RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Леанід Заяц сустрэўся з расійскім мастаком Нікасам Сафронавым

Знакаміты расійскі мастак Нікас Сафронаў сёння прыехаў у Магілёў. Афіцыйную праграму візіту адкрыла сустрэча са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Леанідам Зайцам, на якой таксама прысутнічаў сын майстра Лука.

Губернатар уручыў заслужанаму мастаку Расійскай Федэрацыі Прывітальны адрас Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. «Для мяне велізарны гонар атрымаць такі падарунак, – адзначыў Нікас Сафронаў. – Я ведаю, што, калі б Аляксандр Рыгоравіч знаходзіўся ў Беларусі, ён абавязкова б прыехаў на адкрыццё маёй выставы». Мастак з цеплынёй расказаў аб знаёмстве з кіраўніком дзяржавы падчас «Славянскага базару» ў Віцебску і аб працах, прысвечаных Прэзідэнту Беларусі.

Госць адзначыў, што вельмі б хацеў нейкі час пажыць і папрацаваць у Магілёве. І, магчыма, дзякуючы гэтаму ў пастаяннай экспазіцыі абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленнікава магла б з’явіцца яго карціна. 

Працы, якія ўжо 8 лютага змогуць убачыць магілёўцы і госці горада, прыехалі ў абласны цэнтр пасля выставы ў Маскве. Але гэта толькі частка. Другая адправілася экспанавацца ў Сыктыўкар. «У Беларусь прыехалі найлепшыя працы, – заўважыў мастак. – Абноўленыя і новыя». Дарэчы, карціны Нікаса Сафронава ўжо дэманстраваліся ў Магілёве. Гэта было ў 2014 годзе.

Леанід Заяц падзякаваў госцю за візіт і запрасіў наведаць штогадовае рэспубліканскае свята «Александрыя збірае сяброў» у Шклоўскім раёне. Кіраўнік рэгіёна на памяць аб знаходжанні на Магілёўшчыне падарыў майстру саламяную шкатулку з вышыванкай. А Нікас Сафронаў паднёс календары і сувеніры з выявамі карцін, а таксама падрыхтаваную ў тандэме з народным артыстам Расіі Валянцінам Гафтам кнігу.

У гутарцы з журналістамі Нікас Сафронаў падкрэсліў: Беларусь і людзі, якія жывуць тут, блізкія яму па духу, ментальна, паколькі працавітыя і прыветныя. Мастак асабліва адзначыў чысціню ў гарадах, прыгожую прыроду і смачную ежу. «Усё гэта мне вельмі імпануе, – сказаў ён. – Культура, адкрытасць сэрцаў, цёплыя адносіны... Запрашэнне ў Беларусь для мяне –вялікая падзея і прызнанне прафесіяналізму».

Пасля сустрэчы ў аблвыканкаме Нікас Сафронаў і Лука пабывалі ў Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Навучэнцы прадэманстравалі госцю свае працы, выкананыя ў розных тэхніках, а таксама парадавалі канцэртам.

Увечары яго сын дасць дабрачынны канцэрт у падтрымку выхаванцаў філіяла «Цэнтра медыцынскай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў з паражэннем ЦНС і апорна-рухальнага апарата» ў філіяле Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

  

Плануецца, што 7 лютага госці наведаюць Буйніцкае поле, Шклоў і аграгарадок Александрыя, дзе пазнаёмяцца з экспазіцыямі краязнаўчага музея. А 8 лютага ў музеі імя П. В. Масленікава адкрыецца персанальная выстава Нікаса Сафронава «Змяняючы рэальнасць», якая працягнецца да канца сакавіка.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая