RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Кінапаказ да 100-годдзя Івана Мележа арганізуюць у кінатэатрах Магілёва

Магілёўскае дзяржаўнае прадпрыемства «Кінавідэапракат» запрашае на кінапаказ «Памяці класіка беларускай літаратуры...», прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа.

8 лютага ў кінатэатрах «Радзіма», «Чырвоная Зорка», «Ветразь» (малыя залы) пройдзе паказ драмы рэжысёра Віктара Турава «Людзі на балоце» (СССР, 1981, 150 мін, 12+) паводле аднайменнага рамана Мележа. Кінастужка была адзначана мноствам узнагарод. У 1982 годзе стужка атрымала прыз за найлепшы акцёрскі ансамбль Міжнароднага кінафестывалю ў Карлавых Варах. У 1983 годзе – прыз Міжнароднага кінафестывалю ў Маніле. «“Палеская хроніка” Івана Мележа доўгія гады была для мяне тым жаданым творам, які нібы магніт прыцягвае да сябе. Чаму так? Ды таму, што я заўсёды імкнуўся ажыццявіць сваю асабістую мару – праз кінаэкран расказаць свету аб духоўным і душэўным багацці беларуса, аб яго працавітасці, шчырасці і мудрасці», – гаварыў пра сваю працу Віктар Тураў.

Лаўрэат шматлікіх літаратурных і Дзяржаўных прэмій Іван Мележ – аўтар раманаў, аповесцяў і апавяданняў, п’ес, сцэнарыяў да тэлеспектакляў, кінасцэнарыяў. Ён нарадзіўся 8 лютага 1921 года на Палессі, у вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна, там, дзе жылі яго «Людзі на балоце». Ён рос у звычайнай сялянскай сям’і. Першае выступленне Івана Мележа ў друку як празаіка адносіцца да 1943 г. (апавяданне «Апошняя аперацыя»). У 1947–1952 гг. ён напісаў раман «Мінскі напрамак» пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі акупаванай Беларусі. Талент Івана Мележа з асаблівай сілай раскрыўся ў трылогіі «Палеская хроніка», прысвечанай жыццю сялян у пераломны перыяд гісторыі. Трылогія складаецца з раманаў «Людзі на балоце» (1962), «Подых навальніцы» (1966) і «Завеі, снежань» (1978).

Найлепшыя творы Івана Мележа сталі класікай нацыянальнай літаратуры. Талент пісьменніка выявіўся ў створаных ім непаўторных чалавечых характарах, у цудоўных і багатых малюнках прыроды, у шырокіх карцінах народнага жыцця і асаблівага побыту, у распрацоўцы глыбінных духоўных і гістарычных грамадска-сацыяльных канфліктаў, у моцнай драматычнай, паэтычна-лірычнай насычанасці твораў.

Рэд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая