RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Леанід Заяц: у спакойнай і кіруемай краіне не можа быць праблем, якія мы не маглі б вырашыць

Ствараць і развівацца

Прызначаючы ў красавіку 2019 года Леаніда Зайца губернатарам Магілёўскай вобласці, Прэзідэнт даручыў навесці ў рэгіёне належны парадак, надаўшы асаблівую ўвагу буйным прамысловым прадпрыемствам і забяспечыць выкананне тэхналогій у сельскай гаспадарцы. «Не можа Магілёўская вобласць плесціся ў хвасце з такімі глебамі, якімі яна валодае. Гэта выдатныя землі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Сёння мы гутарым з Леанідам Канстанцінавічам аб выніках адыходзячага года.

– Самае галоўнае, што ва ўмовах сусветнай пандэміі каранавіруса, закрыцця межаў і нявызначанасці ў дынаміцы знешніх рынкаў нам удалося вырашыць найважнейшую задачу – захаваць бесперабойную працу нашых прадпрыемстваў і не дапусціць масавага вызвалення работнікаў. З чэрвеня Магілёўская вобласць паступова аднаўляе валавы рэгіянальны прадукт. За дзесяць месяцаў тэмп росту склаў 100,4 працэнтаў. Прычым Магілёўская вобласць адзіная ў краіне перавысіла леташні ўзровень. Па выніках года плануем як мінімум утрымаць гэтую планку.

У той жа час аб’ёмы экспарту тавараў і паслуг знізіліся, хоць і ўдалося нарасціць пастаўкі ў 13 краін Еўрасаюза, а на рынкі краін далёкай дугі павялічыць экспарт на 23 працэнты.

Што тычыцца заработнай платы, то яшчэ ў пачатку года мы паставілі задачу выйсці да 31 снежня 2020-га на 1000 рублёў намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы. Былі распрацаваны памесячныя графікі і даведзены заданні да гар- і райвыканкамаў, арганізацый. Задача выконваецца. Сярэднямесячная зарплата ў студзені–верасні склала 994,6 рубля, у верасні – 1036,6 рубля. Пры гэтым у вобласці дастаткова рэзерваў для далейшага яе павелічэння адначасова з ростам прадукцыйнасці працы за кошт павышэння эфектыўнасці працы кожнай арганізацыі.

У гэты няпросты перыяд нам удалося галоўнае – не спыніць канвееры.

– Пагадзіцеся, жыццё вобласці нельга адарваць ад эканомікі. Рэалізацыя якіх бы там ні было планаў немагчымая без стабільнай працы фабрык і заводаў.

– Гэта аксіёма. Для прамысловасці Магілёўскай вобласці сёння прыярытэт –дынамічнае развіццё вытворчасцяў. Магілёўшчына заўсёды была прамысловым рэгіёнам. У нас працуе больш за 1600 прадпрыемстваў, з іх каля 180 –гэта буйныя і сярэднія фабрыкі і заводы. Яны вырабляюць каля дзевяці працэнтаў рэспубліканскага аб’ёму прамысловай прадукцыі і фарміруюць трэць валавога рэгіянальнага прадукту.

Па прычыне ўвядзення шэрагам краін-партнёраў абмежавальных каранцінных мер пачынаючы з красавіка ў прадпрыемстваў узнікалі цяжкасці з пастаўкамі сыравіны і камплектуючых і, як следства, складанасці са своечасовым выкананнем кантрактаў. Таксама меліся факты зрыву паставак прадукцыі з-за адмаўлення пакупнікоў ад раней размешчаных заказаў.

У цяперашніх складаных умовах важна адваёўваць страчаныя рынкі збыту і знаходзіць новыя. З чэрвеня прамысловы комплекс вобласці пачаў выраўноўвацца. Індэкс прамысловай вытворчасці па выніках працы за восем месяцаў склаўся на ўзроўні 100,3 працэнтаў, за дзевяць месяцаў ён склаў 101 працэнт, па выніках дзесяці месяцаў – ужо 101,6 працэнтаў. Зніжаюцца запасы гатовай прадукцыі на складах, скарачаецца колькасць стратных прадпрыемстваў.

Таму можна сказаць, што сітуацыя ў вобласці стабільная і кантралюемая, прадпрыемствы працуюць у штатным рэжыме.

– Сяло ў рэгіёне працуе паспяхова, чатыры раёны вобласці падвоілі вал збожжа. А што яшчэ можна адзначыць? І наогул, як змяняецца сельская гаспадарка?

– Пачну з апошняга. Як і наша жыццё, наша грамадства, змяняецца і сельская гаспадарка. У прыярытэце эвалюцыйны шлях развіцця. На першы план мы ставім тэхналогіі і дысцыпліну працы. Людзі разумеюць: як яны будуць працаваць, так будуць і зарабляць. У іх ёсць стымул. Ну а тое, што беларусы працавітыя, таленавітыя, любяць сваю зямлю і сваю краіну, – даўно ўсім вядома. Таму поспехі нашага АПК, я ў гэтым глыбока перакананы, – гэта заслуга кожнага работніка вобласці.

Сельская гаспадарка ў бягучым годзе аб’ектыўна з’яўляецца асноўным драйверам эканомікі вобласці. Тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі па выніках дзевяці месяцаў у гаспадарках усіх катэгорый склаў 105,7 працэнта, у тым ліку ў сельгасарганізацыях рэгіёна – 110 працэнтаў. Гэта вынік цэлага комплексу мерапрыемстваў як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі.

Сёлета мы сабралі 1 мільён 283 тысячы тон збожжа, што на 38 працэнтаў больш, чым у 2019-м. Істотна вырасла і сярэдняя ўраджайнасць – да 36 цэнтнераў з гектара. Па двух гэтых паказчыках Магілёўскі рэгіён заняў чацвёртыя месцы ў рэспубліцы, а па шэрагу паказчыкаў мы выйшлі на перадавыя пазіцыі ў краіне. Тры раёны вобласці: Горацкі, Магілёўскі і Шклоўскі–намалацілі больш за 100 тысяч тон збожжа кожны. Сельскагаспадарчыя арганізацыі Быхаўскага, Дрыбінскага, Клічаўскага і Слаўгарадскага раёнаў падвоілі намалоты да ўзроўню 2019 года.

Поспехаў удалося дасягнуць у тым ліку дзякуючы падтрымцы з боку кіраўніцтва краіны. Падчас уборачнай кампаніі мы не адчувалі праблем з дызельным палівам, не мелі недахопу ў мінеральных угнаеннях, дадаткова атрымалі ў дапамогу 130 збожжаўборачных камбайнаў. Усё гэта дарагога варта.

У цяперашні няпросты год мы экспартавалі сельскагаспадарчай прадукцыі на 300 мільёнаў долараў ЗША. Каб вы разумелі,гэта амаль чвэрць усяго аб’ёму экспарту вобласці. Пры гэтым улічыце: у нашай вобласці працуюць такія буйныя экспарцёры, як «Белшына», «Магілёўхімвалакно», «Магілёўліфтмаш». Так што ўклад АПК у экспартны складнік вельмі важкі.

– Асобна хацелася б спытаць пра развіццё паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці. Што ўжо ажыццявілі і што будзе зроблена ў найбліжэйшы час?

– Не сакрэт, што паўднёва-ўсходнія раёны Магілёўскай вобласці найбольш праблемныя з пункту гледжання эканомікі і мелі патрэбу ў пэўным штуршку. Указ № 235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці», падпісаны Прэзідэнтам у чэрвені 2015 года, па сутнасці, ім і стаў.

Нельга сказаць, што мы цалкам задаволеныя зробленым, але сур’ёзныя зрухі ёсць. З пачатку дзеяння ўказа ў эканоміку і сацыяльную сферу накіравана каля 1039,7 мільёна рублёў інвестыцый у асноўны капітал. Больш 37,2 мільёна долараў прыцягнута прамых замежных інвестыцый. Створаны 224 новыя камерцыйныя арганізацыі, суб’екты малога і сярэдняга бізнесу. На новыя рабочыя месцы працаўладкавана 2436 чалавек.

У развіцці рэальнага сектара эканомікі трэба адзначыць мадэрнізацыю цэментных заводаў. Іх перавялі на мясцовыя віды паліва –торфабрыкет. У выніку доля мясцовых відаў паліва на заводах павялічылася да 30 працэнтаў. Якасць і аб’ёмы прадукцыі засталіся ранейшымі, але выдаткі знізіліся.

Цэментны кластар папоўніў у Крычаўскім раёне новы завод па вытворчасці цэментава-стружкавых пліт, які адкрыў «Белзамежбуд». Харчовай –вытворчасць кукурузных палачак «Дамачай».

З удзелам сродкаў Банка развіцця ў вёсцы Перагон Слаўгарадскага раёна Магілёўскі мясакамбінат пабудаваў свінагадоўчы комплекс на 24 тысячы галоў. На сённяшні дзень гэта самы буйны праект у паўднёва-ўсходнім рэгіёне.

7 лістапада на тэрыторыі Слаўгарадскага раёна запусцілі вытворчы ўчастак па разліве мёду на тэрыторыі УП «Чырвоны харчавік – Слаўгарад». Штогод тут плануецца перапрацоўваць да 300 тон карыснага прадукту. А ў наступным годзе ў Слаўгарадзе запрацуе вытворчасць кандытарскіх вырабаў.

Пабудаваныя дрэваапрацоўчыя цэхі ў Клімавіцкім, Касцюковіцкім, Краснапольскім лясгасах, сушыльныя комплексы – у Краснапольскім і Чэрыкаўскім. Таксама для лясгасаў была закуплена неабходная тэхніка.

У сегменце малога і сярэдняга бізнесу створаны шэраг вытворчасцяў, арганізаваны новыя працоўныя месцы. У Касцюковіцкім раёне гэта беларуска-расійскі прыватны завод ліцейнай вытворчасці і дрэваапрацоўчая вытворчасць «Дрэвапіл», у Краснапольскім раёне – «Лескурсінвест», які займаецца дрэваапрацоўкай, а «Спілхард» рэалізуе прадукцыю.

У канцы мая Прэзідэнт падпісаў новы Указ «Аб мерах па развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці», які прадугледжвае карэкціроўку ранейшага. У ім нямала навін. Напрыклад, вызначаны парадак кампенсацыі выдаткаў юрыдычных асоб, панесеных пры рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у межах мерапрыемстваў Праграмы развіцця з прыцягненнем крэдытаў Банка развіцця. Прадугледжана норма выкупу грамадзянамі арэнднага жылля, вызначаны механізмы прадастаўлення бюджэтных пазык ААТ «Магілёўскі мясакамбінат» для развіцця жывёлагадоўлі ў паўднёва-ўсходніх раёнах вобласці. Райвыканкамам прадастаўлены паўнамоцтвы на распараджэнне маёмасцю, якая знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасці і ўключана ў пералік невыкарыстоўваемай або неэфектыўна выкарыстоўваемай.

Для выканаўчай улады гэты ўказ –вельмі магутны інструмент для далейшага развіцця паўднёвага ўсходу вобласці. І наша задача–максімальна эфектыўна ім скарыстацца.

Развіваць сацыяльную інфраструктуру неабходна зыходзячы з патрэбаў людзей.

Магілёўскі рэгіён непасрэдна мяжуе з Расіяй. Як гэта адбіваецца на эканамічным, культурным і сацыяльным узаемадзеянні? З якімі расійскімі рэгіёнамі супрацоўніцтва самае плённае? Назавіце найбольш удалыя прыклады вытворчай кааперацыі.

– Расія – краіна велізарная, і, нягледзячы на адлегласці, мы даволі паспяхова развіваем супрацоўніцтва з самымі рознымі рэгіёнамі. Яркі прыклад –Прыморскі край. У канцы лістапада дэлегацыя нашай вобласці наведала Уладзівасток. Гэта быў візіт у адказ па запрашэнні губернатара Прыморскага краю Алега Мікалаевіча Кажамякі, які пабыў да гэтага ў Магілёве.

Мы адпрацавалі прапановы нашых вытворцаў па нарошчванні экспарту ў Прыморскі край. Прыморцы зацікаўленыя ў беларускай сельгаспрадукцыі і прадуктах харчавання, пасажырскай, грузавой, камунальнай і сельскагаспадарчай тэхніцы, ліфтавым абсталяванні. Мы гаварылі аб удзеле нашых будаўнічых арганізацый ва ўзвядзенні сацыяльна-культурных аб’ектаў і жылля на тэрыторыі Прыморскага краю. Заключылі папярэднія дамовы аб супрацоўніцтве. Зараз варта пачынаць практычную працу.

Такія кантакты пацвярджаюць, што нават адлегласці 10 000 кіламетраў не могуць стаць перашкодай для сяброўства і рэалізацыі ўзаемавыгадных ідэй.

Усяго Магілёўскі аблвыканкам заключыў 25 пагадненняў з урадамі рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Самыя цесныя сувязі склаліся з Бранскай, Смаленскай, Калінінградскай і Ленінградскай абласцямі, Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругай – Югрой, Усходняй адміністрацыйнай акругай Масквы.

Адносіны будуюцца ў рэжыме пастаяннага дыялогу па розных напрамках, у першую чаргу гандлёва-эканамічным. Ёсць нямала ўдалых прыкладаў вытворчай кааперацыі. Так, ААТ «Магілёўліфтмаш» мае больш за 100 дылераў і некалькі зборачных вытворчасцяў на тэрыторыі РФ. Таксама ў Расійскай Федэрацыі створаны зборачныя вытворчасці бабруйскіх прамысловых прадпрыемстваў: ААТ «Бабруйскаграмаш» і ААТ «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў».

Паспяхова ажыццяўляецца супрацоўніцтва і ў інвестыцыйнай сферы. У нашай вобласці зарэгістравана больш за 300 арганізацый з удзелам расійскага капіталу. Шырокую вядомасць атрымалі за межамі Беларусі такія сумесныя прадпрыемствы, як СТАА «Данон-Шклоў» (вытворчасць малочнай прадукцыі), СТАА «Белподый» (вытворчасць праваднікова-кабельнай прадукцыі), ЗТАА «Дахавы завод “Тэхнаніколь”» (вытворчасць будаўнічых матэрыялаў).

Маштабны інвестыцыйны праект для Магілёўскай вобласці (ды і ў цэлым для Беларусі) – стварэнне прадпрыемства па вытворчасці тэхнічнага вугляроду ў СЭЗ «Магілёў» замежным таварыствам з абмежаванай адказнасцю «Омск Карбон Магілёў». Гэта яскравы прыклад прамысловай кааперацыі эканомік дзвюх дзяржаў, якая выгадная ўсім.

– Калі наведваеш раёны, прыемна здзіўляешся: у кожным райцэнтры ёсць новыя пяціпавярхоўкі, будуюцца новыя і мадэрнізуюцца існуючыя сацыяльна значныя аб’екты – дзіцячыя сады, школы, бальніцы…

– Неабходна ўлічваць патрэбы жыхароў таго ці іншага населенага пункта. Усё роўна, буйны ён ці не. Патрэбна была рэканструкцыя дзіцячай бальніцы ў Бабруйску–яе зрабілі. Патрэбныя былі новая радзільня і сучасная паліклініка ў Магілёве – пабудавалі.

Сапраўды, гэтак жа і ў невялікіх раённых цэнтрах. Прывяду паказальны прыклад. У Мсціславе праз аварыйны стан пару гадоў таму вырашылі закрыць грамадскую лазню. Здавалася б, XXI стагоддзе, у кожнага ёсць ванна або свая лазня. Але ў органы ўлады паступіў шэраг зваротаў ад жыхароў: мы хочам новую гарадскую лазню. Паглядзелі, ацанілі, адшукалі фінансаванне і пабудавалі.

Развіццё малых гарадоў – гэта сапраўды вельмі важнае пытанне, якое павінны вырашаць і вырашаюць органы ўлады. Неабходна і далей рабіць усё, каб чалавек мог камфортна жыць, выхоўваць дзяцей, годна зарабляць, а не глядзець у бок абласных цэнтраў або сталіцы. Дзякуючы стабільнай працы эканомікі нам удаецца вырашаць праблемы, якія турбуюць нашых людзей.

За апошні год быў уведзены ў эксплуатацыю шэраг значных сацыяльных аб’ектаў. Сярод іх–паліклінікі ў Кіраўску, Асіповічах, Мсціславе, дзіцячыя сады ў Шклоўскім раёне і Слаўгарадзе, а таксама школы, басейны, спартыўныя пляцоўкі, цэнтры культуры. Мясцовыя ўлады разам з жыхарамі імкнуцца падтрымліваць населеныя пункты дагледжанымі і прыгожымі.

Пытанні, вядома, ёсць. Але ў спакойнай краіне не можа быць праблем, якія мы не маглі б вырашыць. Улада павінна рэагаваць на запыты людзей. Чалавек і яго інтарэсы–галоўны клопат дзяржавы. Гэта не проста гучныя словы, а рэальнасць.

Леанід Канстанцінавіч, дзякуй за інтэрвю. У мяне застаецца апошняе пытанне: з якімі надзеямі Магілёўская вобласць і асабіста Вы будзеце ўступаць у новы, 2021 год?

– Ведаеце, кожны год мы жадаем сваім блізкім, сябрам, сваёй краіне і самім сабе толькі самага лепшага: дабра, дабрабыту, здароўя. Усяго таго, што завецца простым словам – шчасце. І спадзяёмся, што нашы добрыя пажаданні спраўдзяцца. Спадзяёмся, але і разумеем: усё ў нашых руках, бо сёння нам нішто не перашкаджае ствараць і развівацца. Паўтаруся, але гэта магчыма толькі ў мірнай краіне. Там, дзе ёсць парадак і дысцыпліна.

СББЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая