RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ігар Марзалюк: без разумення, што такое краіна і як яна развівалася, народ страчвае сваю ідэнтычнасць

Без разумення, што такое краіна і як яна развівалася, народ страчвае сваю ідэнтычнасць. Аб гэтым у час выязнога семінара Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу на тэму «Рэспубліка Беларусь: ад вытокаў да сучаснасці» заявіў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Ігар Марзалюк.

«Сёння мы гаворым аб тым шляху, праз які прайшла Беларусь, становячыся сучаснай дзяржавай. Так, беларуская дзяржава і парламентарыі падкрэсліваюць важнасць гістарычнай традыцыі і падзей. Бо калі няма асновы, разумення, што такое Беларусь і чаму яна сёння з'яўляецца суверэннай і незалежнай краінай, то мы страчваем сваю ідэнтычнасць. Таму сёння мы якраз акцэнтуем увагу на тых традыцыях, якія ўвасоблены ў сучасным беларускім дзяржаўным ладзе», - сказаў Ігар Марзалюк.

Паводле яго слоў, гісторыя дзяржаўнасці - гэта заўсёды адказ на некалькі фундаментальных пытанняў: адкуль мы; чаму мы такія, якія ёсць; якая наша стратэгія развіцця на будучыню; з кім нам сябраваць і як выбудоўваць гэтыя адносіны; а таксама што самае важнае мы павінны пакінуць ад продкаў.

«Хачу расказаць аб фарміраванні Вялікага Княства Літоўскага як гістарычнай формы беларускай дзяржаўнасці і аб тым, як фарміравалася беларуская гістарыяграфія. Тут важна паказаць, што гэты погляд быў характэрным для ўсходнеславянскай гістарыяграфіі 19-га стагоддзя, што ВКЛ - гэта другі цэнтр аб'яднання ўсходніх славян. Адзначу, што такім ён успрымаўся яшчэ ў Маскве ў 16-17-м стагоддзях. Акрамя таго, важна згадаць імёны і прозвішчы, якія паўплывалі на развіццё нашай краіны, расказаць, як адбывалася станаўленне Беларусі ў часе і прасторы. Акрамя таго, важна акцэнтаваць увагу, што многія міфы, у тым ліку аб тым, што мы нешта прыдумляем, грунтуюцца на абсалютна фальшывых падыходах. Такім чынам мы паказваем наша бачанне ВКЛ з пункту гледжання сучаснай беларускай нацыі», - адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў.

Ён таксама дадаў, што ў час выступлення раскажа аб вялікіх здабытках і стратах, якія былі ў ВКЛ, у прыватнасці, пасля таго, як гэтыя землі аб'ядналіся з Польшчай у Рэч Паспалітую.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая