Фотавыстава аўтарскіх навагодніх паштовак упершыню пройдзе ў Магілёве, расказала арганізатар праекта вядомы магілёўскі фотажурналіст Ірына Савосіна.
Выстава будзе працаваць з 29 лістапада ў Магілёўскім музеі этнаграфіі. «Віншавальная паштоўка ад фатографа, альбо PF, узяла назву ад першых літар французскага словазлучэння «Pour Feliciter», што ў перакладзе азначае «каб павіншаваць», – адзначыла Ірына Савосіна. – Такі творчы фармат – з’ява ўнікальная, ён стаў папулярным сярод прафесійных фатографаў у сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Такія паштоўкі заўсёды рабіліся ўручную і ў адзінкавых экзэмплярах, таму і сталі аб’ектамі калекцыянавання. Яны былі не толькі своеасаблівай творчай справаздачай фатографа за пэўны перыяд, але і аўтарскім падарункам калегам да Новага года».
На выставе ў Магілёве можна будзе ўбачыць амаль 240 работ – вынік творчасці 60 фотамастакоў з 10 краін свету. Характэрна, што гэтыя паштоўкі ствараліся ў розныя гады – з сярэдзіны 1980-х і да 2019-га. Нягледзячы на тое, што выстава прымеркавана да зімовых святаў, сюжэты ў PF не абавязкова звязаныя з Новым годам: на паштоўках можна ўбачыць зусім розныя стылі – аж да фатаграфіі ню.
«Як правіла, у Магілёве выставы PF праводзіліся толькі ў фотаклубах і былі ў якасці падвядзення вынікаў конкурсаў сярод прафесійных фатографаў, – патлумачыла Ірына Савосіна. – Праект такога маштабу для шырокага кола грамадскасці арганізаваны ўпершыню. Менавіта таму мы ўключылі ў спіс выставачных работ як вядомых у савецкі час аўтараў, так і маладых фатографаў. Гэта дасць магчымасць наведвальнікам экспазіцыі не толькі атрымаць эстэтычнае задавальненне, але і пазнаёміцца з гісторыяй фотамастацтва».
Многія PF-паштоўкі ўзятыя з прыватных калекцый. На выставе можна ўбачыць работы вядомага мэтра і аднаго са стваральнікаў магілёўскай школы мастацкай фатаграфіі Зіновія Шэгельмана, ганаровага члена Нацыянальнага саюза фотамастакоў Украіны і найстарэйшага адэскага фатографа Вадзіма Шулекі, легендарнага латвійскага фатографа і кавалера ордэна Трох зорак, найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды Латвіі, Яніса Глейздса, а таксама многіх іншых таленавітых людзей.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
23.04.2025 - 14:33
Магілёў рыхтуецца да святкавання 80-годдзя Вялікай Перамогі (відэа)
23.04.2025 - 10:42
Магілёўскі абласны тэатр лялек запрашае на захапляльную экскурсію
21.04.2025 - 09:40
Гастролі, сумесныя пастаноўкі. Магілёўскі і Уладзімірскі тэатры дамовіліся аб супрацоўніцтве
18.04.2025 - 11:19
Праўда пра генацыд: фільмы «Лагеры смерці» і «Спаленыя вёскі» ў кінатэатры «Радзіма»
17.04.2025 - 12:44
Вясновая карусель спектакляў. Арлоўскі тэатр лялек на Магілёўскай сцэне