RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Леанід Мартынюк правёў выязны прыём грамадзян у Круглым

Сёння памочнік Прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк – правёў выязны прыём грамадзян у Круглым. Большая частка пытанняў тычылася паляпшэння жыллёвых умоў, працаўладкавання, пенсійнага забеспячэння – з такімі праблемамі звярнуліся да Леаніда Мартынюка жыхары самога райцэнтра, вёсак Круглянскага раёна, Магілёва. Усяго на сустрэчу прыйшло восем чалавек.

Адна з іх – жыхарка Магілёва. У свой час стаяла з сям’ёй на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў: адначасова пабудавала кватэру ў Магілёве і атрымала зямлю ў вёсцы Вялікая Бароўка Магілёўскага раёна. У 2019 годзе муж і жонка сталі ўзводзіць на ўчастку дом. Аднак у мінулым годзе рашэннем суда рэгістрацыя пабудовы была прызнана несапраўднай, паколькі сам участак быў выдзелены з парушэннем нормаў заканадаўства. Цяпер дому пагражае знос. Заяўніца просіць правесці аўкцыён па продажы ўчастка, не разбіраючы недабуд, каб магла сама ўдзельнічаць у таргах і выкупіць дом. Леанід Мартынюк узяў пытанне на кантроль, паабяцаў разабрацца ў спрэчнай сітуацыі.

Аляксандр Асмалоўскі з вёскі Шупені прыйшоў на прыём з пытаннем аб статусе ўдзельнікаў ліквідацыі Чарнобыльскай АЭС і льготах. Звяртае ўвагу на тое, што ў сувязі са змяненнем заканадаўства ў 2012 годзе ліквідатараў аднеслі да катэгорыі пацярпелых ад катастрофы. «Гэта ўсё роўна, што назваць ветэранаў вайны пацярпелымі», – абураецца вясковец. Актуальную тэму і свае прапановы ён таксама накіраваў на VI Усебеларускі народны сход.

Леанід Мартынюк адзначыў, што ён дзейнічае канструктыўна – агучылі пытанне праз ВНС:

– Кропка ў гэтым пытанні не пастаўлена – пытанне будзе разгледжана з удзелам Міністэрства фінансаў і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Бо гэта сітуацыя ляжыць у плоскасці як прававой, так і фінансавай сістэм. Пытанне будзем трымаць на кантролі.

Другая тэма, якую падняў жыхар Шупеняў, тычылася падатковай нагрузкі на суб’екты агратурызму і павелічэння дзяржаўнай пошліны да дзвюх базавых велічынь. Звярнуўся з просьбай растлумачыць прычыну такога росту, бо даходы праз пандэмію зменшыліся ў 10 разоў. Леанід Аляксеевіч адзначыў, што прычына нерэнтабельнасці аграбізнесу вытлумачальная – праз каранавірус сферы грамадскага харчавання і турызму прыкметна аселі. Што тычыцца падатковай нагрузкі, то яна не такая істотная. Бо раней прапаноўвалася павысіць дзяржпошліну да 4 базавых на год.

Шэраг тэм, агучаных на прыёме, тычыўся паляпшэння жыллёвых умоў, павышэння надбаўкі да пенсіі па ўзросце. Аналізуючы ўсе гэтыя сітуацыі, Леанід Аляксеевіч адзначыў:

– Радуе тое, што людзі ацэньваюць працу ўладаў са станоўчага боку, бачаць, што ім надаюць належную ўвагу, разбіраюцца ў іх пытаннях. Што тычыцца вузкіх праблем, іх абавязкова трэба вырашаць, бо лакальныя болевыя моманты часта ўвязаныя з рашэннем органаў мясцовай улады, інтарэсамі іншых людзей. Самае галоўнае – знайсці гэту залатую сярэдзіну, паступаць правільна, па законе і так, каб зыход задавальняў усе бакі. Падчас прыёму людзі не раз згадвалі VI Усебеларускі народны сход і абапіраліся на яго. Па некаторых пытаннях ужо чакаюць канкрэтных рашэнняў, як, да прыкладу, грамадзянін, які звярнуўся па статусе ліквідатараў. Добра, што людзі карыстаюцца такімі буйнымі пляцоўкамі для абмеркаванняў, прыходзяць на прыёмы грамадзян. Толькі разам мы зможам намацаць важныя арыенціры для развіцця.

Пасля прыёму Леанід Мартынюк азнаёміўся з працай некалькіх прадпрыемстваў Круглянскага раёна. У прыватнасці, наведаў кандытарскую фабрыку «Кацярына». Філіял прыватнай кампаніі працуе ў Круглым з 2012 года. Там вырабляюцца тарты, пірожныя і рулеты ў індывідуальнай упакоўцы. Вытворчыя магутнасці завода дазваляюць вырабляць каля 800 кілаграмаў у суткі кандытарскіх вырабаў. Яшчэ адно прадпрыемства, на якім пабываў Леанід Мартынюк, – завод па перапрацоўцы другасных рэсурсаў «Усходні». Вытворчы ўчастак у Круглым, створаны ў 2012 годзе, прымае ПЭТ-бутэлькі, тару ад бытавой хіміі, адходы прамысловых прадпрыемстваў. Летась на ўчастку было перапрацавана больш за 4 тысячы тон палімерных адходаў. Сваю цікавасць памочнік Прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці – да такога роду вытворчасцяў пазначыў наступным чынам:

– Бізнес рознай формы ўласнасці павінен развівацца як у буйных гарадах, так і ў невялікіх райцэнтрах. Гэта дадатковыя працоўныя месцы, годная заработная плата для людзей, развіццё рэгіёнаў. Гэтыя арыенціры пазначаны ў якасці ключавых на найбліжэйшую пяцігодку.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая