RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ігар Петрышэнка: трэба дадаць навізны «Купаллю» ў Александрыі, захаваўшы нацыянальны каларыт

Трэба дадаць навізны ў праграму рэспубліканскага свята «Купалле» ў Александрыі, захоўваючы пры гэтым яго нацыянальны каларыт. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка ў час пасяджэння пастаянна дзеючага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»).

«Свята ў Александрыі - брэндавае для краіны. Таму важна дадаваць навізну ў яго праграму, захоўваючы пры гэтым нацыянальны каларыт фестывалю, - падкрэсліў Ігар Петрышэнка. - Да свята засталося зусім няшмат часу, крыху больш за месяц. Таму важна прапрацаваць усе пытанні. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць выкананню санітарна-эпідэмічнага рэжыму. У той жа час мясцовыя ўлады і Магілёўскі аблвыканкам павінны быць гатовы аператыўна прымаць усе неабходныя рашэнні па арганізацыі маштабнага свята».

У гэтым годзе фестываль будзе доўжыцца адзін дзень - 10 ліпеня. Традыцыйна - на беразе ракі Днепр у аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна. Цяпер тут ужо вядуцца падрыхтоўчыя работы - пачатак ім паклаў Прэзідэнт у час рэспубліканскага суботніка.

«У гэтым годзе для гасцей свята мы падрыхтавалі шмат сюрпрызаў. Акрамя традыцыйных пляцовак, такіх як «Свята кнігі», «Кірмашовыя забавы», фінал рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла», у афішы свята з'явіцца канцэрт-караоке, які будзе прысвечаны Году малой радзімы. У яго праграме прагучаць песні беларускіх выканаўцаў і калектываў, песні савецкай эстрады, якія вельмі палюбіліся людзям, - адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

Як падкрэсліў Ігар Петрышэнка, неабходна ўнесці нешта новае і ў традыцыйны паказ ільняных калекцый ад беларускіх вытворцаў. «Можа, варта падумаць над тым, каб пашырыць спіс, дадаць яшчэ нешта акрамя адзення з лёну. Можна прадэманстраваць рэчы для падлеткаў, апошнія тэндэнцыі беларускіх прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці. У нас ёсць што паказаць», - падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра.

Забаўляльная праграма ў Александрыі пачнецца ў 11.00, афіцыйнае адкрыццё мерапрыемства - у 17.00. Гала-канцэрт плануецца пачаць у 21.00.

Для гасцей і ўдзельнікаў свята рыхтуюць канцэрт «Люблю Беларусь». У ім прымуць удзел калектывы і салісты нацыянальных грамадскіх аб'яднанняў. Свае творчыя праграмы прэзентуюць уладальнік медаля Францыска Скарыны Вольга Гарнічар, заслужаная артыстка Беларусі Вікторыя Алешка, група «Галасы ЗМеста».

У праграме свята таксама запланаваны выстаўка «Зроблена ў Беларусi» аднаго з галоўных прамысловых брэндаў нашай краіны - Мінскага трактарнага завода, «Свята кнiгi». У выстаўцы-кірмашы «Ручнiк народнага адзiнства» запланаваны ўдзел амаль 60 майстроў з Расіі і Украіны. Размесцяцца гандлёвыя рады - іх даўжыня складзе 300 м, установяць 30 гандлёвых палатак, арганізуюць 700 пасадачных месцаў. Для адпачынку гасцей свята будзе працаваць сем зон з устаноўкай мангалаў, печаў-казаноў.

«Упершыню на свята ў Александрыі прыедзе сапраўдная жамчужына беларускага тэатра - абноўленая трупа Купалаўскага тэатра. Гэта будзе ўнікальная магчымасць для жыхароў аграгарадка і гасцей свята ў камернай абстаноўцы паглядзець спектакль аднаго з лепшых тэатраў», - падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

Для фарміравання квартала «Гандлёвая суполка» кожнай з абласцей і гораду Мінску вызначаны ўчасткі плошчай па 900 кв.м - тут кожны рэгіён размесціць гандлёвыя аб'екты вытворцаў мяса-малочнай галіны, кандытарскай, лёгкай прамысловасці і іншых прадпрыемстваў.

«Да гэтага мы правялі тры пасяджэнні аргкамітэта, сёння - непасрэдна там, дзе будзе праходзіць мерапрыемства. Усе далажылі аб гатоўнасці. У далейшым будуць дашліфоўвацца і дастыкоўвацца тыя элементы, якія неабходны, у тым ліку пастаноўка гала-канцэрта. Усе атрымалі адпаведныя дадатковыя задачы. Яны забяспечаць іх якасную рэалізацыю. Каб потым мы ўсе сказалі - і аргкамітэт, і гледачы, і ўдзельнікі фестывалю - што мы зрабілі для сябе добрае і запамінальнае свята», - падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая