RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Леанід Мартынюк: эфектыўнасць прадпрыемстваў забяспечвае рэальныя сацгарантыі для грамадзян

Эканамічная эфектыўнасць прадпрыемстваў забяспечвае рэальныя сацыяльныя гарантыі для грамадзян. Такое меркаванне ў час сустрэчы з калектывам філіяла ААТ «БЕЛАЗ» - кіруючая кампанія холдынгу «БЕЛАЗ-Холдынг» - «Магілёўскі аўтамабільны завод імя С.М.Кірава» агучыў памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк.

«Сёння мы былі на прадпрыемстве, якое паказвае ўстойлівае і дынамічнае развіццё не толькі ў сферы эканомікі. Тут мы ўбачылі моцны сацыяльны пакет, якім забяспечаны ўсе работнікі завода. Гэтая вялікая сумесная праца прафсаюзнага камітэта і кіраўніцтва прадпрыемства паказвае клопат аб сваіх людзях. Такую ўвагу да грамадзян па месцы іх працаўладкавання можна ўбачыць не толькі тут, а па ўсёй краіне, што яскрава пацвярджае дзейснасць дзяржаўнага вектара - у аснове ўсяго заўсёды стаяць людзі, - адзначыў памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці. - Аднак ад эканамічнага складніка таксама нельга сысці. Чым вышэй эфектыўнасць, тым больш рэальных сацыяльных гарантый атрымліваюць працаўнікі».

«На гэтым аўтамабільным заводзе шмат дынастый, ёсць такія, што агульны іх працоўны стаж перавышае 400 гадоў. І, на мой погляд, гэта найлепшае пацвярджэнне паспяховасці і стабільнасці як прадпрыемства, так і нашых грамадзян», - адзначыў Леанід Мартынюк.

У аддзеле галоўнага канструктара працуе канструктар Наталля Куцапаленка. Калісьці на завод у Магілёве прыйшоў працаваць кавалём яе прадзед Васіль Цецерлюкоў. Пасля сюды прыйшлі яго дзеці. А зараз на заводзе працуюць 6 чалавек з гэтай сям'і. Працоўны стаж дынастыі складае 433 гады.

Праца з моладдзю і кадрамі, забеспячэнне сацыяльных гарантый - гэтым пытанням таксама ўдзялілі шмат увагі. Як расказаў кіраўнік завода Аляксандр Моніч, прадпрыемства актыўна падтрымлівае сваіх работнікаў. «Выплаты маладым спецыялістам, магчымасць атрымаць пакой у інтэрнаце, падтрымка жанчын і мужчын, якія знаходзяцца ў дэкрэтных водпусках і многае іншае. Дзяржава заклала ўсё гэта ў аснову нашай працы. Са свайго боку мы прыкладаем максімальныя намаганні, каб чалавек адчуваў клопат як з боку дзяржавы, так і кіраўніцтва завода», - адзначыў ён.

Традыцыі настаўніцтва для прадпрыемства - не пусты гук. «Мы зацікаўлены ў тым, каб да нас на працу прыходзіла моладзь, а таму ствараем для іх усе ўмовы. Ніводны малады спецыяліст не застаецца кінутым на волю лёсу пасля працаўладкавання. За імі замацоўваюцца дасведчаныя адмыслоўцы, якія дапамагаюць адаптавацца да працы. Праводзім на прадпрыемстве дні адаптацыі для такіх рабят - разбіраны ўсе праблемныя моманты, адказваем на пытанні. Са свайго боку мы робім усё, каб чалавек змог раскрыцца як прафесіянал і атрымліваў за гэта дастойную заработную плату. У нас насычанае спартовае і культурнае жыццё», - распавёў кіраўнік прадпрыемства.

Леанід Мартынюк падчас сустрэчы з калектывам пацікавіўся, як ідуць справы на заводзе, якія планы ёсць на перспектыву. Акрамя гэтага, прайшло абмеркаванне і важных дзяржаўных пытанняў: унутранай і знешняй палітыкі, дэмаграфічнай бяспекі. Таксама надалі ўвагу пытанням кібербяспекі. «Любы чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй выдатна ведае і разумее працэсы, якія адбываюцца ў краіне і свеце. Аднак ніколі не бывае лішнім абгаварыць гэтыя тэмы яшчэ раз. Часцяком менавіта такія сустрэчы дапамагаюць высветліць праблемныя моманты, падзяліцца меркаваннямі і поглядамі. Такія канструктыўныя і змястоўныя дыялогі заўсёды цікавыя і насычаныя», - падсумаваў ён.

Пасля размовы з калектывам памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях, а таксама азнаёміўся з вытворчымі магутнасцямі Магілёўскага аўтамабільнага завода.

БЕЛТА, фота mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая