RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Галіна жывёлагадоўлі з’яўляецца лакаматывам эканомікі любой сельскагаспадарчай арганізацыі – Мікалай Кароцін

Галіна жывёлагадоўлі заўсёды з’яўлялася лакаматывам эканомікі любой арганізацыі, звязанай з сельскагаспадарчай вытворчасцю. На гэта звярнуў увагу першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Мікалай Кароцін падчас ушанавання найлепшых жывёлаводаў рэгіёна па выніках працы ў 2018 годзе.

Аграпрамысловы комплекс Прыдняпроўскага краю ў мінулым годзе працаваў не толькі ў складаных пагодна-кліматычных умовах, але і ва ўмовах вострага дэфіцыту абаротных, у тым ліку бюджэтных сродкаў, скарачэння аб’ёмаў ільготнага дырэктыўнага крэдытавання, падкрэсліў Мікалай Кароцін. Аднак асноўную задачу – забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання – аграрыі вобласці выканалі ў поўным аб’ёме. І хоць паказчыкі ў нарошчванні жывёлагадоўчай прадукцыі сціплыя, але і яны ўнеслі сваю лепту ў рэспубліканскі харчовы кошык.

Па выніках працы за 2018 год у Магілёўскай вобласці выраблена 689,2 тыс. т малака, 62,8 тыс. т мяса буйной рагатай жывёлы, 27,6 тыс. т мяса свіней, 115,2 тыс. т мяса птушкі, 254,3 млн. штук яек. На 1 студзеня бягучага года ў сельскагаспадарчых арганізацыях рэгіёна налічвалася 529,3 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, 214,1 тыс. свіней, 7,4 млн. галоў птушкі.

Мікалай Кароцін дадаў, што гадавая малочная прадукцыйнасць кароў у 2018 годзе склала 4037 кг малака. Традыцыйна лідзіраваў па гэтым паказчыку сярод раёнаў Кіраўскі – 5605 кг, што адпавядае 22 месцу ў турнірнай табліцы сярод 118 раёнаў краіны. Далей ідуць сельгасарганізацыі Шклоўскага раёна – 5354 кг. Трэцяе месца займаюць аграрыі Магілёўскага раёна з гадавым удоем на адну карову – 5133 кг малака.

У межах маштабнай мадэрнізацыі малочнай жывёлагадоўлі ў Магілёўскай вобласці пабудавана 170 высокатэхналагічных малочна-таварных ферм, дзе сёння вырабляецца 70% малака рэгіёна. Гэта сучасныя, камп’ютарызаваныя комплексы, дзе ўвесь вытворчы працэс дакладна арганізуецца і адсочваецца. У якасці прыкладаў вытворчасці малака з высокім тэхналагічным узроўнем Мікалай Кароцін прывёў ААТ «Магілёўскі Лянок» і ЗАТ «Агракамбінат «Зара»» Магілёўскага раёна, СВК «Калгас «Радзіма»» Бялыніцкага раёна, ААТ «Рассвет імя К. П. Арлоўскага» Кіраўскага раёна, УКСП «Саўгас «Добраахвотнік»» Клічаўскага раёна, філіял «Цэмагра» Касцюковіцкага раёна і філіял «Белшына-Агра» ААТ «Белшына» Асіповіцкага раёна.

У мінулым годзе на Магілёўшчыне працягнулася работа па мадэрнізацыі малочна-таварных ферм, пабудаваны тры высокатэхналагічныя малочна-таварныя комплексы, якія дазволяць забяспечыць рост аб’ёмаў таварнай прадукцыі, прыбытку і рэнтабельнасці продажаў.

У межах рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у жывёлагадоўлі і ў мэтах нарошчвання вытворчасці свініны, колькасці свінапагалоўя ў 2018 годзе ў рэгіёне вялося будаўніцтва двух свінагадоўчых комплексаў са скончаным цыклам у Бялыніцкім і Слаўгарадскім раёнах. Сёння названыя работы знаходзяцца на завяршальным этапе, паведаміў Мікалай Кароцін.

У аснове поспеху ў жывёлагадоўлі ляжыць шмат фактараў, але найважнейшым з іх застаюцца кадры, падкрэсліў першы намеснік старшыні. У галіне жывёлагадоўлі Магілёўскай вобласці занята больш за 16 тыс. работнікаў. У 2019 годзе перад імі пастаўлены напружаныя задачы па валавым прыбаўленні ў вазе, надоях, прадукцыйнасці сельскагаспадарчых жывёл. Для забеспячэння высокаэфектыўнай вытворчасці малака і мяса, росту аб’ёмаў выручкі за рэалізаваную жывёлагадоўчую прадукцыю, забеспячэння годнай заработнай платы на вёсцы неабходна вырабіць 718,3 тыс. т малака (тэмп 104%), 70 тыс. т мяса буйной рагатай жывёлы (107,2%), 26,1 тыс. т мяса свіней (95%),116,5 тыс. т мяса птушкі (101,3%), 272 млн. штук яек (107%), надой на карову павінен узрасці да 4222 кг (+185 кг).

Мікалай Кароцін падзякаваў жывёлагадоўлі за працоўныя подзвігі і пажадаў, каб наступны сельскагаспадарчы сезон быў паспяховым, а планы рэалізаваліся.

Ушанаванне найлепшых жывёлаводаў рэгіёна па выніках працы ў 2018 годзе адбылося сёння ў Палацы культуры вобласці. Мерапрыемства прайшло ў межах рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод», якая трэці год запар праводзіцца Беларускім прафсаюзам работнікаў аграпрамысловага комплексу сумесна з Мінсельгасхарчам. Мэта праекта – пабываць на малочна-таварных фермах, сустрэцца з калектывамі, абмеркаваць актуальныя пытанні, уручыць дыпломы, падарункі за старанную працу, вялікі ўклад у развіццё жывёлагадоўлі, стварэнне належных умоў працы. Мерапрыемствы акцыі да красавіка праходзяць у кожным раёне Магілёўшчыны.

На ўшанаванне было запрошана каля 170 работнікаў ферм – заатэхнікі, ветэрынарныя ўрачы, загадчыкі малочна-таварных фермаў і комплексаў, аператары па штучным асемяненні жывёл, аператары машыннага даення, скотнікі і цялятніцы, спецыялісты птушкагадоўчай і свінагадоўчай галін.

Цёплыя словах віншаванняў жывёлаводам адрасавалі намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло, старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Лабушаў, першы намеснік старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Алена Шыбут, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Віктар Гейдэль. Яны ўручылі найлепшым працаўнікам жывёлагадоўчай галіны ганаровыя граматы і падзякі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая