RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Леанід Заяц падзяліўся падрабязнасцямі размовы, якая адбылася ў Прэзідэнта

Размова ў Прэзідэнта

Аб выніках развіцця Магілёўскай вобласці і планах на бліжэйшы час ішла размова падчас даклада Прэзідэнту старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Зайца. Відавочна, што рэгіён выйшаў з аўтсайдараў, але і працы наперадзе яшчэ нямала. Падрабязнасцямі праведзенай размовы губернатар падзяліўся ў вячэрнім эфіры тэлеканала «Беларусь 1». Прапануем увазе чытачоў друкаваную версію інтэрв'ю.

Аб выніках года

– Вельмі добра памятаю даручэнне Прэзідэнта пры прызначэнні мяне на пасаду старшыні Магілёўскага аблвыканкама. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў неадкладна забяспечыць адпаведны парадак, высокую выканальніцкую, тэхнічную дысцыпліну і вывесці Магілёўскую вобласць з адстаючых пазіцый. Таму ўсе нашы намаганні былі накіраваны менавіта на выкананне гэтых даручэнняў.

Для Магілёўскай вобласці 2020 год склаўся досыць нядрэнна – больш вынікова, чым папярэдні. Гэта адзначаецца ростам валавога рэгіянальнага прадукту, сельская гаспадарка дабавіла, прамысловасць, добра спрацавала будаўнічая галіна, досыць нядрэнна – раздробны гандаль, і ў выніку гэтага мы забяспечылі рост заработнай платы. Хоць адносна ўсёй краіны ў нас невысокі яе ўзровень, але разам з тым дынаміка росту прасочваецца.

Усе грошы заробленыя. Рост прадукцыйнасці апераджае фонд аплаты працы. Ёсць магчымасць на працягу пэўнага часу яшчэ падняць матэрыяльны ўзровень работнікаў Магілёўскай вобласці.

Што датычыцца сельскай гаспадаркі, то яна выступіла драйверам развіцця ўсёй эканомікі Магілёўшчыны. Тут мы вельмі сур'ёзна падышлі да планавання структуры пасяўных плошчаў. Вялікую працу правялі з назапашваннем мінеральных угнаенняў. Тэхнічна дааснасціліся, адрамантавалі неабходны парк тэхнікі. Падвысілі прафесійны ўзровень кіраўнікоў і спецыялістаў. Павінен сказаць, што гэта падзейнічала.

Мы вырабілі збожжа ў 1,4 раза больш, чым у 2019 годзе. На 345 тысяч тон у свірнавай вазе больш, чым выраблялі ў папярэднія гады. Павысілі ўраджайнасць на 6 цэнтнераў з гектара.

Забяспечылі рэалізацыю збожжа ў поўным аб'ёме ў лік дзяржаўнага заказу. Засыпалі насенне і неабходную колькасць фуражу для грамадскага фонду. Павялічылі валавы збор рапсу ў 1,4 раза. Вырабілі яго на 22 тысячы тон больш, чым 2019 годзе. Гэта таксама дало магчымасць палепшыць фінансавыя паказчыкі сельскагаспадарчых арганізацый.

Травяністых кармоў нарыхтавана больш на 10 працэнтаў. Гэта, вядома ж, адбілася на развіцці жывёлагадоўлі. Вобласць выйшла за 4 тысячы кілаграмаў малака па ўдоях – на 260 кілаграмаў вышэй за ўзровень папярэдняга года, і дадаткова атрымалі 40 тысяч тон малака. Прадалі яго на 45 тысяч тон больш, чым у 2019 годзе. Павысілі якасць. Прадалі экстра-класам больш, чым раней, на 8 працэнтаў. Вырабілі і прадалі больш мяса. Гэта, у сваю чаргу, адбілася на росце выручкі ад рэалізацыі прадукцыі – практычна на 200 мільёнаў рублёў, што таксама спрыяла росту заработнай платы.

Аб паўднёвым усходзе вобласці

– Кіраўнік дзяржавы надае вялікае значэнне развіццю паўднёва-ўсходніх тэрыторый. Павінен адзначыць, што з 2015 года па 1 студзеня 2021 года выручка ад рэалізацыі прадукцыі на аднаго работніка тут вырасла на 214 працэнтаў, у той час як сярэднеабласны паказчык – 177 працэнтаў. Вельмі добра спрацавалі ў мінулым годзе гаспадаркі паўднёвага ўсходу ў галіне земляробства. Ім удалося павялічыць аб'ём вытворчасці збожжа да 140 працэнтаў ад узроўню папярэдняга года. 160 працэнтаў – аб'ём вытворчасці рапсу. Выручка – 116,5 працэнта пры сярэднеабласным паказчыку 116,3 працэнта. Сярэднеабласны паказчык выручкі на аднаго працоўнага – 120,1 працэнта, а там – 120,3 працэнта.

Зараз дзякуючы тым аб'ёмам травяністых кармоў, нарыхтаваных на паўднёва-ўсходняй тэрыторыі, і тым падыходам, кадрам, што характэрны сёння для грамадскай жывёлагадоўлі, 41 гаспадарка, што ўваходзяць у склад паўднёва-ўсходняга рэгіёну, будзе з дадаткам практычна ў 11 працэнтаў да студзеня 2020 года. І прадаюць малака на 11 працэнтаў больш, чым прадавалі ў 2020 годзе ў студзені. Надыходзіць стабілізацыя.

Гэтую стабілізацыю неабходна замацаваць і неабходна развіць ва ўсіх галінах – земляробстве, жывёлагадоўлі. Дадаткова Прэзідэнт нам сёння ўзгадніў магчымасць рэканструяваць пяць свінагадоўчых комплексаў. Гэта комплексы са старымі тэхналогіямі. Прыйшла чарга іх мадэрнізаваць для таго, каб забяспечыць вытворчасць свініны і загрузіць магутнасці мясакамбіната, што ў канчатковым выніку павысіць вытворчасць запатрабаванай прадукцыі не толькі Магілёўскай вобласці, а сёе-тое прапанаваць і на экспарт.

Таксама Прэзідэнт сёння ўзгадніў будаўніцтва новага свінагадоўчага комплексу на тэрыторыі Клімавіцкага раёна. Гэта развяжа вельмі многія праблемы не толькі раёна, але і ў цэлым нашай вобласці. Мы чакаем, што ад уводу комплексаў падвоім вытворчасць свініны ў Магілёўскай вобласці да 2025 года. Мы цалкам, на 100 працэнтаў, загрузім магутнасці нашых мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў.

У гэтую пяцігодку – з 2021 па 2025 год – гэта павялічыць заработную плату ў Магілёўскай вобласці не менш як у 1,8 раза.

Аб рабоце прадпрыемстваў

– Я б не хацеў выстаўляць кагосьці з крытычнага боку. Усе прадпрыемствы, кіраўнікі, працоўныя калектывы сёння імкнуцца да паляпшэння сваіх вынікаў і паказчыкаў. Так, ёсць знешнія фактары, які тармозяць развіццё прадпрыемстваў. У нас ёсць вялікія рэзервы. Мы спадзяёмся, што запрацуюць яшчэ лепш. Як апошнія месяцы 2020 года паказваюць, нашы прадпрыемствы «Белшына», «Хімвалакно», «Магатэкс» добра працуюць. І перапрацоўчыя прадпрыемствы – «Бабушкіна крынка», мясакамбінаты – дэманструюць нядрэнныя паказчыкі.

Мы хочам, каб яны не толькі замацаваліся, – наадварот, у 2021-м пераўзышлі ўсе свае папярэднія вынікі. Пачатак пяцігодкі, 2021 год, павінен стаць зыходным пунктам і для ўсіх завяршыцца досыць паспяхова.

Некаторыя прадпрыемствы адкрыты ў паўднёва-ўсходнім рэгіёне – кітайцы наладжваюць вытворчасць грыбоў. Мы вылучылі былую ваенную базу, яны арандуюць 30 ангараў, у 15 там ужо размяшчаецца пэўнае абсталяванне для вытворчасці грыбоў з наступнай рэалізацыяй унутры Беларусі і за яе межамі. Людзі прыйшлі са сваім капіталам, укладваюць грошы, спрабуюць на гэтай тэрыторыі зарабіць.

Камерцыйныя арганізацыі, прыватнікі прыходзяць на тэрыторыю, дапусцім, Клімавіцкага раёна для стварэння прадпрыемстваў па вытворчасці драўнянага вугалю. У нас дастаткова сыравіны, прымяняцца будзе вельмі прагрэсіўная, перадавая тэхналогія. Людзі прыходзяць менавіта са сваімі інвестыцыямі, ствараюцца новыя працоўныя месцы, такім чынам падымаецца эканоміка гэтага рэгіёну.

Аб сацыяльнай інфраструктуры

– У пяці паліклініках правялі капітальны рамонт, адну пабудавалі новую з падтрымкай Прэзідэнта. Шэсць бальніц адрамантавалі, прывялі ў парадак. Цяпер пры абласной Магілёўскай клінічнай бальніцы будуем кардыяхірургічны і тэрапеўтычны корпусы.

Хачу шчыра падзякаваць нашым прадпрыемствам Магілёўскай вобласці, якія падтрымалі прапанову, заклікі Прэзідэнта адлічыць пэўны працэнт ад выручкі, каб практычна можна было адказаць на тыя праблемы аховы здароўя, якія маюць месца сёння. Яны вельмі падтрымалі сістэму аховы здароўя.

Хацеў бы з задавальненнем адзначыць, што Прэзідэнтам краіны падтрымана просьба магілёўцаў, каб на месцы старой бальніцы, якой ужо больш за дзвесце гадоў, пабудаваць новую. Вядома, будзем таксама шукаць рэсурсы, але разам з тым на працягу 2021, 2022, 2023 гадоў мы павінны пабудаваць новую сучасную бальніцу ў Магілёве.

Аб жыллі

– За два гады мы пабудавалі каля 700 тысяч квадратных метраў жылля. У мінулым годзе пры планавым аб'ёме 365 тысяч уведзена было 369 тысяч. 2775 шматдзетных сем'яў атрымалі жыллё за два гады, прычым толькі ў 2020-м – 1514. Практычна ў нас шматдзетныя сем'і больш за год у чарзе не стаяць. У Магілёўскай вобласці больш за 11 тысяч такіх сем'яў, з якіх 10 тысяч маюць права на сямейны капітал, і з дапамогай дзяржаўнай падтрымкі яны будуюцца.

Будзем і ў 2021-м прыкладаць усе намаганні для таго, каб па 365 – 370 тысяч квадратных метраў жылля здаваць у эксплуатацыю штогод.

Гэта здыме праблемы людзей не толькі ў Магілёве, але і ў іншых населеных пунктах вобласці. Дарэчы, восем з іх газіфікаваны ў мінулым годзе. А з улікам уводу БелАЭС у насельніцтва ёсць магчымасць пераводу свайго жылля на электраацяпленне. Ствараюцца ўсе ўмовы, каб чалавек замацоўваўся на зямлі, жыў на ёй і быў гаспадаром свайго лёсу і сваёй зямлі. І разумеў, што лепш, чым у нашай роднай Беларусі, нідзе няма.

Аб чаканнях

Хутка Усебеларускі народны сход. Завяршыцца ён павінен тым, што ў нашай Рэспубліцы Беларусь будзе згода і спакой. А калі краіна будзе спакойнай і кіруемай, калі будзе згода ў нашым грамадстве, мы вельмі многае зможам зрабіць. Бо мы самі часам не ўяўляем, на што здольны.

Гэты год абвешчаны Годам народнага адзінства, мы гэта вітаем і будзем рабіць усё для таго, каб мы былі адзіныя.

СБ, фота БЕЛТА, відэа tvr.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая