RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ігар Петрышэнка: на самую высокую планку ў гарадах і пасёлках выходзяць стандарты, звязаныя са здароўем нацыі

На самую высокую планку ў гарадах і пасёлках выходзяць стандарты, звязаныя са здароўем нацыі. Такое меркаванне выказаў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка ў Бабруйску падчас выязнога пасяджэння міжведамаснага савета па фарміраванні здаровага ладу жыцця пры Савеце Міністраў. Дэлегацыя наведала два буйныя прадпрыемствы – «Бабруйскаграмаш» і «Чырвоны харчавік», дзе азнаёмілася са створанымі для супрацоўнікаў умовамі працы, адпачынку, вольнага часу.

Яшчэ ў 2019 годзе ў межах дзяржаўнай праграмы «Здароўе і дэмаграфічная бяспека краіны» па даручэнні кіраўніка дзяржавы стартаваў праект «Здаровыя гарады і пасёлкі». Сёння ў ім 195 населеных пунктаў. Толькі за апошняе паўгоддзе спіс поўніў 41 удзельнік. На думку Ігара Петрышэнкі, гэта вельмі добрыя паказчыкі:

– Вельмі важна, што не толькі ўлада, дзяржава, але і ўсё грамадства актыўна ўключылася ў рэалізацыю гэтага праекта. Гэта ў першую чаргу фарміраванне адпаведнай інфраструктуры, культываванне здаровага ладу жыцця. На прыкладзе Бабруйска мы бачым, як удасканальваецца інфраструктура горада: для заняткаў фізічнай культурай і спортам, актыўным ладам жыцця. Каб жыхары ад малога да вялікага сапраўды займаліся ўласным здароўем.

Са здаровага падыходу да свайго ладу жыцця, акцэнтаваў увагу Ігар Петрышэнка, і складаюцца здаровыя гарады і пасёлкі:

– Канчатковая мэта – стварэнне камфортнага асяроддзя як для пражывання, так і для творчасці, заняткаў спортам. Каб чалавек адчуваў у поўнай меры рэалізацыю сваіх патрэбаў менавіта ў тым ці іншым населеным пункце, а інфраструктура і іншыя складнікі былі накіраваны на тое, каб чалавек сказаў: я тут самарэалізуюся, буду жыць і працаваць.

У плане арганізацыі бяспечных умоў працы і адпачынку для супрацоўнікаў паказальны прыклад працы ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу “Бабруйскаграмаш”», дзе пабывала дэлегацыя. Паводле інфармацыі дырэктара Віктара Філатава, на заводзе ёсць свой медыцынскі кабінет, работнікі ўдзельнічаюць у праграме добраахвотнага медыцынскага страхавання, на якую ў год вылучаецца 195 тысяч рублёў, аздараўляюцца ў санаторыях. Акрамя гэтага, год таму, дзякуючы Прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу за дасягненні ў аматарскіх чэмпіянатах, на тэрыторыі завода пабудавалі стадыён па міні-футболе. Ён карыстаецца вялікай папулярнасцю. Яшчэ адзін цікавы падыход у плане культывацыі ЗЛЖ – прадастаўленне растэрміноўкі на куплю спортінвентара – веласіпедаў, самакатаў. Намеснік прэм’ер-міністра прапанаваў мадэль «Бабруйскаграмаша» паказаць, маштабаваць на іншыя заводы:

– Прадпрыемства з’яўляецца флагманам ў арганізацыі адпаведнага працэсу здаровых і бяспечных умоў працы, выключэння рознага роду парушэнняў працоўнай дысцыпліны. На «Бабруйскаграмашы» наглядна пераканаліся, як, пачынаючы ад дыспансерызацыі, для якой выдзелены адпаведны дзень, стымулюецца падтрыманне ўласнага здароўя. У заняткі фізічнай культурай і спортам актыўна ўключаюцца не толькі самі работнікі, але і члены іх сем’яў, самае галоўнае дзеці. Бачым тут комплексны падыход.

На ААТ «Чырвоны харчавік», дзе Ігар Петрышэнка азнаёміўся з вытворчасцю, умовамі працы супрацоўнікаў, таксама выбудавана дзейсная сістэма для падтрымання здаровага ладу жыцця ў работнікаў. Дырэктар прадпрыемства Яўген Свірыд расказаў, што фабрыка арандуе спартыўныя залы для футбольнай каманды, набывае абанементы для заняткаў спортам, наведвання басейна, куды ходзіць кожны 10-ы супрацоўнік. З пачатку года толькі на куплю абанементаў тут выдаткавалі больш за 20 тысяч рублёў. Кірунак, над якім працуе прадпрыемства ў плане здароўя ўжо спажыўцоў, – новая лінейка кандытарскіх вырабаў без дадання цукру.

Падводзячы вынікі наведвання прадпрыемстваў, Ігар Петрышэнка адзначыў, што падобны станоўчы падыход будзе прымяняцца і на іншых заводах:

– У маштабах краіны ў кожным рэгіёне ў нас ёсць такія прадпрыемствы. У цэлым жа мы стараемся падцягваць пад самую высокую планку стандарты, звязаныя са здароўем нашай нацыі, па іх ацэньваем той ці іншы населены пункт. Гэту працу будзем праводзіць і далей, яна комплексная, узаемазвязаная. Важна і тое, што ў межах нашай камісіі будзем разглядаць пытанні дадатковых мер, каардынуючых аспектаў, звязаных з барацьбой з п’янствам, алкагалізмам, нарказалежнасцю. Гэта таксама ў полі зроку нашых структур, створаных і ў рэгіёнах, і ў гарадах, і ў мястэчках. Каб усе разам мы зрабілі наша жыццё больш камфортным, а нацыю яшчэ больш здаровай, моцнай, якая б развівала і ўмацоўвала нашу краіну.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая