RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Фотавыстава «Святлапіс савецкага часу» адкрыецца ў Магілёве

Фотавыстава «Святлапіс савецкага часу» адкрыецца сёння ў Магілёве. Творчае мерапрыемства прымеркавана да 50-гадовага юбілею народнага фотаклуба «Вясёлка», расказалі ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е. Р. Раманава.

У экспазіцыі больш за 40 работ са збораў магілёўскага фотаклуба. Здымкі належаць фотамастаку Юрыю Грыцкевічу. Усе работы выкананы на плёнцы і пераносяць гледача ў 1970–1990 гады. У кадры – будні абласнога цэнтра і яго жыхароў. Майстар захоплена здымаў сваіх дзяцей, рабіў выдатныя рэпартажныя фатаграфіі, асвойваў новыя тэхналогіі апрацоўкі здымкаў, спяшаўся захаваць яркія хуткаплынныя імгненні жыцця.

«Адкрыццё выставы Юрыя Грыцкевіча – сапраўдная ўдача, бо гэтыя фатаграфіі цудоўным чынам былі знойдзены зусім нядаўна, – расказаў яго калега, адзін з самых вядомых фотамайстроў абласнога цэнтра Анатоль Талкачоў. – Чамаданчык ужо з гатовай падборкай аддрукаваных работ для аўтарскай экспазіцыі знайшоў на лецішчы сярод старых рэчаў сваяк фатографа і перадаў іх разам з негатывамі нашаму фотаклубу. Здымкі чакалі свайго гледача некалькі дзесяцігоддзяў. І вось праз столькі часу з’явілася магчымасць паказаць іх шырокаму колу магілёўцаў і гасцей нашага горада».

Па словах Анатоля Талкачова, работы ўяўляюць вялікую цікавасць і каштоўнасць для сучаснікаў, якія змогуць не толькі ўбачыць кадры былой эпохі, але і ацаніць якасць плёнкавай фатаграфіі. «Сёння прафесія фатографа не здаецца чымсьці ўнікальным або звышнатуральным: у кожнага ў руках мабільны тэлефон з камерай, з дапамогай якой можна лёгка захаваць любы момант свайго жыцця, – адзначыў Анатоль Талкачоў. – Усё стала нашмат прасцей – і гэта добра. А вось у савецкі час для стварэння здымкаў выкарыстоўваліся зусім іншыя тэхналогіі, а самога майстра фатаграфіі ўспрымалі як нейкага чараўніка. Ён павінен быў не толькі ўмець выставіць кадр, але і валодаць асновамі фатаграфічнай хіміі: разумець, як зрабіць раствор з рэагентаў для праяўлення фатаграфіі. Гэта вельмі працаёмкі працэс».

Юрый Грыцкевіч быў адным з яркіх прадстаўнікоў магілёўскай школы фатаграфіі. Захопленасць фотамастацтвам перадалася яму ад бацькі, які здымаў велізарнай камерай на трыножку. Актыўная творчая дзейнасць Юрыя Грыцкевіча пачалася ў фотакінаклубе «Вясёлка», куды ён прыйшоў у 1976 годзе. Ён тройчы абіраўся старшынёй праўлення фотакінаклуба, удзельнічаў у розных выставах, пленэрах і семінарах, узнагароджваўся дыпломамі і прызамі. У 1985 годзе фатограф стаў лаўрэатам Усесаюзнага конкурсу народнай творчасці ў Маскве. Яго работы экспанаваліся на многіх фотасалонах свету. Персанальная выстава Юрыя Грыцкевіча адбылася ў Магілёве ў 1986 годзе.

Фотавыстава «Святлапіс савецкага часу» адкрыецца ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е. Р. Раманава 7 кастрычніка ў 16.00.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая