RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Іван Крупко: для эфектыўнай працы дакладнага земляробства неабходна стварыць адзіную лічбавую базу

Для эфектыўнай працы дакладнага земляробства неабходна стварыць адзіную лічбавую базу. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко падчас нарады на тэму «Дакладныя тэхналогіі ў сельскай гаспадаркі», якая праходзіць сёння ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

«Мы сабраліся сёння для абмеркавання пытанняў па арганізацыі дакладнага земляробства ў Беларусі на балансе адной лічбавай платформы. Такія распрацоўкі ўжо ідуць у НАН Беларусі, БДСГА напрацоўвае пэўныя кірункі. Элементы частковага дакладнага земляробства ўжо працуюць у розных сельгаспрадпрыемствах краіны: кантроль паліва, кантроль за ўнясеннем мінеральных угнаенняў і сродкаў абароны. Але гэта сістэма не аб’яднана ў адно, каб даць эканамічны эфект выкарыстання рэсурсаў. Паводле ацэнак навукоўцаў, калі ўсе сістэмы дакладнага земляробства аб’яднаць на адной платформе, можна атрымаць да 24% эканоміі і эфектыўнасці выкарыстання рэсурсаў», – падкрэсліў Іван Крупко.

Па словах першага намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Уласевіча, у Магілёўскай вобласці дакладнае земляробства ўкаранёна ў пяці гаспадарках. «Першая гаспадарка, якая стала выкарыстоўваць элементы лічбавізацыі, – УКСП «Саўгас “Дабраволец”» Клічаўскага раёна. У свой час тут закупілі культыватары, агрэгаты для ўнясення мінеральных угнаенняў, для арганізацыі ўнясення хімічных сродкаў абароны раслін, камбінаваны пасяўны агрэгат. Таксама гэта ААТ «Рассвет» Кіраўскага раёна, ААТ «Магілёўскі лянок» Магілёўскага раёна, ААТ «Горацкая райаграпрамтэхніка», ААТ «Бабулін падворак» Хоцімскага раёна, – адзначыў ён. – Ужываючы дакладныя тэхналогіі, мы атрымліваем эканомію. Напрыклад, гэта эканомія дызельнага паліва і бензіну, мінеральных угнаенняў, сродкаў абароны, а таксама працоўных рэсурсаў. Бо час на выкананне той ці іншай аперацыі скарачаецца. Усё гэта выліваецца ў якасныя паказчыкі – ураджайнасць, валавы збор, прадуктыўнасць».

Як адзначыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання, адзіная лічбавая сістэма па дакладным земляробстве ў будучы будзе даступная кожнаму сельгаспрадпрыемству ў краіне. Гэта прынясе пэўныя плюсы не толькі ў працы, але і дазволіць атрымліваць максімальную эфектыўнасць ад зямлі і ўраджаю. «Эканомія рэсурсаў, атрыманне максімальнай ураджайнасці, памяншэнне колькасці часу на правядзенне тэхналагічных аперацый, эфектыўнасць кіравання галіны раслінаводства па кожным відзе прадукцыі, кожнай культуры. І гэта невялікі спіс плюсаў, якія будуць даступныя для нашых спецыялістаў. У іх будзе магчымасць фактычна ў рэжыме рэальнага часу выкарыстоўваць усе даныя лічбавізацыі для размяшчэння культур на розных палях і атрымання максімальнай эфектыўнасці ўраджаю», – адзначыў ён.

На базе воблачных тэхналогій будзе створана пэўная сістэма даных, дзе будуць узаемазвязаны рашэнні ўсіх дзяржаўных органаў, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, распрацоўкі НАН Беларусі «Белгіпразем» і інш. «Калі кожная гаспадарка з кожным дзяржорганам будзе выходзіць напрамую і потым шукаць пэўную праграму – гэта складаны і доўгі працэс. Павінен быць праграмны прадукт, які дасць магчымасць выразна і хутка выкарыстоўваць усе рэсурсы для аператыўнай працы ў раслінаводстве», – падкрэсліў міністр.

На сённяшні дзень у Беларусі ўжо ўкаранёны і працуе шэраг інфармацыйных сістэм у сельскай гаспадарцы. Сярод іх аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма «Дзяржтэхнагляд», сістэма маніторынгу малочна-таварных ферм і комплексаў, тэхнічнага абслугоўвання энерганасычанай тэхнікі, інфармацыйна-пошукавая сістэма «Тэхсэрвіс» для пошуку запасных частак, адзіны рэестр сартоў і іншыя.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая