RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Леанід Мартынюк: кааперацыя прампрадпрыемстваў Магілёўскай вобласці дае пазітыўны эфект эканоміцы

Кааперацыя прамысловых прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці дае пазітыўны эфект для эканомікі рэгіёна. Такой думкай падзяліўся памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк у час наведвання УП «Магілёўдругасчормет».

«Прамысловы комплекс, нягледзячы на шэраг перашкод, якія ўзнікаюць у яго працы, сёння паказвае дастойны вынік і працэнт прыросту. І, безумоўна, тут нельга спыняцца, - адзначыў Леанід Мартынюк. - «Магілёўдругасчормет» - гэта прадпрыемства, дзе таксама існуюць пэўныя праблемы, з якімі прадпрыемства сутыкнулася і якія паспяхова пераадольвае. І самае галоўнае, што тут створаны добрыя ўмовы працы для працаўнікоў. Відаць, што на прадпрыемстве ёсць і працоўная, і прафесійная дысцыпліна, наведзены на тэрыторыі парадак, што не так проста ў працы з другаснай сыравінай».

Сёння на прадпрыемстве прайшло выязное пасяджэнне прэзідыума Магілёўскай асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў. Такія сустрэчы даюць свой станоўчы эфект для развіцця эканомікі і прамысловай вытворчасці рэгіёна. «Да такога выязнога фармату сустрэч мы перайшлі некалькі гадоў таму. Яны даюць магчымасць кіраўнікам прадпрыемстваў паразмаўляць, знайсці пункты судакранання, аж нават да заключэння новых кантрактаў і дамоўленасцей. Такія кааперацыйныя сувязі даюць станоўчы эфект як для развіцця асобна ўзятых прадпрыемстваў, так і для эканомікі ўсяго рэгіёну ў цэлым», - падкрэсліў памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці.

Леанід Мартынюк і ўдзельнікі сустрэчы азнаёміліся з вытворчымі магутнасцямі «Магілёўдругасчормета». Экскурсію для гасцей правёў дырэктар прадпрыемства Уладзімір Кавалеўскі. «Мы прадэманстравалі тэхналагічны працэс перапрацоўкі розных відаў лому: буйнагабарытнага, таўстасценнага і танкасценнага, а таксама чыгуну. Акрамя гэтага, мы прадэманструем і іншыя тэхналагічныя падыходы, якія ёсць у Бабруйскім цэху. Усе ўзоры мы прадставілі гасцям, - расказаў дырэктар. - Сённяшняя сустрэча для нас вельмі важная. Мы паказалі ўсё, чым маем. Наша прадпрыемства не толькі перапрацоўвае крышан, але і займаецца іншымі відамі дзейнасці. Напрыклад, мы з'яўляемся вытворцам газападобнага кіслароду, для чаго ёсць спецыяльны газіфікатар. Мы павялічваем долю вывазу крышана ад арганізацый уласным транспартам і прыступілі да працы па дэмантажы металаканструкцый. Гэта новы від дзейнасці для нас. Прадпрыемства развіваецца: акрамя збору, перапрацоўкі і пастаўкі металалому, арганізавана праца па рамонце ломаперапрацоўчага абсталявання і транспарту саматугам, эканомячы фінансавыя рэсурсы».

Як расказаў старшыня Магілёўскай асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Мікалай Цыкуноў, у склад асацыяцыі ўваходзяць каля 180 прадпрыемстваў. «Такія выязныя пасяджэнні дапамагаюць пазнаёміцца з тэхналогіямі, перапрацоўкай, камерцыйнымі і кааперацыйнымі, імпартазамяшчальнымі пытаннямі, - адзначыў ён. - Такое ўзаемадзеянне сябе апраўдвае. Напрыклад, у склад нашай асацыяцыі ўвайшлі два цэментныя заводы. Яны пазнаёміліся тут з кіраўніцтвам УЧНВП «Тэхналіт». Яны скаапераваліся, і цяпер «Тэхналіт» займаецца імпартазамяшчэннем: вырабляе для іх абсталявання неабходныя дэталі. Дзякуючы асацыяцыі мы раскрываем патэнцыял нашых прадпрыемстваў».

У час пленарнага пасяджэння ўдзельнікі сустрэчы абмеркавалі шэраг важных пытанняў. Як расказаў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар, у якасці пляцоўкі магілёўскае прадпрыемства было выбрана не выпадкова, бо з ім супрацоўнічае большасць прампрадпрыемстваў рэгіёну. «Сёння мы паглядзелі, як працуе прадпрыемства і як можна паглыбляць кааперацыю. Акрамя таго, на такіх сустрэчах мы кожны раз уздымаем асобныя тэмы, якія хвалююць большасць нашых прадпрыемстваў. Сёння мы дадаткова разгледзелі два пытанні, перш за ўсё гэта ахова працы. Ахова працы - гэта тое пытанне, якое ў руціне мы часам выпускаем з-пад увагі, хоць за ім - чалавечыя жыцці. Гэта бяспека працы нашых грамадзян, а ўмовы працы - найважнейшая тэма для таго, каб падвышаць прадукцыйнасць працы», - сказаў ён.

Асобную ўвагу ў час пленарнага пасяджэння ўдзялілі яшчэ аднаму актуальнаму пытанню. «Мы закранулі змены заканадаўства ў сферы мытнага рэгулявання. З улікам пэўных абмежаванняў на знешніх рынках, якраз работа з мытнымі органамі, заканадаўствам і ўзаемадзеяннем дае магчымасць нашым прадпрыемствам непасрэдна вырашаць пытанні, - падкрэсліў Руслан Страхар. - Мы дакладна разумеем, што толькі разам - малы прыватны бізнэс, сярэднія прадпрыемствы і буйныя прамысловыя вытворчасці - мы можам вырашаць агульныя пытанні, дапаўняць адзін аднаго і забяспечваць агульнае развіццё прамысловасці Магілёўскай вобласці».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая