RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Калектыў і пацыенты Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы падзяліліся ўражаннямі ад візіту Прэзідэнта

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка пабываў у Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы, падзякаваў урачам і персаналам за працу, пагутарыў з пацыентамі. Усе засталіся пад уражаннем ад візіту і як адзін адзначаюць: сустрэча атрымалася цёплай, а кіраўнік дзяржавы аказаўся простым у зносінах.

У медустанове не хаваюць: напярэдадні рыхтаваліся грунтоўна, нерваваліся і перажывалі, бо сустрэча такога ўзроўню – эпахальная падзея.

– Але як толькі ўбачылі Аляксандра Рыгоравіча, яго добры настрой, адразу выдыхнулі, – дзеліцца намеснік галоўнага ўрача па хірургіі Ігар Савосценка. – На экране гэта адзін чалавек, а ўжывую зусім іншы – даступны, просты. Прэзідэнт падрабязна адказаў на нашы пытанні, даў характарыстыку сітуацыі ў краіне з COVID-19, асобна спыніўся на эканамічных пытаннях, якія з’яўляюцца следствам пандэміі. У нас падзенне эканомікі не такое глыбокае, як у іншых краінах, паколькі пайшлі сваім шляхам, своечасова прынялі адпаведныя меры.

Ігар Якаўлевіч успамінае, як у 1994 годзе бачыў Аляксандра Лукашэнку, тады яшчэ кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы, у гэтай жа зале:

Ён абаяў нас зусім, калектыў ухваліў ягоную палітыку, і ўсе прагаласавалі за яго. Цяперашняе ўражанне – чалавек дасягнуў перыяду росквіту сваёй мудрасці, ды і выглядае пышна.

Медыкі знаходзяцца на перадавой у барацьбе з вірусам, маюць патрэбу ў словах падтрымкі. Штодзённая цяжкая праца накладвае адбітак, а добрае слова матывуе, падбадзёрвае, падкрэсліў суразмоўца:

Часта чуем словы падзякі ад людзей і, паверце, цэнім іх. Але калі атрымліваеш пахвалу на такім высокім узроўні, ад Прэзідэнта, прыемна ўдвая!

Таксама Аляксандр Лукашэнка наведаў рэанімацыю, наведаўся ў чырвоную зону. У шлюзе дэлегацыю сустракала старшая медсястра ўралагічнага аддзялення Ірына Балан:

Я стаяла там, дзе апранаюцца ў ахоўнае адзенне. Праўда, Аляксандр Рыгоравіч прыйшоў ужо падрыхтаваны. Павярнуўся, ветліва павітаўся. Мне гэтага хапіла, каб адчуць яго энергетыку. Ведаеце, у яго ж вочы іскрацца дабрынёй!

Гэта ў адзін голас пацвярджаюць і пацыенты, для якіх сустрэча з першай асобай краіны стала сапраўдным сюрпрызам. У адной з палат ляжаць чатыры жанчыны, першай ад дзвярэй знаходзіцца ложак Людмілы Кажамяка з Крычава. Яна згадвае, не тоячы эмоцый:

Адчыняюцца дзверы, і першае, што я бачу – на мяне глядзяць вочы хлапчука. Гэта было так нечакана, што я аўтаматычна выдала яму камплімент. Прэзідэнт засмяяўся і кажа: «А вы хочаце, каб я быў стары?» Ведаеце, па тэлевізары ён бывае і стомлены, і сур’ёзны, калі раздае заданні ці на кагосьці сварыцца. А ўжывую проста палае здароўем.

Высокапастаўлены госць цікавіўся ў хворых на каранавірус пра іх самаадчуванне, пра тое, чым лечацца. Расказаў, што і сам перахварэў, нават паказаў гімнастычныя практыкаванні і рэкамендаваў, як лепш ляжаць для хутчэйшага выздараўлення.

Магіляўчанка Ірына Нікіценка ўсміхаецца, што пасля сюжэту ў навінах тэлефон яшчэ доўга не змаўкаў – тэлефанавалі знаёмыя, якія не ведалі, што яна ў бальніцы:

Знарок такога павароту падзей не прыдумаеш. Мяне Прэзідэнт некалькі разоў настойліва спытаў, ці ўсё ў бальніцы задавальняе. А што я яму скажу, акрамя слоў падзякі ўрачам і іншага персаналу? Настолькі ўсе клапатлівыя, уважлівыя, ледзь што не так – адразу бягуць дапамагаць. Відаць, што выбудаваная сістэма.

Упершыню сустрэцца з кіраўніком дзяржавы, ды яшчэ і пагутарыць, давялося і галоўнаму ўрачу бальніцы Анатолю Куліку. Разам прайшлі па калідорах і аддзяленнях, пагаварылі па-простаму, па-чалавечы:

У Беларусі медыцыне надаецца значная ўвага, але спецыфіка нашай сферы такая, што ўсё хутка састарваецца. Прыкладна 15 гадоў таму ў медустановах было сурёзнае перааснашчэнне, але абсталяванне паспела фізічна і маральна састарэць. Таму не мог не пагаварыць аб будаўніцтве кардыяхірургічнага корпуса. Ён важны для ўсёй Магілёўскай вобласці, дазволіць выйсці на зусім іншы ўзровень аказання дапамогі.

Будаўніцтва корпуса ідзе добрымі тэмпамі. Сцены амаль гатовыя, хутка пачнецца ўнутранае аздабленне. Аляксандра Лукашэнку папрасілі дапамагчы ў аснашчэнні корпуса сучасным лячэбным і дыягнастычным абсталяваннем, і ён абяцаў дапамагчы, а таксама прыехаць на адкрыццё, запланаванае на лістапад 2021 года.

Любоў Салаўёва, СБ, фота БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая