RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Галоўны ўрач Магілёўскага абласнога анкадыспансера: спакой – найлепшы саюзнік у барацьбе з распаўсюджваннем інфекцыі

На працягу ўсёй сваёй гісторыі людзі перажывалі вайны, прыродныя і тэхнагенныя катаклізмы, пандэміі. Сёння мы змагаемся з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі. І гэты ўдар трэба трымаць без панікі, псіхозу і інфармацыйных правакацый. Такое меркаванне выказаў галоўны ўрач Магілёўскага абласнога анкалагічнага дыспансера Сяргей Батоўскі.

«У гэты складаны для ўсёй сусветнай супольнасці перыяд спакой – найлепшы саюзнік у барацьбе з распаўсюджваннем інфекцыі, – адзначыў Сяргей Батоўскі,– таму што большасць здагадак і ажыятажу з прычыны таго, што, паддаўшыся паніцы, людзі перастаюць разумець і аналізаваць тое, што адбываецца. І, горш за тое, пачынаюць свабодна інтэрпрэтаваць сумнеўныя крыніцы інфармацыі, якія часта не нясуць адказнасці за апублікаваныя матэрыялы».

Галоўны ўрач падкрэсліў, што абласны анкалагічны дыспансер сёння працуе ў штатным рэжыме – лячэнне анкалагічных хворых працягваецца. Абмежаванні датычацца толькі дыспансерызацыі, правядзення планавых абследаванняў і неанкалагічных аперацый, якія можна адкласці без наступстваў для здароўя пацыента. Плюс да ўсяго – ва ўстанове строга выконваецца адпаведны санітарна-эпідэміялагічны рэжым.

«Выпадкаў захворвання ў нас няма, аднак мы ўжо прымалі пацыентаў, якія кантактавалі з носьбітамі COVID-19, – удакладніў ён. –Пры гэтым былі прынятыя ўсе меры бяспекі для персаналу і нашых пацыентаў. Нашы работнікі цалкам экіпіяваныя і ставяцца з разуменнем да сітуацыі, якая склалася, выконваючы ўсе неабходныя патрабаванні. У своечасовай медыцынскай дапамозе ў нашай установе ніхто не адмаўляў.

Сяргей Батоўскі таксама адзначыў, наколькі грамадства згуртавалася і кансалідавала сілы на падтрымку сістэмы аховы здароўя. «У нашай дзяржаве медыцыне заўсёды надавалася належная ўвага, – падкрэсліў ён. – І сёння ўдвая прыемна, што праца сістэмы аховы здароўя атрымлівае годную ацэнку з боку людзей. Словы падзякі на адрас работнікаў медустаноў гучаць значна часцей, і гэта нас натхняе».

Немалаважны і матэрыяльны бок пытання. За апошні час ва ўстанову звярнулася некалькі прыватных і дзяржаўных арганізацый з прапановамі аказаць бясплатную дапамогу на закупку сродкаў дэзынфекцыі, сродкаў індывідуальнай абароны і інш.

«Для таго каб перамагчы хваробу, у Беларусі робіцца ўсё магчымае, – упэўнены суразмоўца. – Задача медыкаў – выразна і зладжана выконваць сваю працу, задача людзей – заставацца спакойнымі і выконваць правілы асабістай гігіены. Самае галоўнае сёння – перапыніць ланцужок захворванняў, а для дасягнення гэтай мэты ў нашых медыкаў ёсць усе сілы і сродкі».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая