RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Інфармацыйны ўрок у СШ № 37 Магілёва правялі прадстаўнікі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа

«Школа актыўнага грамадзяніна» працягвае працу. Інфармацыйны ўрок у сярэдняй школе № 37 Магілёва правялі прадстаўнікі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

Галоўны спецыяліст Кастрычніцкай раённай арганізацыі Юрый Валабуеў, валанцёры Вольга Каршукова і Ыляс Ялкапаў гаварылі са старшакласнікамі пра дабрыню, узаемадапамогу і спачуванне. Юрый Паўлавіч упэўнены, што падобныя праекты, якія дазваляюць школьнікам сустракацца з грамадскімі і культурнымі дзеячамі, палітыкамі, навукоўцамі і абмяркоўваць сацыяльна важныя тэмы, адназначна патрэбныя:

– Расказалі дзецям пра гісторыю з’яўлення Чырвонага Крыжа, гаварылі пра сваю дзейнасць, пра асаблівасці валанцёрства ў межах Таварыства. Не думаю, што гэтыя словы не дасягнулі мэты. Я 26 гадоў адпрацаваў у сістэме адукацыі і да гэтага часу цвёрда перакананы, што сярод дзяцей няма закаранелых нягоднікаў. Проста трэба дастукацца да іх сэрцаў, знайсці падыходы, умець накіроўваць.

Вучні 9 «А» класа Данііл Ганчарэнка і Данііл Фурс слухалі гасцей з асаблівай увагай:

– Мы таксама імкнёмся дапамагаць людзям, напрыклад, удзельнічаем у зборы грошай, перадаём людзям, якія жывуць у нястачы, прадукты, канцылярскія прыналежнасці, цацкі. Але размах нашай працы, вядома, не параўнаць з дзейнасцю выступоўцаў. Дзякуючы сустрэчы зразумелі, наколькі гэта шырокае поле для дзейнасці – нам ёсць куды расці.

Дарэчы, у трыццаць сёмай школе ў валанцёрстве ўдзельнічае прыкладна 250 з 1267 навучэнцаў. Паколькі ў Чырвоны Крыж бяруць толькі з 16 гадоў, тут стварылі ўласныя валанцёрскія атрады «Добрае сэрца» і «Міласэрнасць». Дзесяцікласніца Кацярына Юсупава адна з самых актыўных у іх радах:

– Падрыхтоўка дабрачынных праектаў забірае шмат сіл і часу, але бачыць шчаслівыя ўсмешкі людзей, задаволеныя пыскі жывёл дарагога варта! Лічу сённяшнюю сустрэчу як мінімум добрым вопытам. Як валанцёр я змагла падзяліцца сваімі ведамі, але не менш карысна было паслухаць іншых людзей. У цэлым было цікава пагутарыць з аднадумцамі, пашырыць свой кругагляд.

У канцы сустрэчы школьнікі перадалі сабраныя прадукты харчавання і канцтавары гасцям, каб тыя ў сваю чаргу адвезлі іх тым, хто мае ў іх патрэбу.

Намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Таццяна Савіцкая:

– Другі год ва ўстановах адукацыі рэалізуецца праект «Школа актыўнага грамадзяніна». Для ўключэння навучэнцаў у актыўнае жыццё і дзейнасць нашай дзяржавы раз на месяц запрашаем на сустрэчу да іх выдатных жыхароў горада: дэпутатаў, спартсменаў, кіраўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, ветэранаў, паэтаў. Яны прадстаўляюць самыя розныя сферы, таму і гутаркі атрымліваюцца рознымі. Госці расказваюць і пра грамадска-палітычнае жыццё краіны, і пра сваю працу, што вельмі падабаецца вучням старшых класаў, якія ўжо задумваюцца пра будучыню, выбіраюць сабе прафесію.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая