Кінатыдзень «Тураўская восень», прысвечаны памяці вядомага беларускага кінарэжысёра Віктара Турава, пройдзе 18–24 кастрычніка ў абласным цэнтры. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім дзяржаўным прадпрыемстве «Кінавідэапракат».
Мерапрыемства штогод праводзяць у родным горадзе майстра. 25 кастрычніка 2021 года яму споўнілася б 85 гадоў.
У фармаце кінатыдня ў кінатэатрах Магілёва пройдуць рэтраспектыўныя паказы фільмаў Віктара Турава: «Я родам з дзяцінства», «Праз могілкі», «Кропка адліку», «Вайна пад стрэхамі», «Сыны ідуць у бой», «Людзі на балоце», «Шляхціц Завальня», «Гора баяцца – шчасця не відаць», «Чорны бусел». Таксама гледачы ўбачаць дакументальны фільм «Віктар Тураў. Дыханне жыцця». Рэжысёрам стужкі стаў Яўген Сяцько, аператарам – Аляксандр Уласаў, а сцэнарый напісаў вучань майстра Аляксандр Анісімаў. У аснове сюжэту 26-хвіліннай стужкі «Беларусьфільма» – гісторыя пра жыццё і творчасць выдатнага беларускага кінарэжысёра, народнага артыста Беларусі і СССР, фільмы якога ўвайшлі ў залаты фонд беларускага і сусветнага кінамастацтва. Акрамя таго, запланаваны брэйн-рынг па кнізе Івана Мележа «Людзі на балоце», кінаўрок «Дзень памяці Віктара Турава» і інш.
Традыцыйнае ўскладанне кветак да памятнай дошкі Віктару Тураву адбудзецца 18 кастрычніка ў 12.35 перад будынкам кінатэатра «Радзіма».
Віктар Тураў нарадзіўся ў Магілёве 25 кастрычніка 1936 года. Свой шлях у мастацтва ён пачынаў на кінастудыі «Беларусьфільм», куды прыйшоў у 1959 годзе. Міжнароднае прызнанне Віктар Тураў атрымаў у 1965-м пасля стварэння свайго першага поўнаметражнага фільма «Праз могілкі» паводле аповесці Паўла Ніліна. За 37 гадоў творчага жыцця рэжысёр і сцэнарыст Віктар Тураў стварыў 26 фільмаў, многія з якіх адзначаны ўзнагародамі самых прэстыжных кінафестываляў. Так, мастацкі фільм «Праз могілкі» рашэннем ЮНЕСКА ў 1994 годзе ўнесены ў спіс 100 найлепшых фільмаў свету. У 1995 годзе Віктар Тураў увайшоў у лік 50 самых вядомых кінематаграфістаў свету, што сведчыць аб высокай ацэнцы творчасці і прафесіяналізму беларускага кінарэжысёра.
У абласным цэнтры на фасадзе кінатэатра «Радзіма» 29 кастрычніка 2003 года была адкрыта памятная дошка Віктару Тураву. У Магілёве ёсць вуліца, названая ў яго гонар. Дні кіно, прысвечаныя беларускаму кінарэжысёру і сцэнарысту, народнаму артысту Беларусі (1979) і СССР (1986), лаўрэату Дзяржаўнай прэміі СССР (1984), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1996, пасмяротна) праходзяць у горадзе на Дняпры з 2001 года.
Ред.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
24.02.2025 - 09:33
Магілёўскі драмтэатр: на многія пастаноўкі форуму «М.@rt кантакт — 2025» білеты амаль распрададзены
20.02.2025 - 10:34
Новыя падрабязнасці пра тэатральны форум «M.@rt кантакт»-2025
19.02.2025 - 12:16
Спектакль «Сабачае сэрца» пермскага тэатра паказалі ў Магілёве