RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Кропкава і з розумам. У Быхаўскім раёне далі старт пасяўной у Магілёўскай вобласці

У Быхаўскім раёне далі старт пасяўной кампаніі ў Магілёўскай вобласці.

Першымі ў рэгіёне работы пачалі механізатары ААТ «Акрыдовічы». У поле сёння выйшаў ужо вопытны механізатар Леанід Ручкін. За зіму прывялі ў парадак тэхніку, а зараз, дзеліцца мужчына, нарэшце пачынаецца сезон - гэтага моманту чакаў з нецярпеннем. Ён у сельскай гаспадарцы ці ледзь не з падлеткавага ўзросту. Працу сваю любіць і ні на што іншае мяняць яе не хоча.

«Стараемся, каб добра і своечасова пасеяць. Пачынаем сёлета рана - зімы практычна не было, у большасці сваёй мы ўсюды праходзім. Таму часу дарма не губляем», - падзяліўся ён.

Як расказаў дырэктар ААТ «Акрыдовічы» Анатоль Мхітараў, падрыхтоўка да новага сезона палявых работ была сур'ёзнай. «Выязджаем у поле першымі на яравую сяўбу ў Быхаўскім раёне. Надвор'е спрыяльнае, падабралі ўчасткі, падрыхтавалі глебу, - падзяліўся кіраўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства. - На гэтым полі пачынаем сеяць авёс гатунку «лідыя». Усяго пад яравую сяўбу збожжавых каласавых у нас плануецца 1,7 тыс. га, у тым ліку 200 га грэчкі. Таксама будзем сеяць больш за 1,5 тыс. га кукурузы, у тым ліку 100 га - на зерне. Аднагадовай травы - каля 700 га».

Па словах Анатоля Мхітарава, пакуль сяўбу пачынаюць кропкава, там, дзе падышла зямля. «Усе гатовы, - распавёў ён. - Людзі засумавалі па працы за зіму. Надвор'е радуе, спадзяемся, што дажджы нам дапамогуць, таму што за зіму было мала вільгаці назапашана. А гэта - ключавы фактар ураджаю. Забяспечанасць угнаеннямі ў нас 100%. Наша задача - пасеяць, даглядзець ураджай і прыбраць яго ў тэхналагічныя тэрміны».

Па традыцыі пасяўную пачалі з народнага абраду «Засеўкі», да якога далучыўся старшыня Быхаўскага райвыканкама Аляксандр Кісялёў. Ён разам з кіраўнікамі сельскагаспадарчых арганізацый раёна першымі ўручную пасеялі зерне.

Старшыня райвыканкама адзначыў, што зімой снегу практычна не было, вільгаці ў глебе няшмат, а таму трэба карыстацца кожным момантам: людзі на гэта настроены, тэхніка гатова. «Усяго ў раёне 9, 7 тыс. га збожжавых, якія неабходна пасеяць у тэрмін. Сёння пачынаем на полі «Акрыдовічаў» - тут больш пясчаная глеба. Заўтра плануем падключыць яшчэ дзве гаспадаркі. Таму пасяўная кампанія ў нас ужо пачынае набіраць абароты», - распавёў ён.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая