RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ігар Петрышэнка: на свяце «Купалле» ў Александрыі сканцэнтраваны каларыт беларускай культуры і фальклору

На фестывалі ў Александрыі сканцэнтраваны ўвесь каларыт беларускай культуры і фальклору. Аб гэтым журналістам заявіў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка ў час пасяджэння пастаянна дзеючага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») у Шклоўскім раёне.

«З кожным годам Александрыя ўсё больш і больш збірае сяброў, - адзначыў Ігар Петрышэнка. - Тыя, хто прыязджаў на александрыйскую зямлю раней, бяруць сваіх сяброў, каб далучыцца да такога магутнага, дружалюбнага і шчырага фестывалю, які праводзіцца па ініцыятыве кіраўніка нашай дзяржавы. Тут сканцэнтраваны ўвесь каларыт беларускай культуры і фальклору, нашы знакамітыя майстры прыкладнога мастацтва дэманструюць свае лепшыя дасягненні. Важна, што з году ў год да нас прыязджае шмат сяброў і калег з Расіі: паводле папярэдніх даных, у гэтым годзе актыўны ўдзел у нашым фестывалі прымуць больш за 19 рэгіёнаў краіны».

Паводле слоў Ігара Петрышэнкі, у праграме свята належная ўвага ўдзяляецца моладзі. Так, у гэтым годзе ў час фестывалю традыцыйна пройдзе фінал рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла». У Александрыі будуць ушаноўваць маладыя сем'і, якія дабіліся вынікаў і прайшлі сур'ёзныя выпрабаванні. Актыўна развіваецца творчы складнік, аднак арганізатары не будуць да канца раскрываць інтрыгу, каб у гасцей было жаданне прыехаць, наведаць гала-канцэрт і ўбачыць усё на свае вочы.

«Упершыню ў гэтым годзе мы плануем сумесны з Расійскай Федэрацыяй канцэрт у рамках Саюзнай дзяржавы, які адбудзецца на пляцоўцы ў Александрыі да нашага асноўнага гала-канцэрта, - удакладніў Ігар Петрышэнка. - Цікавы складнік - дэманстрацыя навінак беларускай прадукцыі ад айчынных вытворцаў, прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў. Напярэдадні ІІ Гульняў краін СНД - важнейшага спартыўнага мерапрыемства, якое адбудзецца ў нашай краіне з 4 па 14 жніўня, будзе прадэманстравана, як мы рыхтуемся да гэтага важнага мерапрыемства. Хачу падкрэсліць, што з кожным годам свята «Купалле» становіцца больш разнастайным і цікавым».

Традыцыйнае і любімае ўсімі рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») пройдзе 8-9 ліпеня ў Шклоўскім раёне. Яркая і насычаная праграма будзе здзіўляць гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства цікавымі лакацыямі, тэматычнымі пляцоўкамі, канцэртамі і рознымі актыўнасцямі. Штогод мерапрыемства становіцца яркай культурнай падзеяй, прыцягвае шмат гасцей і ўдзельнікаў, а таксама шырока асвятляецца ў СМІ. У розныя гады яно збірала ад 50 да 100 тыс. гледачоў - як беларусаў, так і замежных гасцей. Правядзенне свята стала добрай традыцыяй і будзе прадоўжана ў наступныя гады.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая