RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Каля 980 навучэнцаў Магілёўскай вобласці прымуць удзел у трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах

Трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах пройдзе з 13 па 17 студзеня ў Магілёве. Удзел у інтэлектуальных спаборніцтвах прыме каля 980 навучэнцаў 8–11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з усяго рэгіёна, паведамілі ў галоўным упраўленні па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. 

Мерапрыемства пройдзе на базах устаноў адукацыі абласнога цэнтра. Тут будуць створаны неабходныя ўмовы для правядзення алімпіяды, у тым ліку прадастаўлена лабараторнае, камп’ютарнае і іншае абсталяванне. Пераможцы раённых і гарадскіх алімпіяд правераць свае веды па 19 вучэбных прадметах, прычым кожны навучэнец зможа выбраць толькі адну дысцыпліну.

Вынікі асабістага першынства на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды падвядзе кампетэнтнае і высокапрафесійнае журы, у склад якога ўвойдуць выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі, найлепшыя настаўнікі вобласці. Пераможцаў інтэлектуальнага спаборніцтва ўзнагародзяць дыпломамі I, II, III ступені. Акрамя таго, асобныя ўдзельнікі могуць быць адзначаны пахвальнымі водгукамі.

Па выніках названага спаборніцтва вызначыцца склад каманды Прыдняпроўскага краю для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Алімпіядны рух у Магілёўскай вобласці мае годныя вынікі. Каля 200 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі рэгіёна прынялі ўдзел у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у 2019 годзе. Было заваявана 78 дыпломаў: 11 – I ступені, 20 – II-й і 47 – III-й, а таксама 27 пахвальных водгукаў. Найбольшую колькасць дыпломаў узялі навучэнцы рэгіёна па беларускай мове і літаратуры – 12, біялогіі і геаграфіі – па 7. Найлепшыя вынікі летась паказалі навучэнцы Магілёва і Бабруйска, а сярод абласных ліцэяў – Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3. Дарэчы, у мінулым годзе ўпершыню праходзіла алімпіяда па прадмеце «Фізічная культура і здароўе». Нашы вучні заваявалі тут 6 дыпломаў. 

Урачыстае адкрыццё трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды адбудзецца 13 студзеня ў 15.00 у Абласным цэнтры творчасці (пр-т Міру, 23а).

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая