Рус Бел Eng 中文

Каталікі адзначаюць Раство Хрыстова

Каталікі сёння адзначаюць адно з найважнейшых хрысціянскіх святаў – Раство Хрыстова.

Каляды – гэта час сустрэчы Бога з чалавекам. Гэты ўрачыстае рэлігійнае свята прысвечана нараджэнню Дзевай Марыяй Сына Божага Ісуса Хрыста.

Паводле Евангелля, Ісус Хрыстос нарадзіўся ў горадзе Віфлееме. Калі імператар Аўгуст пастанавіў правесці перапіс насельніцтва Рымскай імперыі, Марыя і Іосіф адправіліся ў Віфлеем, каб унесці свае імёны ў спіс. Аднак свабодных месцаў у гасцініцах горада не знайшлося, і ім давялося начаваць у пячоры, якая выкарыстоўвалася ў якасці хлява для жывёлы. У гэтай пячоры Дзева Марыя нарадзіла Ісуса і паклала яго ў яслі. Анёл прынёс вестку аб яго нараджэнні пастухам, якія вартавалі статак, і яны прыйшлі пакланіцца немаўляці. У Евангеллі гаворыцца, што ў гэтую ноч на небе запалілася Віфлеемская зорка, якая і прывяла да Марыі і Іосіфа валхвоў. Яны таксама прыйшлі пакланіцца Ісусу і прынеслі яму дары – золата, ладан і смірну.

Святкаванню Раства Хрыстова ў каталікоў папярэднічае перыяд Адвенту, які пачынаецца ў чацвёртую нядзелю да Каляд. Адвент разглядаецца як час узмоцненага пакаяння: вернікі імкнуцца праяўляць міласэрнасць, удзельнічаюць у перадкалядных набажэнствах і рыхтуюцца да споведзі, каб з чыстай душой прыняць прычасце на Каляды.

Храмы ў гэты перыяд ўпрыгожваюць вянкамі, у якіх мацуецца па чатыры свечкі. У першую нядзелю запальваецца адна свечка, у другую – дзве і гэтак далей, гэта значыць з кожным тыднем становіцца ўсё больш светла.

Напярэдадні Каляд, увечары 24 снежня, сем’і збіраюцца разам на святочную вячэру, запальваюцца свечкі, і бацька сямейства прамаўляе падзякавальную малітву. Вернікі дзеляцца адзін з адным аплаткамі – тонкімі пласцінкамі прэснага хлеба. Гэта даніна памяці старажытным хрысціянскім традыцыям. Адно месца за святочным сталом звычайна пакідаецца свабодным для няпрошанага падарожніка, калі ён пастукаецца ў дом. Гэты жэст сімвалізуе гатоўнасць прыняць у сваім доме Хрыста. Пасля святочнай вячэры вернікі ўсёй сям’ёй ідуць у касцёл.

Характэрным элементам свята з’яўляецца звычай упрыгожваць дом. Побач з прыбранай елкай уладкоўваецца Калядная батлейка: фігуркі Панны Марыі і Святога Іосіфа побач з Немаўлём Ісусам, які ляжыць у яслях. Вакол іх раззмяшчаюць фігуркі жывёл. Сама ж елка сімвалізуе дрэва раю і вечнае жыццё, якое зноў набывае чалавек праз Ісуса Хрыста. Евангельскае апавяданне пра тое, што тры валхвы, якія прыйшлі пакланіцца Немаўляці Ісусу, паднеслі яму дары, легла ў аснову традыцыі дарыць у калядныя дні дзецям і адзін аднаму падарункі.

Святкаванне Каляд працягваецца восем дзён, з 25 снежня па 1 студзеня, якія ўтвараюць Актаву Божага Нараджэння. Другі дзень свята, 26 снежня, прысвячаецца памяці святога першамучаніка Стэфана. Трэці дзень, 27 снежня, – памяці святога Апостала і евангеліста Іаана Багаслова (у гэты дзень здзяйсняецца абрад асвячэння віна). Чацвёрты дзень, 28 снежня – памяці святых Нявінных Немаўлятаў Віфлеемскіх (святары ў гэты дзень даюць асаблівае дабраславенне дзецям). 30 снежня адзначаецца свята Святога Сямейства: Немаўляці Ісуса, Панны Марыі і Іосіфа. 1 студзеня адзначаецца ўрачыстасць Найсвяцейшай Багародзіцы.

Калядны час працягваецца і пасля заканчэння Актавы аж да свята Вадохрышча, якое ў рымска-каталіцкім календары адзначаецца ў першую нядзелю за Богаяўленнем.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая