RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Лён-даўгунец у Магілёўскай вобласці выцераблены на 76% плошчаў

Працэс цераблення лёну-даўгунцу завершаны ў Магілёўскай вобласці на 76% плошчаў, што складае 5,6 тыс. га. Пра гэта паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама.

«На палях Магілёўскай вобласці больш за 7,3 тыс. га лёну-даўгунцу, - адзначыў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Анатоль Ланкуць. - На сённяшні дзень выцераблена 5,6 тыс. га, або 76% да задання. Хоцімскаму і Мсціслаўскаму льнозаводам да завяршэння засталося літаральна па 100-120 га. А ў Шклоўскім раёне, дзе самая вялікая пасяўная плошча, амаль з 2,7 тыс. га трэба яшчэ выцерабіць больш за 1 тыс. га. Для паскарэння працэсу ў дапамогу вырашана перакінуць па тры льнокамбайны з экіпажамі з Хоцімскага і Мсціслаўскага раёнаў».

Тэхніка ўжо на месцы, прыбыўшым сюды работнікам забяспечана пражыванне і харчаванне, бытавыя ўмовы і адпаведная аплата працы. У камітэце па сельскай гаспадарцы ўпэўнены, што сумеснымі намаганнямі задача па церабленню лёну будзе выканана ва ўстаноўленыя тэрміны. Тым больш праз пару дзён у дапамогу Шклоўскаму льнозаводу перакінуты яшчэ чатыры экіпажы з Горацкага раёна. «Такімі аб'яднанымі намаганнямі плануем завяршыць уборку лёну за 8-10 дзён з улікам спрыяльнага надвор'я», - падкрэсліў Анатоль Ланкуць.

Па словах аграрыяў, сёлета лён вырас не такім, як чакалі: карэктывы ў горшы бок унесла надвор'е. Калі летась лён быў 70-80 см, то сёння ў сярэднім 50-60 см. Нягледзячы на тое, што вышыня лёну меншая, гэта не моцна адбіваецца на яго якасці - будзе і доўгае валакно, і кароткае. «Валакно мы пераважна рэалізуем на Аршанскі льнокамбінат, частка ідзе на экспарт у Кітай і Расію. Думаю, калі мы ўсё прыбярэм своечасова і ў аптымальныя тэрміны, а таксама захаваем якасць, то і льнозаводу будзе забяспечана праца на ўвесь перыяд, будзе і рэалізацыя», - сказаў на заканчэнне Анатоль Ланкуць.

«Хацелася б, каб у гэтым годзе лён вырас трошкі гусцей і вышэй, але, на жаль, над надвор'ем мы не ўладныя, - дзеліцца дырэктар Шклоўскага льнозавода Іван Шкурганаў. - У калег на іншых заводах склалася такая ж сітуацыя - многія не дабіраюць па гэтай прычыне па вышыні і масе. Галоўным чынам, негатыўна адбілася вясновая засуха - яна не дазволіла раўнамерна ўзысці насенню. Частка насення ўзышла адразу, а астатнія прабіліся з зямлі нашмат пазней - толькі тады, калі прайшлі дажджы. А розная ўсходжасць на адным полі перашкаджае нармальнай уборцы. Тым не менш, мы плануем сабраць неабходную колькасць ільнотрасты для бесперабойнай работы льнозавода да ўраджаю наступнага года. Будзем старацца прыбраць усё, што дадзена, да апошняга, і выкарыстоўваць на вытворчасці».

На палях Шклоўскага льнозавода зараз працуе 9 адзінак уласных ільноўборачных камбайнаў, дабавіцца яшчэ 4 уласныя. Акрамя таго, ужо прыехалі тры адзінкі тэхнікі з Мсціслаўскага льнозавода і тры - з Хоцімскага. «Дзякуй калегам за тое, што дапамагаюць і падстаўляюць плячо, - адзначыў Іван Шкурганаў. - У Шклоўскім раёне самая вялікая плошча лёну і ў нас не так шмат механізатараў. Дапамагаюць ва ўборцы лёну і студэнты. Цяпер у нас працуюць шэсць чалавек з БДСГА. Мы прасілі навучальную ўстанову аб дапамозе і яна накіравала гэтых хлопцаў у складзе студэнцкага атрада. Яны дапамагалі падрыхтоўваць тэхніку на мехдвары, займаліся рамонтамі. Зараз знаходзяцца ў полі, працуюць памочнікамі камбайнераў, убіраюць ураджай».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая