RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Леанід Мартынюк: ініцыятывы мясцовых жыхароў павінны паслужыць развіццю паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці

У паўднёва-ўсходніх раёнах Магілёўскай вобласці асаблівая ўвага надаецца фарміраванню кадравага патэнцыялу і працы са зваротамі грамадзян. Пра гэта расказаў журналістам памочнік Прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк – падчас нарады па пытаннях кадравай палітыкі і асабістага прыёму грамадзян у Касцюковіцкім і Хоцімскім раёнах.

Сацыяльна-эканамічнаму развіццю Касцюковіцкага і Хоцімскага раёнаў надаецца асаблівая ўвага. Пра гэта сведчыць Указ Прэзідэнта ад 8 чэрвеня 2015 года № 235. «Дакумент выконваецца, і людзям, якія пражываюць на гэтых тэрыторыях, неабходна разумець яго ролю і значнасць у павышэнні якасці жыцця, шанаваць вызначаныя прэферэнцыі і магчымасць карыстацца імі, – сказаў Леанід Мартынюк. – У сваю чаргу органам выканаўчай улады варта прымаць максімум намаганняў для рэалізацыі ўказа на месцах. Аднак людзі ні ў якім разе не павінны займаць утрыманскую пазіцыю, іх задача – мабілізавацца для рэалізацыі канкрэтных ідэй і пачынанняў, у тым ліку праяўляць ініцыятыву ў прадпрымальніцкай сферы, укладвацца ў развіццё гэтых тэрыторый. Павінна быць выканана даручэнне Прэзідэнта – рэалізаваць на тэрыторыі кожнага з раёнаў як мінімум два буйныя інвестпраекты».

Памочнік Прэзідэнта падкрэсліў, што ва ўсе часы асноўным драйверам развіцця былі людзі, кадравы патэнцыял. Прычым сёння цэняцца не толькі іх прафесійныя навыкі і багаты жыццёвы вопыт, але і актыўная грамадзянская пазіцыя, жаданне быць карысным у развіцці роднага краю. Гэтаму надаецца пільная ўвага. Аб гэтым таксама ішла гаворка на нарадзе па пытаннях кадравай палітыкі. Дарэчы, пасяджэнне конкурснай камісіі па фарміраванні рэзерву кіруючых кадраў Касцюковіцкага і Хоцімскага раёнаў прайшло з удзелам начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Сяргея Іванова.

«Мы ацанілі перспектыву развіцця двух раёнаў, убачылі добры патэнцыял рэзервістаў і годную працу мясцовых кадравых службаў, – падкрэсліў Леанід Мартынюк. – Важна не толькі захаваць гэты патэнцыял, але і прымножыць, паколькі рэзерв кадраў – гэта тыя людзі, якія пасля будуць ствараць выгоды для жыхароў гэтых тэрыторый. Радуе, што ёсць станоўчая дынаміка: за апошнія два гады сфармаваўся рэзерв, які значна адрозніваецца якасцю падрыхтоўкі. Упэўнены, гэты вектар працы будзе працягнуты».

Пасля нарады адбыўся асабісты прыём грамадзян памочнікам Прэзідэнта, да якога жыхары рэгіёна звярталіся з рознымі пытаннямі, у першую чаргу закраналі сферу жыллёва-камунальнай гаспадаркі. «Мясцовая выканаўчая ўлада павінна ставіцца з вялікай увагай да спадзяванняў людзей, якія пражываюць у паўднёва-ўсходніх рэгіёнах, – падкрэсліў Леанід Мартынюк. – Важна ісці ім насустрач, унікаць у сутнасць праблемы і імкнуцца дапамагчы. Аднак і людзям неабходна тлумачыць, што адны пытанні можна вырашыць адразу, з другімі будзе праца ў доўгатэрміновай перспектыве, а трэція не падлягаюць вырашэнню зусім, бо ляжаць за гранню прававога поля. Часта шэраг пытанняў людзі могуць вырашыць самі, Аднак калі сітуацыя зацягнулася, прымаць рашэнні прыйдзецца ў судовым парадку».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая