RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Леанід Мартынюк: дыялог прамыслоўцаў, прадпрымальнікаў і ўлады вызначае паспяховую працу эканомікі

Канструктыўны дыялог паміж прамыслоўцамі, прадпрымальнікамі і прадстаўнікамі ўлады вызначае паспяховы вектар работы эканомікі. Такой думкай падзяліўся памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, падводзячы вынікі сустрэчы з Магілёўскай і Бабруйскай асацыяцыямі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў.

«Канструктыўны дыялог паміж прадстаўнікамі прамысловай сферы, малога бізнэсу і ўлады вызначае паспяховы вектар працы эканомікі. Задача ў нас адна - забяспечыць жыццядзейнасць прамысловасці, сярэдняга і малога бізнесу, - адзначыў ён. - А для гэтай працы неабходна абмяркоўваць праблемныя пытанні, дзяліцца досведам і назіраннямі. У будучыні гэта можа дапамагчы ва ўдасканаленні нарматыўна-прававой базы, далейшага ўдасканалення сістэмы працы нашых прадпрыемстваў».

Сустрэча з прадстаўнікамі асацыяцый Магілёва і Бабруйска праходзіла на базе Бабруйскага завода трактарных дэталей і агрэгатаў. Удзельнікамі сустрэчы сталі больш за 50 чалавек. Паводле слоў памочніка Прэзідэнта - інспектара па Магілёўскай вобласці, у час размовы ўзнімаліся самыя разнастайныя пытанні. «Яны датычыліся супрацоўніцтва з Фондам сацыяльнай абароны. Многія гавораць аб тым, што ў гэтым напрамку неабходна ўдасканальваць падыходы. Яшчэ адно пытанне, якое прагучала сёння, - узаемадзеянне з кантралюючымі органамі. Былі пытанні ў прадстаўнікоў дырэктарскага корпуса Бабруйска да працы водаканала. Самая пільная ўвага - да павышэння заработнай платы. Усё гэта ляжа ў аснову далейшай сумеснай працы для стварэння камфортных умоў. Акрамя гэтага, вызначаны задачы і планы на 2023 год».

Як расказаў генеральны дырэктар Магілёўскай асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Віктар Красоўскі, усе ўзнятыя ў час сустрэчы пытанні былі зададзены не проста для галачкі, яны насамрэч хвалююць дырэктарскі корпус прадпрыемстваў. «Такія абмеркаванні даюць магчымасць прадстаўнікам прамысловасці і прадпрымальніцтва агучыць хвалюючыя іх пытанні, звярнуць увагу ўлады на тыя ці іншыя недахопы. Бо калі не казаць аб гэтым, то складзецца ўражанне, што ўсё добра. Але для нас важна паказваць аб'ектыўную карціну, - падкрэсліў ён. - У нас ёсць упэўненасць, што ўсе праблемы будуць прапрацаваны. Вядома, усё разумеюць, што шматлікія з іх немагчыма вырашыць маментальна. Ніхто і не патрабуе імгненнага рашэння. Мы гатовы сумесна працаваць па ўсіх напрамках».

Апроч гэтага Леанід Мартынюк закрануў тэму навуковага патэнцыялу нашай краіне. Ён адзначыў, што ўзаемадзеянне паміж навукай і прамысловым комплексам забяспечыць новымі тэхналогіямі і сучасным абсталяваннем прадпрыемства не толькі сёння, але і зробіць сур'ёзны ўклад у яго развіццё ў будучым.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая