RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Форум актывістаў абласнога праекта «#Мая_зямля_Прыдняпроўе» прайшоў у Магілёве

Форум актывістаў абласнога праекта «#Мая_зямля_Прыдняпроўе» сабраў каля 400 дзяцей з усіх куткоў рэгіёна. Узнагароды сёння атрымала 36 устаноў адукацыі з 21 раёна вобласці, а таксама гарадоў Магілёва і Бабруйска, якія прынялі актыўны ўдзел у вывучэнні гісторыі роднага краю.

У якасці ганаровых гасцей у мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Валерый Малашка, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магаблвыканкама Андрэй Заблоцкі, дырэктар Магілёўскага абласнога аддзялення РГА «Беларускі дзіцячы фонд» Ірына Фісюк.

«Гэта ўнікальнае мерапрыемства для вобласці. Мы сёння ў пачатку шляху, але разам з тым адчуваем і бачым, што ідэю праекта падхапілі практычна ўсе ўстановы адукацыі вобласці. Хлопцы і дзяўчаты прарабілі значную працу па вывучэнні знакавых аб’ектаў роднага краю, – падзяліўся меркаваннем Валерый Малашка. – Мы гаворым, магчыма, аб відавочных рэчах – гісторыі сям’і, лістах дзеда з фронту, аб назвах вуліц, на якіх жывём ці на якіх ёсць школы. Мы зноў адкрываем таямніцы гістарычных месцаў, якія ёсць у тых ці іншых населеных пунктах. Аднак, на мой погляд, у гэтым і заключаецца асноўны сэнс. Пазнаванне свету, гісторыі і таго, што акружае нас праз прадметы, блізкія і зразумелыя асобна ўзятаму чалавеку, дае магчымасць адчуць гістарычныя падзеі, эмацыйна ўспрыняць усё тое, што адбывалася на нашай зямлі, чым мы з вамі багатыя, чым мы можам ганарыцца. І ўспомніць усіх тых, хто адстойваў свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.

Прыемна, што пранікліся ідэяй праекта педагогі і змаглі захапіць пошукавай дзейнасцю дзяцей. Увесь вопыт чалавецтва сведчыць пра тое, што толькі пастаянная памяць аб трагедыі і лёсы краін можа прадухіліць страшныя сутыкненні ў будучыні. Кожны з нас павінен разумець гэта, памятаць і перадаваць эстафету памяці новым пакаленням. Упэўнены, што дадзены праект не мае часовых межаў, ён будзе развівацца».

Як расказала намесніца дырэктара турысцка-краязнаўчага кірунку абласнога цэнтра творчасці Наталля Стральцова, адна з галоўных задач праекта – прывіць дзецям любоў да сваёй малой радзімы, дапамагчы ім даведацца пра гісторыю таго краю, дзе яны жывуць і растуць.

«Праект праходзіў на працягу года. Да яго далучыліся ўсе ўстановы адукацыі нашай вобласці: школы, каледжы і нават дзіцячыя сады, – падкрэсліла яна. – Сёння ў Магілёве сабраліся актывісты гэтага праекта – з кожнага раёна прыехала дэлегацыя хлопцаў і дзяўчат, якія праявілі найбольшую актыўнасць і крэатыўнасць у рэалізацыі сваіх ідэй».

Наталля Стральцова адзначыла, што яны атрымалі вялікі водгук ад навучэнцаў, і ўжо сёлета ў праекце будуць прадстаўлены наступныя намінацыі, якія былі абраны самімі дзецьмі.

«Вельмі папулярным стаў чэлендж, дзе маладыя людзі пачыналі пазнаваць сваю радзіму з назвы вуліцы, на якой жывуць. Ім спадабалася ствараць відэаролікі, таму ў далейшым мы вырашылі арганізаваць яшчэ некалькі намінацый, дзе яны змогуць расказаць аб сваім населеным пункце. Прадставіць свае маленькія міні-экскурсіі па тых аб’ектах, якія самі і вызначаць, – адзначыла яна. – Хтосьці будзе расказваць аб культавых аб’ектах, хтосьці аб спартыўных і культурных пабудовах, а хтосьці можа расказаць аб сучасным жыцці горада. Тым самым мы хочам стварыць умовы, каб хлопцы і дзяўчаты вывучалі гісторыю, але так, як гэта бачаць яны. Мы з вамі можам думаць, што гісторыя – гэта толькі гістарычныя аб’екты, якія засталіся ад нашых продкаў, а дзеці бачаць яе зусім па-іншаму. Хтосьці вывучае экалагічныя сцежкі і бачыць у гэтым прыгажосць свайго роднага краю, хтосьці можа звярнуцца да культавых аб’ектаў – так будуць пазначаныя новыя экскурсійныя маршруты.

Сярод самых актыўных удзельнікаў праекта можна назваць Кароўчынскую сярэднюю школу Дрыбінскага раёна. Хлопцы заявілі пра сябе ва ўсіх намінацыях, і іх працы былі вельмі цікавымі. Таксама актыўна ўключыліся ў творчы працэс ўстановы дадатковай адукацыі абласнога цэнтра творчасці.

Мы пастараліся стварыць конкурс, які быў бы цікавы для навучэнцаў усіх аб’яднанняў. Хто захапляецца спортам, той вывучаў спартыўныя збудаванні, хто займаецца ў мастацкіх аддзелах – стваралі паштоўкі, розныя відэаролікі і мультыплікацыйныя фільмы. Усё гэта было прысвечана гісторыі роднага горада.

Узрост удзельнікаў не абмяжоўваўся. Удзел прымалі нават дашкольныя ўстановы. Актыўна яны адгукнуліся на намінацыю «Родны кут вачыма дзяцей». Малыя здзяйснялі свае першыя экскурсіі якраз у межах гэтага праекта і дзяліліся справаздачамі ў сацыяльных сетках. Першымі такія экскурсіі ажыццявілі навучэнцы Кіраўскага раёна.

Гэты праект стаў папулярны дзякуючы таму, што мы далі кірунак і тэму, а формы гэтага вывучэння дзеці выбіралі самі».

У гэты дзень у фае Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці размясцілася 3-D выстава найлепшых работ праекта (буклеты, лэпбукі, пазлы, даведнікі), на якой навучэнцы прадстаўлялі свае праекты ў кожнай намінацыі, працавалі фотазоны. Адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання самых актыўных даследчыкаў Прыдняпроўя, прагучала канцэртная праграма. Таксама для ўдзельнікаў форума была арганізавана экскурсія ў музеі ўстаноў культуры і адукацыі, на прадпрыемствы Магілёва «Бабушкина крынка», «Дамачай», «Магілёўліфтмаш».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая