RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Леанід Заяц: гісторыя будаўнічай галіны Магілёўскай вобласці – гэта імёны адданых сваёй справе спецыялістаў

Гісторыя будаўнічай галіны Магілёўскай вобласці – гэта імёны выдатных архітэктараў, інжынераў і навукоўцаў, высакакласных, адданых сваёй справе спецыялістаў. На гэта звярнуў увагу, выступаючы сёння на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным Дню будаўніка, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц.

Сваёй працай праслаўлялі прафесію, стваралі аблічча гарадоў і вёсак ураджэнцы Магілёўшчыны – Героі Сацыялістычнай Працы Аляксандр Паўлавіч Старавойтаў, Антаніна Уладзіміраўна Шатухіна, Пётр Паўлавіч Цімашэнка, заслужаны архітэктар Беларусі, акадэмік Ігар Іванавіч Фралоў. Наша зямля таксама выгадавала інжынера-будаўніка Віталя Паўлавіча Лагуценку – аўтара першых шматкватэрных дамоў, пабудаваных па індустрыяльнай тэхналогіі, вядомых у народзе як «хрушчоўкі».

Сёння ў зале прысутнічалі ветэраны працы, спецыялісты з вялікай літары: Саламон Міхайлавіч Балоцін, Валянціна Міхайлаўна Каштальян, Анатоль Іосіфавіч Сазонаў, Леанід Сямёнавіч Шкрадзюк, Васіль Іванавіч Шыкунец, Валерый Сяргеевіч Маскалькоў, Міхаіл Захаравіч Шумінскі, Леанід Ізрайлавіч Кац, Рыгор Сямёнавіч Цімафееў, Леанід Якаўлевіч Саўчанка. «Гэта людзі, дзякуючы якім наш край стаў такім, які ён ёсць сёння, – прыгожым і камфортным для жыцця. І цяперашняе пакаленне будаўнікоў Магілёўскай вобласці годна працягвае справу сваіх папярэднікаў», – падкрэсліў Леанід Заяц.

Ветэраны будаўнічай галіны атрымалі з рук кіраўніка рэгіёна заслужаныя ўзнагароды за сваю працу, а таксама перадалі ключ – сімвал новых будаўнічых аб’ектаў – пакаленню маладых будаўнікоў.

Кажучы пра дзень сённяшні, Леанід Заяц адзначыў, што паспяховая работа будаўнічага комплексу з’яўляецца адным з ключавых паказчыкаў эканамічнага і сацыяльнага развіцця Магілёўскай вобласці. Нашым будаўнікам ёсць чым ганарыцца. У першым паўгоддзі павялічаны ўвод жылля на 30% – уведзена ў эксплуатацыю 32 шматкватэрныя жылыя дамы на 1887 кватэр. Уласныя квадратныя метры атрымала 750 шматдзетных сем’яў.

Як і раней, вялікая ўвага ў вобласці надаецца развіццю сацыяльнай інфраструктуры. За апошні час быў уведзены ў эксплуатацыю шэраг важных аб’ектаў. Гэта сярэднія школы з басейнамі ў Магілёве і Бабруйску, вучэбна-лабараторны корпус Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, аўтамабільны мост праз раку Сож у Слаўгарадскім раёне, паветраапорны футбольны манеж і крытыя тэнісныя корты ў Магілёве, біятлонны комплекс у Чавусах, мемарыял «Памяць спаленых вёсак Магілёўскай вобласці» ў вёсцы Боркі Кіраўскага раёна, раённыя цэнтры культуры ў Глуску, Чавусах, аграгарадку Гарадзішча Шклоўскага раёна, помнік архітэктуры «Пакроўская царква Успенскага манастыра» ў вёсцы Пустынкі Мсціслаўскага раёна.

Асаблівая ўвага надаецца развіццю аховы здароўя. Дзякуючы падтрымцы Прэзідэнта ў кароткія тэрміны ў рэгіёне кардынальна абнавілі матэрыяльна-тэхнічную базу радзільнага дома Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Завяршылі будаўніцтва тэрапеўтычнага корпуса Асіповіцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Правялі рэканструкцыю дзіцячай бальніцы з паліклінікай у Бабруйску. Усё гэта з удзячнасцю ўспрынята насельніцтвам і медыцынскімі работнікамі.

Наперадзе – не менш амбіцыйныя планы. Ужо сёлета будзе ўведзена ўнікальная суперсучасная паліклініка з падстанцыяй хуткай дапамогі ў Магілёўскім мікрараёне Казіміраўка, адкрыецца рэканструяваны ўчастак трасы Магілёў–Чэрыкаў–Касцюковічы.

У стадыі будаўніцтва-кардыяхірургічны цэнтр пры абласной бальніцы, радыелагічны корпус абласнога анкалагічнага дыспансера, пуцеправод-дублёр вуліцы Якубоўскага, фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам у мікрараёне Фаціна ў Магілёве. Пачынаецца будаўніцтва новай школы ў Бабруйску, а таксама шэрагу іншых важных аб’ектаў, якія павінны працаваць на чалавека.

«Падчас Паслання Нацыянальнаму сходу і беларускаму народу кіраўнік дзяржавы адзначыў, што асноўным акцэнтам пяцігодкі ў будаўнічай галіне стануць мясцовыя дарогі, а таксама будаўніцтва і рэканструкцыя мастоў. Будаўнікам неабходна падключыцца і да інфраструктуры вёскі, – канстатаваў Леанід Заяц. – Трэба працягваць працу па забеспячэнні грамадзян даступным жыллём, удасканальваць гарадскую інфраструктуру, будаваць і мадэрнізаваць прадпрыемствы, якія адпавядаюць самым сучасным стандартам экалагічнасці і бяспекі, асвойваць перадавы вопыт, укараняць інавацыйныя тэхналогіі, павышаць прадукцыйнасць працы, каб выйсці на новы ўзровень працы пры росце якасці і ўмацаванні канкурэнтаздольнасці. Упэўнены: усе гэтыя задачы нашым будаўнікам па плячы».

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню будаўніка, адбылося ў Палацы культуры вобласці. У якасці ганаровых гасцей у зале прысутнічалі намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Кухараў, міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч, старшыня Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Цумараў, а таксама прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, устаноў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, ветэраны, работнікі будаўнічай галіны рэгіёна, якія ў гэты дзень былі ўдастоены розных узнагарод.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая