RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Краязнаўчую базу ўспамінаў аб Вялікай Айчыннай вайне стварылі супрацоўнікі Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна

Да 75-годдзя вызвалення Беларусі і Магілёўскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне супрацоўнікі аддзела маркетынгу Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна стварылі карпаратыўную ккраязнаўчую базу даных«Жывая памяць пакаленняў». Пра гэта паведаміла дырэктар установы культуры Ілона Сарокіна.

Гэта задакументаваны погляд на Вялікую Айчынную вайну тых, хто бачыў яе самым непасрэдным чынам, праз чыё жыццё яна прайшлася сваім бязлітасным катком. «Гэтыя людзі жывуць ці яшчэ зусім нядаўна жылі побач з намі, захоўваючы перажытыя жахі вайны ў сваёй памяці. І нават мінулыя дзесяцігоддзі не змаглі сцерці ў ёй глыбокія шнары, – адзначыла суразмоўца. – Успамінаць пра ваенныя нягоды ім было вельмі цяжка, але гэтыя апавяданні неабходныя сёння тым пакаленням, якія не ведаюць вайны».

Асноўны масіў інфармацыі інтэрнэт-рэсурсу складаюць успаміны больш за тысячу ветэранаў, удзельнікаў і сведкаў падзей Вялікай Айчыннай вайны –ураджэнцаў і жыхароў Магілёўскай вобласці, а таксама ўдзельнікаў яе абароны і вызвалення.

Карпаратыўная база даных, праца над якой вялася на працягу пяці гадоў, сфарміравана на аснове матэрыялаў, па крупінках сабраных бібліятэкарамі вобласці ў выніку шматгадовай пошукавай краязнаўчай дзейнасці, і з’яўляецца укладам публічных бібліятэк Магілёўшчыны ў правядзенне мемарыяльных мерапрыемстваў, звязаных з увекавечаннем Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Дадатковымі крыніцамі інфармацыі паслужылі зборнікі ўспамінаў удзельнікаў і відавочцаў Вялікай Айчыннай вайны з фонду бібліятэкі.

База даных складаецца з пяці тэматычных раздзелаў: «Я памятаю», «Галасы вайны», «Асобы Перамогі», «Палявая пошта», «Нашчадкі аб вайне». Унутры кожнага прыводзіцца пайменны спіс персаналій у алфавітным парадку. Матэрыялы прадстаўлены на беларускай і рускай мовах, ёсць магчымасць аўтаматызаванага шматаспектнага пошуку па любым раздзеле, а таксама па ўсім тэксце: па прозвішчах, імёнах, імёнах па бацьку асоб, па геаграфічнай прыналежнасці, а таксама па любым словазлучэнні і слове.

Раздзел «Я памятаю» змяшчае згрупаваныя па блоках ўспаміны франтавікоў, партызан, вязняў, падпольшчыкаў, працаўнікоў тылу, відавочцаў і дзяцей вайны. Старонка кожнай персаналіі можа ўключаць успаміны, біяграфію, фотаматэрыялы, копіі дакументаў, артыкулы са зборнікаў і перыядычных выданняў.

Раздзелы «Галасы вайны» і «Асобы Перамогі» прадастаўляюць магчымасць праслухаць аўдыя і прагледзець відэасюжэты з успамінамі аб вайне, запісаныя бібліятэкарамі вобласці пры асабістых размовах з удзельнікамі і відавочцамі ваенных дзеянняў.

У раздзеле «Палявая пошта» сабрана ўнікальная калекцыя франтавых лістоў, якія ляцелі з розных франтоў Вялікай Айчыннай вайны на сваю малую радзіму –Магілёўшчыну, да іх родных і блізкіх. У кожнага ліста свая гісторыя, якая адлюстроўвае лёс сем’яў, да якіх дакранулася страшная рука вайны. Лісты, ад якіх мурашкі па скуры, ком у горле і слёзы на вачах. Лісты, якія распавядаюць гісторыю цэлага народа, лісты, якія сталі самой гісторыяй…

Раздзел «Нашчадкі пра вайну»– гэта даніна павагі пакаленню пераможцаў і падзяка ад сучаснага падрастаючага пакалення, якое падзялілася ўспамінамі сваіх сваякоў, якія прайшлі праз пекла вайны, а таксама выказалі стаўленне да праблемы вайны і міру праз сваю творчасць: вершы, апавяданні, малюнкі і сачыненні.

«Распрацоўка гэтага праекта абумоўлена імкненнем абагульніць, сістэматызаваць і захаваць першакрыніцы аб Вялікай Айчыннай вайне, якімі з’яўляюцца ўспаміны, выказаць падзяку нашым землякам, мужнасць і гераізм якіх забяспечылі перамогу, сфарміраваць у глабальнай сетцы ітэрнэт больш поўную інфармацыйную карціну ваеннай гісторыі Магілёўскай вобласці», – падкрэсліла Ілона Сарокіна.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая