RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Лаўрэаты прэміі «За духоўнае адраджэнне» ахвяравалі грошы на стварэнне мемарыяла ў памяць аб трагедыі спаленых вёсак у Магілёўскай вобласці

У студзені Прэзідэнт узнагародзіў прэміяй «За духоўнае адраджэнне» калектыў аўтараў, якія стварылі фундаментальнае картаграфічнае выданне «Вялікі гістарычны атлас Беларусі»: акадэміка-сакратара аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандра Каваленю, галоўнага рэдактара РУП «Белкартаграфія» Галіну Ляхаву і дырэктара Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі Вячаслава Насевіча. Лаўрэаты аднадушна вырашылі накіраваць грошы на будаўніцтва мемарыяла ў памяць аб трагедыі спаленых вёсак у Магілёўскай вобласці, які плануецца адкрыць у чэрвені. «Памяць аб вайне і тых трагедыях для нас святая! Няма для чалавека нічога важнейшага, чым мір! – сказала Галіна Ляхава.

У чацвёртым томе гэтага ўнікальнага выдання даволі многа месца адведзена картам, якія прысвечаны трагічным і гераічным старонкам Вялікай Айчыннай вайны. На генеральнай карце можна нават прасачыць геаграфію знішчэння ў тыя гады населеных пунктаў, многія з якіх так і не адрадзіліся... Ёсць у гісторыка-геаграфічным паказальніку і назва вёскі Боркі, што ў Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці. Да вайны ў Борках і шасці навакольных пасёлках (Пралетарскі, Дзяржынскі, Чырвоны Араты, Закрынічча, Доўгае Поле і Хватаўка) было каля 300 двароў.

15 чэрвеня 1942 года ў Боркі наляцеў карны атрад штурмбанфюрэра СС Оскара Паўля Дырлевангера. 2000 мірных жыхароў – старых, жанчын, дзяцей – расстрэльвалі, спальвалі ў дамах, скідалі ў калодзежы... Пасля вайны Боркі былі адноўленыя, а вось пасёлкі засталіся толькі ў памяці гісторыі.

У жніўні 2004 года, праз 62 гады пасля трагедыі, узведзена капліца ў гонар абраза Божай Маці «Спагнанне загінулых». А ў жніўні 2008-га ўсталявана сцяна памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці: шэсць гранітных пліт з назвамі 112 знішчаных населеных пунктаў і закладзена капсула з зямлёй з кожнага. У тым ліку з 20 вёсак Кіраўскага раёна…

СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая