RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Кніга «Афганістан. Старонкі мужнасці» выдадзена ў Магілёве да 30-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана

Да 30-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана інфармацыйнае агенцтва «Магілёўскія ведамасці» выдала кнігу «Афганістан. Старонкі мужнасці».

«Унікальнасць яе не толькі ў змесце, насычаным рэдкімі фота- і тэкставымі матэрыяламі, успамінамі воінаў-афганцаў, іх сваякоў і іншай, дагэтуль не вядомай шырокай аўдыторыі інфармацыяй, – заўважылі ў рэдакцыі. – Гэта першае за 30 пастафганскіх гадоў прафесійнае выданне, якое аб’яднала агульнаабласную інфармацыю, бо да гэтага толькі часам з’яўляліся невялікія «афганскія» выданні ў асобных рэгіёнах. Цяпер жа ўсё сабрана разам: свет убачыла, па сутнасці, абласная кніга памяці».

Поўнакаляровае, амаль 400-старонкавае выданне ў цвёрдым пераплёце прыцягвае ўвагу яркім, выразным дызайнам, акцэнтаванай падачай інфармацыі, якая ўключае ў сябе шырокую гістарычную даведку перадваеннай сітуацыі ў Афганістане і палітычнае стаўленне да яе СССР, гісторыю станаўлення беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане. Шмат у кнізе інфармацыі аб дзейнасці абласной, гарадскіх і раённых арганізацый ГА «БСВВА».

Выданне ўключае шмат нарысаў аб нашых земляках, якія прайшлі Афган, іх успамінаў, якія суправаджаюцца шматлікімі ілюстрацыямі: ваенныя фота з асабістых архіваў воінаў-інтэрнацыяналістаў, іх лісты родным і блізкім аб тым, як служыцца, і іншыя рэдкія дакументы – унікальныя сведчанні, сапраўдныя старонкі мужнасці, гонару і патрыятызму нашых землякоў, якія воляю лёсу апынуліся ў афганскім пекле.

У працэсе падрыхтоўкі кнігі да друку праведзена вялікая карпатлівая праца па ўдакладненні, ўпарадкаванні і сістэматызацыі спісаў воінаў-інтэрнацыяналістаў Магілёўшчыны. Яе вынік – на старонках кнігі: па кожным горадзе і раёне асобна.

«Гэтая кніга – памяць аб гераічных і трагічных старонках гісторыі тых падзей, гэта даніна павагі ўсім удзельнікам баявых дзеянняў у Афганістане, якія з гонарам і годнасцю выканалі свой воінскі абавязак. Наша радзіма і сёння мае патрэбу ў такіх людзях, якія ўмеюць пераадольваць цяжкасці і вырашаць самыя складаныя задачы», – падкрэсліў у сваім уступным слове да кнігі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі.

Выданне выпушчана па заказе Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама. Рэдкалегія выказвае падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы кнігі да друку галоўнаму ўпраўленню ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама, упраўленням ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарадскіх і раённых выканкамаў, ваенным камісарыятам, абласной, гарадскім і раённым арганізацыям ГА «БСВВА», рэдакцыям СМІ вобласці, якія прадаставілі матэрыялы для кнігі.

Выданне разлічана на шырокае кола чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй, у тым ліку навучэнцаў і студэнтаў, гісторыкаў, навуковых супрацоўнікаў музеяў, работнікаў бібліятэк і г. д.

Першая прэзентацыя кнігі адбудзецца 8 лютага падчас 21-й рэгіянальнай сустрэчы ветэранаў вайны ў Афганістане Бялыніцкага, Круглянскага, Шклоўскага і Магілёўскага раёнаў.

Па матэрыяле mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая