RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Леанід Мартынюк: неабходна знаходзіць новыя шляхі вырашэння кадравых пытанняў

З развіццём часу і новымі павевамі неабходна шукаць новыя шляхі вырашэння кадравых пытанняў. Такой думкай з журналістамі падзяліўся памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк падчас выязнога семінара-практыкума «Фарміраванне дзейснага рэзерву кадраў і праца з ім. Забеспячэнне кадравай бяспекі».

«Правядзенне такіх выязных семінараў у рэгіёне ідзе на сталай аснове. У нас атрымліваецца сімбіёз практыкі і тэорыі, дзе працу кадраў, кадравых службаў можна паглядзець, ацаніць і падзяліцца досведам. Гэта дае магчымасць начальнікам кадравых упраўленняў, кадравых аддзелаў аблвыканкама, райвыканкамаў у зносінах знаходзіць пункты судакранання, высвятляць праблемы, якія можна абмеркаваць. Гэта дазваляе прымаць правільныя кіраўнічыя рашэнні, знаходзіць новыя шляхі вырашэння кадравых пытанняў», - адзначыў ён.

У час семінара адной з тэм для абмеркавання стала пытанне кадравай бяспекі. «Гэта важны фактар развіцця асобнага раёна, вобласці і ўсёй краіны ў цэлым. Такія выязныя семінары даюць магчымасць знаходзіць варыянты запаўнення вакансій, якія цяпер ёсць у вобласці, - падкрэсліў Леанід Мартынюк. - Сітуацыя з вакансіямі ў Магілёўскай вобласці некрытычная, усё знаходзіцца пад кантролем. Пры гэтым яшчэ застаюцца шурпатасці ў працы, якія дапамагаюць нівеліраваць вось такія выязныя семінары з кадравымі службамі».

Памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці таксама зазначыў, што ў рэгіёне прымаюцца ўсе неабходныя меры для фарміравання прафесійнага і матываванага кадравага рэзерву. «На пастаяннай аснове праходзяць сустрэчы з маладымі спецыялістамі, калектывамі прадпрыемстваў і арганізацый. Такія тэматычныя сустрэчы - практыка, якая павінна прымяняцца ва ўсіх галінах. Бо часта мы замыкаемся ў сваіх раёнах, на сваіх прадпрыемствах, у сваіх напрамках і не бачым, што робіцца ў іншых. А тут можна знайсці станоўчы вопыт, на якім трэба вучыцца. Але таксама можна знайсці і памылкі, якія трэба ведаць, як выпраўляць і не дапускаць іх у будучыні. Тут ёсць магчымасць сумесна знаходзіць новыя рашэнні для кадравай працы, шукаць новыя падыходы».

Ён таксама падкрэсліў, што выхаванне прафесійных і зацікаўленых у рабоце і развіцці кіраўнікоў павінна пачынацца з самага ранняга ўзросту. «Нехта валодае такімі ўласцівасцямі, а нехта не. Тут стаіць задача перад выкладчыкамі - знайсці такіх людзей і дапамагчы ім развіць свае таленты. Яшчэ важная зацікаўленасць чалавека быць запатрабаваным і кампетэнтным спецыялістам у сваёй прафесіі, - адзначыў ён. - Добры прыклад такога развіцця - БРСМ. Хлопцы сюды прыходзяць акцябратамі, вучацца выступаць на публіцы, фармаваць свой погляд, даносіць свае думкі да іншых. Тутака ж яны працягваюць сваё развіццё і станаўленне. Але важна разумець, што быць кіраўніком - няпроста, гэта вялікая адказнасць, якая патрабуе добрай падрыхтоўкі».

Выязны семінар-практыкум праходзіць сёння ў Бабруйскім райвыканкаме. Яго ўдзельнікамі сталі больш за 50 чалавек. Галоўная задача, якая стаіць перад удзельнікамі - павышэнне ўзроўню прафесійнай кампетэнцыі спецыялістаў па рабоце з кадрамі, абмен вопытам работы па пытаннях эфектыўнага фарміравання рэзерву кадраў і гарантавання кадравай бяспекі.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая