Рус Бел Eng 中文

Фрагменты рухавіка з нумарам савецкага бамбавіка знойдзены ў Клічаўскім раёне

У Клічаўскім раёне ў балотным масіве каля вёскі Рагі пачата поўнамаштабная экспедыцыя па ўзняцці бамбавіка Іл-4, які не вярнуўся з баявога задання ў кастрычніку 1943 года.

У работах прымаюць удзел пошукавікі магілёўскага клуба «Віккру» і навучэнцы Клічаўскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, задзейнічана спецтэхніка. У першай палове дня ўжо ўдалося дастаць з зямлі сотні фрагментаў ваеннага самалёта, у тым ліку і самае галоўнае – элемент галоўкі блока цыліндраў з нумарам. Гэта дазволіць пацвердзіць імёны экіпажа і выкананае ім баявое заданне.

Фрагмент рухавіка знайшоў навучэнец другога курса каледжа Данііл Чысцякоў, які ўпершыню прымае ўдзел у такім мерапрыемстве. «Мы дакранаемся да жывой гісторыі, дапамагаем аднавіць памяць пра герояў мінулай вайны, іх мужнасць і гераізм», – адзначыў ён.

Удзельнікі пошукавай аперацыі ў літаральным сэнсе перабіраюць тоны зямлі ўласнымі рукамі, каб адшукаць усе фрагменты. Іх прамываюць і раскладваюць, вызначаюць прыналежнасць. Галоўны эксперт у гэтай справе – член пошукавага клуба «Віккру» Віталь Масольд. Ён выпускнік Чалябінскага вышэйшага ваеннага авіяцыйнага Чырванасцяжнага вучылішча штурманаў. «Вось, напрыклад, вельмі каштоўная знаходка – штурманскі прыбор, – адзначае Віталь. – Мяркуючы па ўсім, гэта авіяцыйны прыцэл. І ён можа заняць годнае месца ў любым музеі. Але для нас, вядома, не гэта галоўнае. Галоўнае – устанавіць імёны герояў, каб аб іх подзвігу памяталі, каб стала яшчэ менш белых плям у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны».

Знайсці месца падзення баявога борта пошукавікам дапамаглі мясцовыя жыхары, якія ў ноч з 12 на 13 кастрычніка 1943 года бачылі паветраны бой. У тую ноч нямецкія знішчальнікі атакавалі савецкі самалёт. Тады ж на мясцовых могілках пахавалі камандзіра і паветранага стралка, якія спрабавалі прызямліцца на парашутах. Выжыць удалося толькі штурману, ён вярнуўся ў полк і расказаў пра гібель бамбавіка.

Таксама вядома, што радыст, забіты ў паветры, упаў разам з самалётам у лясное балота. «Нумар рухавіка знойдзены, і мы амаль з поўнай упэўненасцю можам пацвердзіць наяўную інфармацыю па экіпажы, – сказаў кіраўнік клуба «Віккру» Мікалай Барысенка. – Цяпер мы сканцэнтруем сваю ўвагу на пошуках астанкаў 21-гадовага радыста Аляксея Ганчарэнкі з Сумскай вобласці Украіны».

Калі яго астанкі будуць знойдзены, то іх з ушанаваннем перапахаваюць у брацкай магіле з баявымі таварышамі. Пошукі працягнуцца 12 чэрвеня.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая