Вёскі - гэта наша харчовая бяспека і спадчына, якую мы пакінем дзецям і ўнукам. Такой думкай з журналістамі падзяліўся памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк падчас экспертнага дыялогу «Будучыня беларускай вёскі», які прайшоў сёння ў Магілёве.
Як адзначыў Леанід Мартынюк, у нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага развіццю сельскіх тэрыторый. І гэтую тэндэнцыю неабходна захоўваць і надалей. «Будучыня беларускай вёскі непарыўна звязана з укараненнем сучасных сельскагаспадарчых тэхналогій, а таксама з комплексным развіццём сельскіх тэрыторый. Ужо сёння мы маем высокапрадукцыйны машынатрактарны парк, сучасныя фермы, дзе вырабляем якаснае малако і мяса, – адзначыў ён. – Самае галоўнае на сённяшні дзень - захаваць людскі і кадравы патэнцыял на месцах. А для гэтага трэба ствараць максімум умоў: працоўныя месцы з дастойнай заработнай платай, камфортныя ўмовы жыцця і адпачынку. Будучыня беларускай вёскі - толькі ў нашых руках. Мы павінны захаваць малыя населеныя пункты, стварыць у іх усе неабходныя ўмовы для рэалізацыі і жыцця нашых грамадзян. Гэта наша, у тым ліку, харчовая бяспека сёння і спадчына, якую мы пакінем нашым дзецям і ўнукам».
Па словах начальніка аддзялення па Магілёўскай вобласці ВІС Алега Корапава, гэты экспертны дыялог - працяг працы экспертнай пляцоўкі, дзе праходзіць абмеркаванне важных для рэгіёна і краіны ў цэлым пытанняў. «Кіраўнік нашай дзяржавы не раз казаў: страцім вёску - страцім краіну. Гэта наша карміцелька, гэта нашыя традыцыі, гэта тое, чым мы адрозніваемся ад іншых. Дзякуючы развіццю сельскіх тэрыторый забяспечваецца наша харчовая бяспека, у нас ёсць доступ да якасных і экалагічных прадуктаў. У вёсцы – наш дух і наша гісторыя, – сказаў ён. – Сёння ў нашых вёсках, малых населеных пунктах няма праблем з адукацыяй, прымаюцца меры па паляпшэнню транспартнага абслугоўвання, па развіццю сферы вольнага часу, ствараюцца новыя прадпрыемствы. Але сёння гэтага нядосыць. Мы бачым гэта па дынаміцы працэсаў, па хай і невялікім, але ўсё ж адтоку насельніцтва. І зараз разам з экспертамі нам трэба прадумаць такі комплекс мер, каб жыццё ў вёсцы было больш выгадна, чым у горадзе. Гэта патанненне прадуктаў харчавання і кошту паслуг, яшчэ больш прывабныя ўмовы будаўніцтва жылля».
Алег Корапаў таксама адзначыў, што і сучасная моладзь усё больш цікавіцца магчымасцю будаўніцтва жылля і жыцця ў малых населеных пунктах. «Трэба ствараць такія ўмовы, каб чалавеку хацелася набыць хатку, атрымаць працу і жыць на сваёй зямлі, - сказаў ён. – Але трэба развівацца і ісці ў нагу з часам: праводзіць цыфравізацыю вёскі, паляпшаць якасць сувязі, транспартных зносін, медыцынскага абслугоўвання. Гэтымі пытаннямі дзяржава і займаецца. А мы сёння паспрабуем сфарміраваць пасылы ад нашага рэгіёну, каб былі прыняты меры, якія будуць працаваць і дапамагаць на гэтым шляху».
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
23.04.2025 - 09:25
Магілёўская вобласць па выніках работы за 2024 год будзе занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару
22.04.2025 - 16:35
18.04.2025 - 20:26
18.04.2025 - 09:11