку «Недатыкальнасць» з бюджэтам 0 рублёў. Інтэр’ер здымалі ў доме мастака Алега Арлова, яго ж палотны ўпрыгожылі фільм. Арлоў таксама напісаў саўндтрэк да фільма. Выдатныя беларускія акцёры Аляксандр Кашпераў і Вольга Рэптых здымаліся бясплатна, з любові да мастацтва.
Створаны фільм па матывах дэтэктыўнага апавядання амерыканскага пісьменніка Роберта Колбі «Голас уначы». Амерыканскую гісторыю адаптавалі да мінскіх дэкарацый. Здымкі і мантаж завяршылі ўсяго за два месяцы.
Дзеянне вострасюжэтнага фільма з першапачаткова непрадказальнай развязкай адбываецца ў горадзе, які вельмі нагадвае беларускую сталіцу, а ў герояў славянскія імёны і прозвішчы. Мужчына называе сябе Сяргеем, для блізкіх – Сержам. Ён, як маецца на ўвазе, надзвычай уплывовы і багаты чалавек, не абцяжараны маральнымі прынцыпамі і не сумняваецца ва ўласнай беспакаранасці, магчыма, гарантаванай дэпутацкай недатыкальнасцю, на што намякае назва фільма. Сяргей раскошна жыве ў загарадным асабняку, смакуе ў адзіноце піва і абдумвае, нібы шахматную партыю, вераломны спосаб знаёмства з прастадушнымі і даверлівымі маладымі жанчынамі, завабліваючы іх у пастку…
На працягу года стужку будуць дэманстраваць у кінатэатрах Магілёва і вобласці.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
23.04.2025 - 14:33
Магілёў рыхтуецца да святкавання 80-годдзя Вялікай Перамогі (відэа)
23.04.2025 - 10:42
Магілёўскі абласны тэатр лялек запрашае на захапляльную экскурсію
21.04.2025 - 09:40
Гастролі, сумесныя пастаноўкі. Магілёўскі і Уладзімірскі тэатры дамовіліся аб супрацоўніцтве
18.04.2025 - 11:19
Праўда пра генацыд: фільмы «Лагеры смерці» і «Спаленыя вёскі» ў кінатэатры «Радзіма»
17.04.2025 - 12:44
Вясновая карусель спектакляў. Арлоўскі тэатр лялек на Магілёўскай сцэне