RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Фінал абласнога агляду-конкурсу аматарскіх тэатральных калектываў «Удалонях маёй Беларусі» пройдзе ў Магілёве 19 сакавіка

Фінал абласнога агляду-конкурсу аматарскіх тэатральных калектываў «У далонях маёй Беларусі» пройдзе ў абласным цэнтры 19 сакавіка. Прадстаўленне пачнецца ў 17.30 у канцэртнай зале «Магілёў», як паведамілі ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай працы.

У мерапрыемстве прымуць удзел найлепшыя аматарскія тэатральныя калектывы рэгіёна, якія сталі пераможцамі па выніках трох занальных конкурсных праглядаў. Так, тэатр чытальнікаў «Вытокі» УА «Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў» прадставіць літаратурна-тэатралізаваную кампазіцыю «Цёмны лес» і літаратурна-пластычную кампазіцыю па паэме Алеся Казекі «Марыйка». Народны тэатр эстрадных мініяцюр «Штрых» раённага Дома культуры ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Шклоўскага раёна» пакажа ўрывак з п’есы «Лялькі». Урывак са спектакля «Борка» прадэманструе народны тэатр ДУК «Палац мастацтваў г. Бабруйска». Народны тэатр ДУК «Палац культуры вобласці г. Магілёва» падорыць гледачам тэатральную ілюстрацыю паэмы Мікалая Гусоўскага «Песня пра зубра». Узорны тэатр лялек «Паўлінка» Рэдкарожскага сельскага Дома культуры ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Бабруйскага раёна» прывязе ўрывак са спектакля «Як коцік матулю шукаў» па матывах беларускай народнай казкі. Народны тэатр чытальнікаў «Сюжэт» раённага цэнтра культуры ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Магілёўскага раёна» прадставіць літаратурна-музычную кампазіцыю «Хмарка».

Па выніках выступленняў журы вызначыць пераможцаў і ўручыць ім дыпломы I, II, III ступеняў. Таксама прадугледжаны ўзнагароды ў спецыяльных намінацыях: «Найлепшая мужчынская роля», «Найлепшая жаночая роля», «Найлепшы спектакль для дзяцей», «Найлепшы акцёрскі ансамбль», «Найлепшая рэжысёрская пастаноўка». Астатнім фіналістам уручаць дыпломы ўдзельнікаў.

Абласны агляд-конкурс «У далонях маёй Беларусі» праходзіць з 2011 года адзін раз на два гады. У цяперашнім аглядзе-конкурсе прыняў ўдзел 21 разнажанравы аматарскі тэатральны калектыў клубных устаноў і іншых устаноў культуры Магілёўскай вобласці. Мэта творчага спаборніцтва – захаванне і развіццё тэатральных традыцый Прыдняпроўскага краю, актывізацыя дзейнасці аматарскага тэатральнага мастацтва, выяўленне новых творчых калектываў.

Рэд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая