Малады спецыяліст Іна Жаўнова працуе майстрам на лесасеках у лесапункце Быхаўскага лясгаса. Дзяўчына, хоць і выбрала зусім не жаночую прафесію, якая ўключае ў сябе вялікае поле дзейнасці, пачынаючы з кантролю працы аператараў лесанарыхтоўчай тэхнікі «Харвестэраў» і «Фарвардэраў» да адгрузкі спажыўцу нарыхтаванай драўніны, паспяхова спраўляецца са сваімі службовымі абавязкамі.
Дзяцінства і юнацтва Іны Жаўновай прайшлі ў аграгарадку Пачопы Краснапольскага раёна. Пасля заканчэння школы яна паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, асвоіўшы там спецыяльнасць «лесаінжынерная справа». Падчас вучобы праходзіла практыку ў Краснапольскім і Чэрыкаўскім лясгасах. Успамінае, што яшчэ школьніцай разам з бацькамі і малодшай сястрой часта бывала ў лесе, з захапленнем назіраючы, якая ўсё ж маляўнічая і непаўторная па прыгажосці навакольная прырода. Таму выбар будучай прафесіі вызначыла для сябе загадзя. Да таго ж, імкненне дачкі падтрымаў бацька, які па сённяшні дзень працуе аператарам «Харвестэраў» у Краснапольскім лясгасе.
Іне на сваім першым працоўным месцы прыйшлося як маладому спецыялісту адразу ж уваходзіць у курс справы. Вядома, калі ўзнікае неабходнасць, калезе ахвотна дапамагаюць вопытныя майстры, сам начальнік лесапункта Аляксандр Дубінскі. Калектыў тут невялікі, але дружны, работнікі знаходзяць агульную мову адзін з адным даволі лёгка.
Іна Жаўнова расказала, што пры размеркаванні выпускнікоў ВНУ яна папрасіла камісію накіраваць яе працаваць менавіта ў Быхаўскі лясгас. Справа ў тым, што яна яшчэ студэнткай пачала сустракацца з хлопцам з нашага горада, які вучыўся разам з ёй ва ўніверсітэце. Светлае пачуццё аказалася ўзаемным і моцным. Яе малады чалавек таксама з’яўляецца работнікам лясгаса. Праўда, цяпер ён праходзіць тэрміновую вайсковую службу ў войску, але неўзабаве ўжо павінен звольніцца ў запас, а значыць, можа нарадзіцца яшчэ адна ячэйка грамадства – новая маладая сям’я, а ў будучым, магчыма, складзецца чарговая працоўная дынастыя.
Намеснік кіраўніка арганізацыі па ідэалагічнай рабоце лясгаса Алег Дамброўскі лічыць, што адной з галоўных задач для лесагаспадарчай установы з’яўляецца замацаванне маладых кадраў. Шлюбныя саюзы гэтаму толькі спрыяюць.
Традыцыйна за кожным маладым спецыялістам замацаваны вопытны настаўнік, які дапамагае ўнікаць у тонкасці прафесіі. А каб моладзь адчувала сябе неад’емнай часткай калектыву, яе прывабліваюць таксама да грамадскага і спартыўнага жыцця лясгаса.
Тым маладым людзям, якія маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю, даецца магчымасць завочна навучацца ў спецыялізаванай профільнай ВНУ без адрыву ад вытворчасці, што ў перспектыве пасадзейнічае руху па службовай лесвіцы.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
05.08.2025 - 09:39
05.08.2025 - 09:12
У Магілёўскай вобласці расце колькасць тысячнікаў на ўборцы ўраджаю
04.08.2025 - 15:35
«Заўсёды гатовы падставіць плячо». Ваеннаслужачыя дапамагаюць убіраць ураджай у Мсціслаўскім раёне
01.08.2025 - 15:46
Акунуцца ў Сярэднявечча: Мсціслаў запрашае на «Рыцарскі фэст»
31.07.2025 - 09:55
28.07.2025 - 11:34
У Быхаўскім раёне прайшоў XIV Музычны фестываль «Вялікая бард-рыбалка»