Дзень беларускага пісьменства звяртае жыхароў краіны да вытокаў роднай мовы і культуры. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся намеснік прэм’ер-міністра і кіраўнік аргкамітэта Ігар Петрышэнка падчас пасяджэння нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах.
«Дзень беларускага пісьменства звяртае нас да вытокаў роднай мовы і культуры. Наш зямляк Францыск Скарына надрукаваў першую кнігу на беларускай мове. Гэта наша гісторыя і спадчына, якімі мы ганарымся, – адзначыў Ігар Петрышэнка. – Дзень пісьменства дазваляе папулярызаваць беларускую мову сярод людзей. У нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы і яны для нас раўнацэнныя».
Паводле слоў віцэ-прэм’ера, на фестываль, які кожны год праходзіць у розных кутках краіны, з’язджаюцца пісьменнікі не толькі з Беларусі, але і найбліжэйшых краін. «Гэта свята – выдатная дыскусійная пляцоўка, дзе пісьменнікі і дзеячы культуры розных краін абменьваюцца вопытам, знаходзяць новыя і цікавыя шляхі далейшага развіцця. Беларускія пісьменнікі працягваюць пісаць цікавыя творы, актуальныя як для дарослых, так і для моладзі не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. З боку дзяржавы нашым творчым людзям аказваецца сур’ёзная падтрымка», – падкрэсліў Ігар Петрышэнка.
Магілёўская вобласць чацвёртым разам прымае рэспубліканскае свята. З 2019 года ў Бялынічах ідуць падрыхтоўчыя працы – за гэты час тут адрамантавалі плошчы і цэнтральныя вуліцы, прывялі ў парадак парк, аднавілі будынак раённага мастацкага музея імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі. Як расказаў старшыня Бялыніцкага райвыканкама Васіль Захаранка, цяпер працы ў горадзе падыходзяць да завяршэння.
«Асноўныя аб’екты ўжо практычна завершаны, – адзначыў старшыня райвыканкама. – Цяпер усё дашліфоўваем. Выдатна, што ў нашай краіне да значных падзей па чарзе добраўпарадкоўваюць населеныя пункты і райцэнтры. І гэта добра відаць на прыкладзе Бялынічаў. У горадзе амаль цалкам завяршылі капітальны і бягучы рамонт жылля, замянілі інжынерныя сеткі, зрабілі дарогі, добраўпарадкавалі двары і прылеглыя тэрыторыі. Аднавілі будынак музея – ад старога застаўся толькі падмурак. Наш кінатэатр стаў мультымедыйным цэнтрам – тут у людзей ёсць магчымасць не толькі паглядзець актуальныя фільмы, але і зайсці ў бібліятэку, выйсці ў Інтэрнэт, атрымаць усю неабходную інфармацыю. А парк стаў сапраўдным цэнтрам прыцягнення для нашых жыхароў. Пасля завяршэння Дня пісьменства нам застанецца абноўлены і больш камфортны горад».
Падчас выязнога пасяджэння прадстаўнікі аргкамітэта азнаёміліся з падрыхтаванасцю горада да свята. Ігар Петрышэнка даў станоўчую ацэнку праведзеным работам. «Сёння мы ўбачылі, якую вялікую працу прарабілі тут. Я ўпэўнены, што Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах пройдзе на высокім арганізацыйным узроўні і будзе цікавы нашым гасцям, для якіх мы падрыхтавалі насычаную і разнастайную праграму».
Дзень беларускага пісьменства заснаваны ў 1994 годзе і адзначаецца ў першую нядзелю верасня. Ён праводзіцца для папулярызацыі найлепшых традыцый нацыянальнай культуры, друкаванага слова, духоўнасці беларускага народа. Праходзіць у гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. Сёлета вялікі рэспубліканскі фестываль Бялынічы прымаюць 6 верасня.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
22.04.2025 - 16:35
18.04.2025 - 20:26
18.04.2025 - 09:11
16.04.2025 - 15:15