У лістападзе ў Крычаве пройдзе Міжнародны інвестыцыйны форум «Млын поспеху». Ён прысвечаны развіццю паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці.
У італьянскай Таскане ёсць папулярная велагонка з рамантычнай назвай Страда Б’янка – гэта значыць, Белыя Дарогі. Але сапраўдныя белыя дарогі – у Крычаве, у кар’еры «Каменка». Менавіта тут адкрытым спосабам здабываюць мел для цэментнай вытворчасці. Крочаць экскаватары, угрызаюцца ў пароду трыма ўступамі на глыбіню ў 66 метраў. Самазвалы ледзь паспяваюць адвозіць сыравіну. Радовішча і стала асновай для інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве новага завода. Яго запуск адбыўся сем гадоў таму.
На цэментавым заводзе ў Крычаве працуе амаль тысяча чалавек. У сярэднім тут вырабляецца 6 тысяч тон цэменту за суткі. Адна з найважнейшых і перспектыўных задач – паніжэнне сабекошту прадукцыі за кошт больш актыўнага прымянення мясцовых відаў паліва. А падмуркам паспяховай працы застаецца прымяненне найноўшых тэхналогій і па-крычаўску творчы падыход да справы.
Сёння завод працуе з максімальнай нагрузкай, і трэць сваёй прадукцыі крычаўскія цэментнікі прадаюць на экспарт. Адзін з самых буйных інвестпраектаў паўднёвага ўсходу аказаўся паспяховым.
А вось вытворчасцю шыферу ў Крычаве цяпер займаецца прадпрыемства з удзелам расійскага капіталу. Кампанія «Дахавыя матэрыялы Беларусі – Усход» 4 гады таму арандавала ў цэментнікаў вытворчую лінію і не толькі захавала больш за сотню працоўных месцаў, але і стварыла новыя. Зараз тут выпускаюць 11 тысяч лістоў шыферу за суткі, кожны чацвёрты пакупнік – іншаземец, у планах – развіццё інвестпраекта.
Адзіны ў Беларусі завод па вытворчасці цэмента-стружкавай пліты з’явіўся на плошчах былога мясакамбіната. Сваю станоўчую ролю для прыцягнення аўстрыйскіх інвестыцый адыгралі прэферэнцыі для паўднёвага ўсходу Магілёўшчыны, блізкасць цэментнага завода і сыравіннай базы, добры кадравы патэнцыял рэгіёна. Працу атрымала 180 чалавек. Прадукт экалагічна чысты, таму ільвіная доля экспарту прыпадае на краіны Еўрасаюза.
Ствараць новыя працоўныя месцы і выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю – глабальная задача інвестфоруму «Млын поспеху». І Крычаў у гэтай справе можа стаць прыкладам для паўднёвага ўсходу.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
22.04.2025 - 09:37
Магілёўская асацыяцыя прамыслоўцаў пашырае міжнародныя кантакты (відэа)
17.04.2025 - 09:05