RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Фітачай і свежае паветра: адзіны ў Магілёўскай вобласці санаторый прымае на рэабілітацыю пацыентаў, якія перахварэлі на COVID-19

Санаторый імя К. П. Арлоўскага ў Кіраўскім раёне –адзін з двух у Магілёўскай вобласці, дзе праходзяць рэабілітацыю тыя, хто перахварэў на каранавірусную інфекцыю.

Хоць санаторый з’яўляецца структурным падраздзяленнем сельгаспрадпрыемства «Рассвет», аздараўляюцца тут усе жадаючыя. Канкрэтна статыстыку па пацярпелых ад «кароны» не вядуць, але кожны заезд яны ёсць. Звяртаюцца не толькі пажылыя, але і людзі сярэдняга ўзросту, моладзь.

Дарэчы, многія пенсіянеры атрымліваюць пуцёўку за кошт дзяржавы праз Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва.

Днямі на рэабілітацыю паступіла 70-гадовая магіляўчанка. У жніўні Таццяна Паўлаўна амаль два тыдні праляжала ў бальніцы з каранавіруснайінфекцыяй, і калі лёгкія амаль не пацярпелі, то на фоне перанесенага захворвання далі аб сабе ведаць старыя балячкі.

– Пачалі турбаваць болі ў паясніцы, спіне, шыі, – дзеліцца пенсіянерка, – вельмі моцна нылі каленныя суставы. А апошні час, што для мяне нехарактэрна, падскоквае ціск. Адчувала агульную слабасць, заняпад настрою, таму захацела паправіць здароўе і звярнулася па дапамогу. У санаторыі сустрэлі вельмі добра, персанал ветлівы, урачы ўважлівыя, кормяць смачна. А вось аздараўленчы курс ацаню ў канцы заезду. Спадзяюся, тут мне дапамогуць аднавіцца.

– У першую чаргу ўсе пацыенты, якія перанеслі COVID-19, скардзяцца на фізічную слабасць,– тлумачыць намеснік кіраўніка санаторыя па медыцынскай частцы Уладзімір Кавалеўскі. – Паднімуцца па лесвіцы – і ў іх ужо ныюць мышцы, сіл няма, з’яўляецца дыхавіца. Дадайце да гэтага скаванасць грудной клеткі, рэдкі кашаль. Таксама абвастраюцца існуючыя хваробы: артрозы, астэахандрозы.

Аднаўленне, згодна са спецыяльнай аздараўленчай праграмай, пачынаюць з самага простага: фітачаёў, лячэбнай гімнастыкі, кіслародных кактэйляў, ручнога масажу грудной клеткі і інгаляцый. Потым у ход ідзе артылерыя пацяжэй: сухая вуглякіслая ванна, электрасветалячэнне, лазератэрапія, сеансы ў саляным пакоі, гразевыя і парафінавыя аплікацыі.

– Вельмі важныя прагулкі на свежым паветры,– працягвае Уладзімір Васільевіч. – І ў нас гэта рабіць асабліва прыемна. Санаторый размешчаны ў маляўнічым кутку на месцы былога дваранскага маёнтка фон Гоера на плошчы 29 гектараў.

–У дакавідны час 66 койкамесцаў санаторыя практычна заўсёды былі занятыя. І звыш 60 працэнтаў адпачывальнікаў былі замежнікамі, яны прыязджалі з 16 краін. Пандэмія, вядома, унесла свае карэктывы, але санаторый навучыўся працаваць у новых умовах, –расказала кіраўніца санаторыя Вольга Гаршкова:

– Строга выконваем санітарна-гігіенічныя патрабаванні, арганізавалі дыстанцыяванне, рэгулярна апрацоўваем усе паверхні. Адмовіліся ад амбулаторнага абслугоўвання, а да гэтага жыхары Кіраўскага раёна прыходзілі да нас на працэдуры, але не пражывалі ў санаторыі.

Колькасць дзён знаходжання на аздараўленні вар’іруецца аж да тура выхаднога дня, але суразмоўцы адразу падкрэсліваюць: для дасягнення жаданага эфекту трэба правесці ў іх хоць бы два тыдні, а лепш 18 дзён.

– Лячэнне падбіраецца індывідуальна,– удакладніў Уладзімір Васільевіч. – Даём і рэкамендацыі, як сябе паводзіць пасля выпіскі: працягваць прагулкі, займацца дыхальнай гімнастыкай, прытрымлівацца правільнага харчавання. Ну і выконваць меры бяспекі, бо рызыкі паўторнага захворвання ніхто не адмяняў.

ДАРЭЧЫ

Займацца аднаўленнем здароўя перанеслых каранавірусную пнеўманію будуць і ў Глускім раёне. Абласны дзіцячы цэнтр медыцынскай рэабілітацыі ўжо падрыхтаваў 90 ложкаў для дарослых пацыентаў з усёй Магілёўскай вобласці, як паведаміў яго галоўны ўрач Алег Шурпелеў. Курс лячэння сканцэнтраваны на аднаўленні лёгкіх і разлічаны на 14–18 дзён.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая