RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі: Леанід Заяц прапанаваў разгледзець магчымасць прысваення Магілёву звання «Горад вайсковай славы Саюзнай дзяржавы»

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц сёння падчас выступлення на пленарным пасяджэнні VIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі прапанаваў разгледзець магчымасць прысваення Магілёву ганаровага звання «Горад вайсковай славы Саюзнай дзяржавы».  

«Дужыя брацкія сувязі, якія складаліся стагоддзямі паміж нашымі народамі, эканамічныя, культурна-гістарычныя і грамадска-палітычныя адносіны, безумоўна, звязаны з нашай агульнай гераічнай гісторыяй, подзвігамі нашых землякоў, воінаў-вызваліцеляў, – адзначыў Леанід Заяц. – У часу свае законы, але ёсць падзеі, над якімі час не ўладны. Мы разам павінны захаваць і данесці да будучых пакаленняў праўду аб Вялікай Айчыннай вайне – і гэта стане надзейным падмуркам упэўненасці ў нашай праваце і прымусіць задумацца будучага агрэсара, ці варта вырашаць спрэчкі з дапамогай сілы».

Па словах старшыні аблвыканкама, гераічная 23-дзённая абарона Магілёва стала правобразам абароны Сталінграда. Плячом да пляча, у адным акопе змагаліся ўраджэнцы Разанскай, Тульскай, Маскоўскай, Кастрамской абласцей. На абарону Магілёва побач з байцамі Чырвонай арміі стаў практычна кожны яго жыхар. Менавіта пад Магілёвам фашысты канчаткова пераканаліся, што лёгкай прагулкі на нашых землях ім не будзе, што зямля будзе гарэць пад іх нагамі пякельным полымем, а наш адзіны шматнацыянальны народ ніколі не аддасць сваю любімую Радзіму.

«Усе даследчыкі тых гераічных дзён абароны Магілёва ў адзіным парыве адзначаюць, што ўклад горада ў ход ваенных бітваў незаслужана недаацэнены. У часы Савецкага Саюза гарадам з такой гераічнай гісторыяй прысвойвалася ганаровае званне «Горад-герой». Мяркую магчымым у Саюзнай дзяржаве зацвердзіць сваё ганаровае званне – «Горад вайсковай славы Саюзнай дзяржавы». І, абапіраючыся на гістарычныя факты і ацэнкі экспертаў, а таксама ў памяць аб гераічным подзвігу нашых народаў, прапаную разгледзець магчымасць прысваення яго Магілёву», – канстатаваў Леанід Заяц.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая