RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Галоўны ўрач Асіповіцкай ЦРБ Павел Шаціла: «Узаемная адказнасць – галоўныя пакуль лекі супраць каранавіруса»

Эпідэміялагічная сітуацыя абвастраецца, але да чэрвеньскага піка захворвання яшчэ далёка. Вось як абмаляваў сітуацыю з COVID-19 у раёне галоўны ўрач Асіповіцкай ЦРБ Павел Шаціла:

– У студзені гэтага года ўведзены ў эксплуатацыю новы корпус бальніцы, таму нам удалося справіцца з наплывам пацыентаў падчас першай хвалі COVID-19. Будынак праектаваўся так, каб на момант надзвычайных сітуацый былі дадатковыя плошчы і ложкі. Гэта вельмі спатрэбілася, калі бальніцу дзялілі на чыстую і брудную зоны, каб не змешваць патокі пацыентаў.

Хоць прыпынілі планавыя аперацыі, але ж інсульты, траўмы, апендыцыты ніхто не адмяняў. Некалькі аддзяленняў перапрафілявалі пад інфекцыйныя, а хірургі, гінеколагі і іншыя ўрачы станавіліся інфекцыяністамі. Дзякуючы мадэрнізацыі ўсталявалі 74 кіслародныя кропкі, ад кожнай рабілі разводку на два пацыенты. Па еўрапейскіх мерках такой колькасці павінна хапаць з лішкам.

– Ёсць сямітонны кіслародны газіфікатар, магутнасцяў якога ў пік захворвання хапала на два тыдні, – працягвае галоўны ўрач. – Асаблівасць хворых на каранавірус у тым, што, паступаючы ў здавальняльным стане, ужо на наступны дзень яны востра могуць мець патрэбу ў кіслароднай падтрымцы. Нашы новыя рэанімацыйныя таксама спраўляліся з патокам пацыентаў.

І яшчэ важкая падтрымка для аператыўнасці прымаемых рашэнняў – новыя магчымасці дыягнастычнай лабараторыі. Аналіз на пракальцытанін падказвае ўрачам, ці мае патрэбу пацыент у антыбіётыку, а аналіз кіслотна-шчолачнага стану, які сведчыць аб насычэнні крыві кіслародам, дапамагае своечасова пераводзіць пацыента на штучную вентыляцыю лёгкіх.

Асіповіцкі раён, нагадаем, быў адным з першых у Магілёўскай вобласці, дзе ў пацыентаў дыягнаставалі каранавірус. З самых першых дзён урачоў кансультавалі калегі з абласной клінічнай бальніцы і Міністэрства аховы здароўя, рэгулярна прыязджалі брыгады рэаніматолагаў, інфекцыяністаў, пульманолагаў, якія праводзілі сумесны абход пацыентаў. Таксама былі распрацаваны спецыяльныя пратаколы, як дзейнічаць у кожным канкрэтным выпадку.

Інакш кажучы, алгарытм аказання медыцынскай дапамогі пры каранавірусе на сёння выразна адпрацаваны. Але і ад саміх людзей будзе залежаць нагрузка на бальніцы, а значыць, эфектыўнасць лячэння, як лічыць Павел Шаціла:

– Ужо ў жніўні, можна сказаць, вірус адступіў, мы вярнуліся да звычайнага рэжыму працы, пакінуўшы задзейнічаным інфекцыйнае аддзяленне на 15 ложкаў. Пра тое, што ідзе другая хваля, папярэджвалі і СААЗ і Міністэрства аховы здароўя. Паводле прагнозаў спецыялістаў, пандэмія пратрымаецца года паўтара, пакуль не выпрацуецца калектыўны імунітэт. Але людзі павінны выконваць неабходныя меры бяспекі. Перш за ўсё дыстанцыяванне. Зайдзіце ў магазін: што ўбачыце? Людзі без масак, тоўпяцца, дыстанцыю захоўваць не спяшаюцца. Трэба разумець, што вялікая колькасць заражоных – гэта павышаная нагрузка на медустановы. Пры першых сімптомах трэба выклікаць урача або звяртацца ў фільтр-боксы паліклінік. Тое, што вы пойдзеце хворым на працу і заразіце таварышаў па службе, наўрад ці будзе на карысць эканоміцы вашага прадпрыемства. Галоўная зброя ў барацьбе з каранавірусам – узаемная адказнасць.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая