RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Інвестыцыі ў будучыню

Аксіёма: у эканоміку, каб яна развівалася, трэба пастаянна «ўліваць» інвестыцыі. Эх, калі б Беларусь мела высокаліквідныя карысныя выкапні накшталт каштоўных металаў або вуглевадародаў, за кошт якіх падняліся, напрыклад, Саудаўская Аравія ці Арабскія Эміраты!

Нажаль, такімі прыроднымі багаццямі краіна пахваліцца не можа. Зрэшты, у любым выпадку, аўтарытэтна заяўляюць эканамісты, уласных рэсурсаў невялікіх дзяржаў недастаткова, каб хутка ўкараняць і генераваць найноўшыя тэхналогіі, сучасныя вытворчасці. Значыць, патрабуюцца замежныя інвестыцыі. І як мага больш – не выпадкова ўрадам рэалізацыя буйных інвестыцыйных праектаў разглядаецца ў якасці ключавога драйвера эканомікі. Паколькі прыход інвестараў цягне за сабой не толькі ўкараненне перадавых тэхналогій, але і стварэнне новых працоўных месцаў, рост экспарту, паляпшэнне гандлёвага балансу, павышэнне напаўняльнасці бюджэту і ў цэлым – дабрабыту людзей.

Зразумела, супрацоўніцтва павінна быць узаемавыгадным: перад тым, як укласці сродкі ў праект, інвестар пралічвае, ці зможа потым іх не толькі вярнуць, але і памножыць.

– Пра тое, што ў рэспубліцы створаны спрыяльны інвестыцыйны клімат, сведчыць, напрыклад, тое, што фірмы, якія рэалізавалі ў свой час інвестпраекты на тэрыторыі Магілёўшчыны, прымаюць затым рашэнне накіраваць частку прыбытку на пашырэнне вытворчасці, –гаворыць намначальніка ўпраўлення па інвестыцыйнай і інавацыйнай дзейнасці камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Марыя Якубоўская. – У прыватнасці, кампанія Kronospan, якая пачынала з адкрыцця вытворчасці ў Магілёве, стварыла яшчэ некалькі прадпрыемстваў на тэрыторыі рэспублікі, іншы замежны інвестар адкрыў у Бялыніцкім раёне аграпрадпрыемства па вытворчасці збожжа і дацкай беконнай свініны магутнасцю 53 000 галоў у год. А ў межах леташняга інвестыцыйнага форуму «Млын поспеху» ў Магілёве быў падпісаны пратакол аб намерах па рэалізацыі інвестпраекта па стварэнні аграпрадпрыемства аналагічнага профілю ў Крычаўскім раёне. Пашыраюць таксама вытворчасці такія кампаніі, як «ВМГ-Індустры», «Сервалюкс» і іншыя. Раз яны гэта робяць, значыць, бачаць перспектывы, значыць, гэта ім выгадна.

Перш за ўсё інвестараў прываблівае вельмі зручнае геаграфічнае становішча Беларусі – яна як бы «мост» паміж 500-мільённым рынкам Еўрасаюза і 180-мільённым Еўразійскай эканамічнай супольнасці. Дарэчы, ёсць тэндэнцыя: «фірмачы» з краін ЕС з года ў год пераносяць свае вытворчасці ва «ўсходнім кірунку». Вядома, патэнцыйны інвестар разумее, што ўнутраная ёмістасць беларускага рынку не вельмі вялікая. Затое дзякуючы таму, што краіна ўваходзіць у ЕўрАзЭС, ён аўтаматычна атрымлівае доступ да вялізнага рынку. Плюс развітая транспартная сістэма, адносна танная рабочая сіла, высокі ўзровень адукацыі людзей і заканадаўчыя льготы інвестарам.

Статыстыка сведчыць: цікавасць інвестараў да Беларусі, у тым ліку і да Магілёўскай вобласці, якая прымыкае да расійскай мяжы, з кожным годам расце. Калі ў 2017 годзе ў асноўны капітал (абсталяванне, будынак, транспарт – усё, што задзейнічана ў вытворчасці прадукцыі) Магілёўшчыны было ўкладзена больш за 1,2 мільярда рублёў інвестыцый, у 2018 –1,7 мільярда, то за мінулы год – на ўзроўні 1,9 мільярдарублёў. Спрыяе прыходу інвестараў і цяперашняя эканамічная сітуацыя ў краіне. У апошнія гады ўдалося «ўтаймаваць» інфляцыю, стабілізаваць валютны курс. Яшчэ адзін важны паказчык: вырас экспарт тавараў і паслуг – за 10 месяцаў мінулага года тэмп росту экспарту Магілёўскай вобласці склаў 106,4%. У немалой ступені, адзначылі ў аблвыканкаме, гэта заслуга новых прадпрыемстваў і мадэрнізаваных вытворчасцей, якія сталі выпускаць канкурэнтаздольную на знешніх рынках прадукцыю.

Паводле слоў спецыялістаў, замежным інвестарам цікавыя ўсе сферы эканомікі на Магілёўшчыне. Але больш за ўсё яны вывучаюць магчымасці рэалізацыі праектаў у найбольш развітых у рэгіёне галінах, а таксама тых, якія звязаны з мясцовай сыравінай. Таму самыя папулярныя сферы– дрэваапрацоўка, сельская гаспадарка (развіццё жывёлагадоўлі і раслінаводства), прамысловасць, будаўніцтва і турызм. З улікам выгаднага геаграфічнага становішча патэнцыйна выгадныя і ўклады ў перавозкі грузаў, лагістыку.

– Паказальна, што з кожным годам у асноўным капітале прырастае доля тэхналагічнага абсталявання,– падкрэсліла Марыя Якубоўская. – Гэта азначае, што інвестары актыўна ўдзельнічаюць у мадэрнізацыі вытворчасці, што, у канчатковым рахунку, дазволіць прадпрыемствам пашырыць рынкі збыту выпускаемай прадукцыі. Яшчэ тэндэнцыя: у большай ступені ў інвестыцыйнай палітыцы сталі выкарыстоўвацца магчымасці прыватнага капіталу (як замежнага, так і айчыннага). На долю прыватнай формы ўласнасці сёння прыпадае больш за 60% інвестыцый у асноўны капітал. Што тычыцца замежнага капіталу, то ў праграму па сацыяльна-эканамічным развіцці Магілёўскай вобласці на 2016–2020 гады закладзены паказчыкі па прывабліванні прамых (калі грошы ўкладваюцца ў рэалізацыю канкрэтных праектаў, не кладуцца цяжарам на дзяржбюджэт і знешні доўг краіны) замежных інвестыцый. У прыватнасці, на 2019 год планавалася прывабіць іх на суму 80 мільёнаў долараў. Паказчык за 9 месяцаў выкананы на 120% – гэта таксама гаворыць аб тэндэнцыі эканамічнага росту ў рэгіёне. Важна для прыцягнення інвестараў і тое, што пашыраецца спіс ільготных рэжымаў. Сёння розныя прэферэнцыі па ўмовах гаспадарання прапануюць не толькі СЭЗ, малыя і сярэднія гарады, але і цэлыя «анклавы», першым з якіх стаў паўднёва-ўсходні рэгіён Магілёўшчыны, які мае патрэбу ў паскораным эканамічным развіцці.

Спецыялісты адзначаюць, што важную ролю ў стварэнні спрыяльнага інвестыцыйнага клімату адыграў прэзідэнцкі дэкрэт № 10 «Аб дадатковых умовах ажыццяўлення інвестыцый». Гэтым дакументам быў пашыраны пералік правоў інвестараў –напрыклад, зямельны ўчастак для рэалізацыі праектаў ім можа быць прадастаўлены без аўкцыёну. Вызначаны таксама меры, якія зніжаюць фінансавую нагрузку на інвестараў. А ўсяго з 2011 года ў межах Дэкрэта №10 было рэалізавана, паводле даных камітэта эканомікі, 162 інвестыцыйныя праекты.

Сам па сабе замежны інвестар рэдка «заходзіць» у чужую краіну – яго трэба зацікавіць, пераканаць, што ўклады будуць выгаднымі. Для гэтага робіцца многае. Напрыклад, штогод на Магілёўшчыне праводзяцца інвестыцыйныя форумы. У прыватнасці, на леташні «Млын поспеху» прыехала больш за 600 удзельнікаў з 20 краін, якія падпісалі дагаворы і пагадненні на суму каля 200 мільёнаў долараў. Традыцыйна прыязджаюць на форум дэлегацыі гарадоў-пабрацімаў Магілёва і Бабруйска, а таксама з замежных рэгіёнаў, з якімі Магілёўская вобласць падпісала дагаворы аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Ды і чуткамі зямля поўніцца –прыклады ўдалага інвеставання ў эканоміку Магілёўшчыны таксама не застаюцца без увагі замежных бізнесменаў.

–У мінулым годзеўпершыню праведзены інвестыцыйны форум і на рэгіянальным узроўні – у Магілёўскім раёне, – заўважыла Марыя Якубоўская. – Ён аказаўся выніковым: былі падпісаны інвестыцыйныя дамовы на мільёны долараў. Упершыню плануецца правесці такі форум і на тэрыторыі паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўшчыны. Калі на першых форумах патэнцыйным інвестарам проста прапаноўваўся спіс праектаў, і яны выбіралі прыдатны, то зараз праекты суправаджаюцца канкрэтнымі бізнес-планамі, прадастаўленнем зямельных участкаў, аб’ектаў нерухомасці, інжынерных камунікацый. У выніку цікавасць патэнцыйных інвестараў да Магілёўшчыны стала больш прадметнай, што таксама спрыяе заключэнню інвестыцыйных дагавораў.

Яшчэ больш сістэмнай праца па прыцягненні і суправаджэнні інвестараў, як падкрэслілі ў камітэце эканомікі, стала са стварэннем Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі. У канцы 2017 года яно стварыла спецыяльны інтэрактыўны партал «Дарожная карта інвестара», куды ўвайшла інфармацыя аб інвестыцыйных праектах, зямельных участках, лагістыцы, умовах бізнесу, якую падалі ўсе раёны рэспублікі. На галоўнай старонцы партала размешчана карта Беларусі, на якой пазначаны прапанаваныя інвестыцыйныя праекты і ідэі, аб’екты нерухомасці, зямельныя ўчасткі. Калі паглядзець па Магілёўскай вобласці, можна ўбачыць, што прапануецца 66 інвестыцыйных праектаў і 28 інвестыцыйных ідэй, а для іх рэалізацыі – 79 аб’ектаў нерухомасці і 165 зямельных участкаў. Любы наведвальнік партала зможа таксама ўбачыць, дзе тэрытарыяльна прапануецца рэалізаваць праект, у чым яго сутнасць. Пажадае інвестар пачаць супрацоўніцтва–яму акажуць усялякую падтрымку. А на абласным узроўні аналагічную дапамогу акажа Магілёўскае агенцтва рэгіянальнага развіцця.

Вядома, буйныя і сярэднія інвестары ў асноўным аддаюць перавагу сталіцы, Мінскай вобласці і абласным цэнтрам (там больш кваліфікаваныя кадры, лепшая інфраструктура), у той час як дзяржава асабліва зацікаўлена ў развіцці «глыбінкі».

– Прывабіць туды інвестыцыі можна за кошт прадастаўлення дадатковых прэферэнцый, падатковых ільгот, –заўважае Марыя Якубоўская. – І гэта робіцца. Напрыклад, прэзідэнцкі ўказ «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці» даў імпульс рэалізацыі шэрагу буйных праектаў. Гэта, у прыватнасці, будаўніцтва свінагадоўчага комплексу праектнай магутнасцю 24 000 галоў на год ААТ «Магілёўскі мясакамбінат»у раёне вёскі Перагон Слаўгарадскага раёна з аб’ёмам інвестыцый каля 50 мільёнаў рублёў (там мяркуецца стварыць 57 новых працоўных месцаў), арганізацыя інавацыйнай вытворчасці кандытарскіх вырабаў з устаноўкай лініі на ВТУП «Чырвоны харчавік Слаўгарад», будаўніцтва біягазавага комплексу з мэтай вытворчасці электраэнергіі ў вёсцы Нізькі Касцюковіцкага раёна, стварэнне вытворчасці драўнянага вугалю ў Клімавіцкім раёне.

Так што геаграфія геаграфіяй, але, калі падрыхтавана тэхніка-эканамічнае і прававое абгрунтаванне праекта, пралічаныя фінансавыя паказчыкі, ён удвая цікавейшы для патэнцыйнага інвестара. За прыбыткам ён у любую «глыбінку» прыйдзе.

 mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая