RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ігар Петрышэнка: лейтматывам «Купалля» ў Александрыі павінна стаць захаванне гістарычнай памяці

Лейтматывам «Купалля» ў Александрыі павінна стаць захаванне нашай гістарычнай памяці. Пра гэта заявіў сёння намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка падчас пасяджэння пастаянна дзеючага рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па правядзенні свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»).

«Людзі павінны зірнуць па-новаму на «Купалле». Галоўная задача, якая стаіць перад намі, – захаванне духу свята, яго непаўторнага каларыту і душэўнасці. Лейтматывам фестывалю гэтага года павінна стаць ідэя захавання гістарычнай памяці, традыцый, нашай нацыянальнай самабытнасці, – падкрэсліў Ігар Петрышэнка. – Як і заўсёды, асноўная ўстаноўка для арганізатараў – прадумаць усё да дробязяў, ні адна дэталь не павінна быць упушчана. Асаблівую ўвагу трэба надаць працы ўсіх службаў, якія павінны прадугледжваць і папярэджваць магчымыя пазаштатныя сітуацыі і аператыўна вырашаць пытанні, якія ўзнікаюць».

Як адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, сёлета свята ў Александрыі захавае традыцыйныя пляцоўкі, аднак некаторыя з іх зведалі сур’ёзныя змены. Да прыкладу, ужо ля ўвахода на фестывальную пляцоўку госці свята змогуць набыць для сябе і сваіх родных футболкі і бейсболкі ад «Мерч першага». Крыху далей будзе аформлена традыцыйная выстава сельскагаспадарчай тэхнікі. Аднак гэтым разам яе вырашылі дапоўніць навінкамі ад Geely.

Сёлета ў Александрыю прыедуць прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў краіны. Кожная вобласць тэматычна аформіць свой падворак, прадставіць невялікія тэатралізацыі і інтэрактывы. Гэта дапаможа не толькі даведацца, чым багатая тая ці іншая вобласць краіны, але і пазнаёміцца з іх культурнай спадчынай.

Па словах Валерыя Малашкі, сур’ёзныя змены закранулі фальклорную пляцоўку. «Яна будзе размяшчацца ў суседстве з асноўнай сцэнай. Гэту пляцоўку мы назвалі «Кола жыцця». У цэнтры будзе ўсталяваны сімвалічны слуп з колам, які дзеліць пляцоўку на 4 часткі. Кожная з абласцей будзе прадстаўляць тут народныя святы ўсіх часоў года. Усе пляцоўкі будуць тэматычна аформлены і напоўнены цікавымі дзеяннямі, – расказаў ён. – Магілёўская вобласць будзе прадстаўляць святы летняга перыяду».

Горад майстроў, кірмашы, творчыя праграмы на малой сцэне, вялікі гала-канцэрт, свята цырка, кантактны заапарк, выставы-продажы – усё гэта па традыцыі будзе арганізавана для гасцей «Купалля» ў Александрыі.

Сёлета свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») пройдзе ў Шклоўскім раёне 9 ліпеня.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая