RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сяргеенка правёў выязны прыём грамадзян у Круглым

Выязныя прыёмы дазваляюць кантраляваць, як выконваюцца рашэнні Прэзідэнта і ўрада на месцах. Такое меркаванне выказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сяргеенка падчас выязнога прыёму грамадзян у Круглым.

«Выязныя прыёмы дазваляюць кантраляваць, як выконваюцца рашэнні Прэзідэнта і ўрада на месцах. І такія прыёмы павінны праводзіць усе службовыя асобы – і рэспубліканскага, і мясцовага ўзроўню. Акрамя кантролю, гэта дазваляе вырашаць бягучыя пытанні насельніцтва і тыя, што набылі хранічны характар. Важна ведаць, што турбуе людзей у канкрэтных населеных пунктах, і разумець, чым можна ім дапамагчы», – сказаў Ігар Сяргеенка.

Пытанні ЖКГ і добраўпарадкавання гучалі на прыёме часцей за ўсё. Жыхарка вёскі Гай Круглянскага раёна паскардзілася на стан дарогі, якая вядзе да пасёлка. Яе пабудавалі ў 1986 годзе, з таго часу грунтоўна не рамантавалі. У вёсцы пражывае 48 чалавек, шмат пенсіянераў, ёсць і шматдзетныя сем’і. Па словах заяўніцы, па дарозе немагчыма ездзіць. «А калі хуткая прыедзе? І дзяцей жа ў школу возяць. А там замест асфальту яма на яме», – наракала жанчына. Ёсць два шляхі вырашэння праблемы: зрабіць участак дарогі жвіровым (з гэтым не згодныя жыхары пасёлка) альбо яго адрамантаваць. Жанчыне паабяцалі, што з мая пачнецца рамонт – асфальтабетоннае пакрыццё будуць класці лакальнымі «картамі». Завяршыць работы плануецца да канца кастрычніка. Ігар Сяргеенка запэўніў, што гэтае пытанне ён возьме на кантроль.

З калектыўным зваротам на прыём прыйшлі жыхары аднаго з 43 дамоў у Круглым, у якіх адключылі газавыя воданагравальнікі, устаноўленныя без дазволу. Гарачага водазабеспячэння ў дамах няма, людзі вымушаны былі ўстанавіць электрычныя воданагравальнікі. Жыхары незадаволеныя, што з прычыны павялічанага спажывання электраэнергіі ім даводзіцца больш плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі. Яны звярнуліся да Ігара Сяргеенкі з пытаннем аб устанаўленні льготнага тарыфу.

Як адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, такая праблема ёсць не толькі ў Круглым. Міністэрства энергетыкі разглядае магчымасць прымянення да жылых памяшканняў без гарачага водазабеспячэння, але з цэнтральным ацяпленнем, субсідаванага тарыфу на электраэнергію. Даць нейкія дадатковыя льготы жыхарам Круглага не прадастаўляецца магчымым. Аднак на абласным узроўні можна паспрабаваць вырашыць праблему: альбо рамантаваць і рабіць коміны, каб працягваць карыстацца газавымі награвальнікамі, альбо цалкам пераводзіць дом на электрычныя прыборы. Але такія рашэнні трэба прымаць лакальна – асобна для кожнага дома. Ігар Сяргеенка даручыў адказным службам знайсці рашэнне.

На прыём звярнуўся і адзін з мясцовых індывідуальных прадпрымальнікаў. У яго паспяховае дрэваапрацоўчае прадпрыемства. «Ёсць жаданне і магчымасць далей развівацца, павялічваць магутнасці, аднак няма рэсурсаў. Праз недахоп драўніны прасядае прыбытак. А значыць, мы не можам далей расці, падымаць заробкі нашым супрацоўнікам і ствараць новыя працоўныя месцы», – паскардзіўся мужчына. Драўніну прыватнае прадпрыемства павінна закупляць на біржы. Прадпрымальніка цікавіла, ці ёсць магчымасць вылучыць нейкія дадатковыя квоты па нарыхтоўцы драўніны (выбарачных і суцэльных санітарных высечак) юрыдычным асобам, якія займаюцца дрэваапрацоўкай.

Ігар Сяргеенка звярнуў увагу, што драўніна ў Беларусі рэалізуецца на агульных падставах. Даць дадатковыя квоты немагчыма, таму што нельга загадзя вызначыць аб’ём санітарных высечак, якія ў апошнія гады ў прынцыпе скарачаюцца. Міністэрства лясной гаспадаркі ўжо ўнесла для разгляду змены ў правілы нарыхтовак. Калі іх ухваляць, гэта дасць магчымасць індывідуальным прадпрымальнікам выкарыстоўваць драўніну з ліміту аблвыканкамаў.

Праблемы атрымання жылля, пытанні ўзаемаадносін паміж сваякамі, складаныя жыццёвыя сітуацыі – усяго на прыём да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта звярнулася больш за тры дзясяткі жыхароў Магілёўскай вобласці. Многія з пытанняў ўзятыя на кантроль, нейкія спрэчкі могуць вырашыць самі людзі – трэба толькі знайсці кампраміс.

Ігар Сяргеенка ўдакладніў, што ўсяго за 2019 год у Адміністрацыю Прэзідэнта паступіла каля 2,5 тыс. зваротаў ад жыхароў Магілёўскай вобласці.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая