RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Камсамол выхаваў некалькі пакаленняў беларускіх грамадзян сапраўднымі патрыётамі сваёй Айчыны – Уладзімір Даманеўскі

Камсамол выхаваў некалькі пакаленняў беларускіх грамадзян сапраўднымі патрыётамі сваёй Айчыны. На гэта звярнуў увагу, выступаючы сёння на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 100-годдзю ВЛКСМ, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі, перадае карэспандэнт сайта.

«Імёны камсамольцаў Пятра Машэрава, Фёдара Смалячкова, Зінаіды Корж, Веры Харужай, Максіма Танка, Сяргея Прытыцкага, Кірыла Мазурава назаўжды ўпісаны ў летапіс нашай слаўнай агульнай гісторыі. 28 камсамольцаў-партызан Беларусі ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. Пакарыцелі цаліны, ударнікі камсамольскіх будоўляў, удзельнікі студэнцкіх атрадаў унеслі важкі ўклад ва ўмацаванне народна-гаспадарчага патэнцыялу Савецкай дзяржавы», – падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.

Ён асабліва звярнуў увагу на тое, што Магілёўская камсамольская арганізацыя вядзе свой адлік са снежня 1918 года і заўсёды была на пярэднім плане барацьбы за станаўленне, свабоду і развіццё Радзімы. Камсамольцы Магілёўшчыны ў складзе будаўнічых атрадаў і моладзевых брыгад дапамагалі аднаўляць пасляваенную краіну. Толькі на асваенне цалінных зямель Казахстана, Сібіры і Паволжа адправілася больш за 3,5 тыс.юнакоў і дзяўчат. Сотні магілёўскіх камсамольцаў прынялі ўдзел у будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі, узводзілі знакавыя аб’екты прамысловасці і сацыяльнай сферы рэгіёна, сярод якіх Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно» імя Леніна, Беларускі шынны камбінат, Магілёўскае вытворчае аб’яднанне шаўковых тканін, Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія.

За дасягнутыя вынікі Магілёўская абласная арганізацыя камсамольцаў двойчы (у 1947 і ў 1982 гадах) узнагароджана пераходным чырвоным сцягам Цэнтральнага Камітэта Ленінскага Камуністычнага саюза моладзі Беларусі, а ў 1983 годзе пераходным чырвоным сцягам Савета Міністраў БССР узнагароджаны абласны студэнцкі атрад.

У тым, што ўсесаюзная моладзевая арганізацыя годна прайшла свой гістарычны шлях, – вялікая заслуга ветэранаў камсамольскага руху, адзначыў Уладзімір Даманеўскі. «Вы людзі, шчыра адданыя справе, з пачуццём высокай адказнасці, ва ўсе часы цалкам аддавалі сябе выкананню грамадзянскага абавязку. І сёння вы актыўна дапамагаеце моладзі арыентавацца ў жыццёвым кругавароце словам і справай», – сказаў старшыня аблвыканкама.

Кіраўнік рэгіёна выказаў упэўненасць, што камсамол – гэта не толькі гісторыя. Слаўную эстафету ад свайго папярэдніка прыняў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, які змог аб’яднаць сотні тысяч юнакоў і дзяўчат, уякіх сёння ёсць магчымасць праявіць сябе на вытворчасці, у сельскай гаспадарцы, прадпрымальніцтве, адукацыі, навуцы, культуры, спорце і іншых сферах, дамагчыся рэальных поспехаў у пабудове эканамічна развітай, моцнай Беларусі. А дзяржаўныя органы, выканаўчая ўлада, са свайго боку, будуць усяляк садзейнічаць моладзі ў гэтай высакароднай справе.

Звяртаючыся да ветэранаў камсамола і маладога пакалення, Уладзімір Даманеўскі пажадаў усім моцнага здароўя, поспехаў, шчасця і дабрабыту. «Будзьце аптымістычныя, з надзеяй глядзіце ў заўтрашні дзень. Хай камсамольская мэтанакіраванасць, творчая энергія, баявы дух і жаданне ствараць ніколі вас не пакідаюць. Верце ў сябе, сваіх сяброў, сваю краіну!» – сказаў на заканчэнне губернатар.

У ліку ганаровых гасцей на свяце прысутнічаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Жаўняк. Гаворачы аб арганізацыі, якая пакінула прыкметны след у лёсах мільёнаў людзей постсавецкай прасторы, ён падкрэсліў, што ганарыцца сваёй прыналежнасцю да камсамола, які ўвасабляе маладосць, энергію, дзёрзкасць, мэтанакіраванасць, крэатыўнасць і сілу.

У суверэннай Беларусі выдатныя традыцыі камсамольскага руху працягвае БРСМ, адзначыў Уладзімір Жаўняк. Уменні моладзі бачныя ўсюды – на вытворчасці, у палітыцы, адукацыі, культуры, бізнесе, дзяржкіраванні. Звяртаючыся да маладых людзей, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта сказаў: «Шануйце родную зямлю, трымайцеся сваёй гісторыі, заставайцеся сумленнымі ў адносінах да дзяржавы, умацоўвайце яе імідж сваімі дасягненнямі, становіцеся не толькі моладзевымі лідарамі, але і добрымі спецыялістамі, найлепшымі ў прафесіі».

За паспяховую рэалізацыю сацыяльнай палітыкі і шматгадовую добрасумленную працу па патрыятычным і духоўным выхаванні моладзі Уладзімір Жаўняк уручыў Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ветэрану працы, у 80-х гадах мінулага стагоддзя – загадчыцы аддзела прапаганды і агітацыі Магілёўскага абкама партыі Веры Кастэнка.

У гэты вечар заслужаныя ўзнагароды атрымалі многія ветэраны камсамольскага руху, якія ў свой час узначальвалі першасныя і раённыя камсамольскія арганізацыі, былі ўдарнікамі працы. Таксама падзякі ўручылі тым, хто прамнажаў слаўную гісторыю ВЛКСМ, актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні юбілейных мерапрыемстваў.

Свята, прымеркаванае да 100-годдзя ВЛКСМ, адбылося ў Палацы культуры вобласці. Святочнае мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і ветэранаў Камсамольскага руху розных пакаленняў. Многія прыйшлі ў старых спяцоўках з усімі ўзнагародамі і рэгаліямі камсамольскага юнацтва.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая