RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Гран-пры «Магілёўскіх найгрышаў» заваявала навучэнка Магілёўскай гімназіі-каледжа Паліна Сініца

Магілёўская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў імя Яўгена Глебава з 16 па 21 сакавіка цешыла жыхароў горада на Дняпры разнастайнымі культурнымі мерапрыемствамі ў межах штогадовага фестывалю «Дні Магілёўскага баяна і акардэона». Пра гэта паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце спецыяльнага цыкла Наталля Алісеева.

Фэст уключаў канцэрты навучэнцаў гімназіі-каледжа і розных навучальных устаноў абласнога цэнтра, інструментальнага ансамбля з Наваполацка «Свая ігра», дуэта з Мінска «AKS duo». Фінальным акордам гэтага яркага свята стаў III Міжнародны конкурс выканаўцаў на баяне і акардэоне «Магілёўскія найгрышы – 2021».

За тры гады існавання яго даведаліся і палюбілі не толькі ў нашай краіне, але і далёка за межамі. Удзельнікамі выступалі прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Сербіі. Упершыню сёлета далучыліся юныя музыканты з Балгарыі. Больш за трыста выканаўцаў змагаліся за перамогу ў трох намінацыях: «Салісты» (баян, акардэон), «Ансамблі», «Аркестры». Характэрна, што намінацыя «Аркестры» з’явілася толькі сёлета, але ў творчым спаборніцтве ўжо ўдзельнічала 19 аркестравых калектываў з 5 краін.

У ліку членаў журы былі высокапрафесійныя спецыялісты з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі і Літвы. Старшыня – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, лаўрэат міжнародных конкурсаў, старшыня Асацыяцыі беларускіх баяністаў і акардэаністаў, прафесар установы адукацыі «Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі» Мікалай Сеўрукоў.

Удзел у конкурсе быў вочным і завочным – замежныя ўдзельнікі і тыя выканаўцы хто, не змог прыехаць, даслалі відэазапісы выступленняў. На «жывыя» конкурсныя праслухоўванні прыехала моладзь з Бабруйска, Віцебска, Гомеля, Мінска, Магілёва, Рагачова, Рэчыцы. Вялася прамая трансляцыя на YouTube-канале гімназіі-каледжа, што стварала эфект прысутнасці ў канцэртнай зале і давала магчымасць усім удзельнікам конкурсу паслухаць сапернікаў.

Гран-пры заваявала навучэнка 3 курса Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Я. Глебава Паліна Сініца (выкладчык Алена Дарашэнка). Таксама выхаванцы гімназіі-каледжа ўдастоены 8 дыпломаў I ступені – Аліса Мартынава, Аляксандра Качанава, Кацярына Грашчанка, Ульяна Астанковіч, Лізавета Туз, Мацвей Круцікаў, ансамбль Аляксандра Качанава і Кацярына Грашчанка, узорны аркестр баяністаў і акардэаністаў; 5 дыпломаў II ступені – Ларыса Філіпчанка, Марына Малхасян, Марыя Дземяшкевіч, ансамбль Аліса Мартынава і Дзяніс Францікаў, узорны аркестр народных інструментаў; 6 дыпломаў III ступені – Аміра Мірзаева, Кацярына Міхалькова, Аляксандр Дземяшкевіч, ансамбль Аміра Міразаева і Данііл Прусаў, ансамбль Марыя Малхасян і Віктар Крушанаў, Ансамбль «Фіеста»; дыпламантамі сталі Іван Ланец і Марыя Сілуціна.

Гаспадарам заўсёды прыемна чуць словы падзякі ад гасцей і ўдзельнікаў конкурсу, а калі іх гавораць члены журы, то прыемна ўдвая. «Дзякуй усяму аргкамітэту конкурсу «Магілёўскія найгрышы» за выдатную арганізацыю такога мерапрыемства. Асаблівая падзяка ідэйнаму натхняльніку Веры Грашчанка (старшыня ЦК народныя інструменты) за яе ўвагу і адказы на ўсе нашы пытанні. Усе новаўвядзенні ўдаліся на славу – будзем браць з вас прыклад! Вельмі прыемна бачыць, што ў наш віртуальны час у моладзі застаецца цікавасць да тонкасці душы і ўменне карпатліва працаваць. Усім удачы і новых здзяйсненняў!», – падкрэсліла член журы, старшыня Латвійскай асацыяцыі акардэаністаў, магістр музыкі Таццяна Саратава (Латвія, г. Даўгаўпілс).

Рэд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая