RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магазін крокавай даступнасці, дзіцячы сад і ЖКГ – Леанід Мартынюк правёў прыём грамадзян у Клічаве

Пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, з’яўленне магазіна крокавай даступнасці і закрыццё дзіцячага садка – з такімі праблемамі звярнуліся жыхары Клічаўскага і Кіраўскага раёнаў да памочніка Прэзідэнта – інспектара па Магілёўскай вобласці Леаніда Мартынюка – падчас выязнога прыёму грамадзян у Клічаве.

Дзве жыхаркі Клічава звярнуліся з просьбай адкрыць у іх раёне магазін. Да найбліжэйшага людзям неабходна ісці каля паўтара кіламетра. У 2018 годзе ў раёне быў магазін, але яго закрылі – будынак, дзе ён размяшчаўся, перапрафіляваўся. Па словах прадстаўніка Клічаўскага райста, ужо ў той час магазін быў эканамічна немэтазгодным. Людзей забяспечвае прадуктамі аўталаўка, якая прыязджае некалькі разоў на тыдзень. Аднак людзям хочацца, каб быў большы выбар і стацыянарны магазін знаходзіўся ў крокавай даступнасці.

Старшыня Клічаўскага райвыканкама Віктар Рабкавец адзначыў, што зараз ідзе праца па пошуку людзей, якія захочуць там працаваць. Хоць створаны ўсе ўмовы, аднак знайсці жадаючых не так проста. «Там абсталяваны пляцоўкі для нестацыянарнага гандлю, але працаваць можна толькі выконваючы ўсе неабходныя нормы. Прапрацоўваем пляцоўкі – побач траса, можа, знойдзецца жадаючы адкрыць прыдарожны сэрвіс. Акрамя таго, пенсіянерам, якія жывуць у тым раёне, прапаноўвалі падключыць сацыяльных работнікаў, якія дапамогуць з дастаўкай прадуктаў», – сказаў ён.

«Неабходна з розных бакоў паглядзець на сітуацыю. Зразумела, што райсту нявыгадна адкрываць там краму, значыць трэба паспрабаваць прывабіць прыватны бізнес, але і бізнесмены проста так не адкрыюць краму – усе хочуць зарабіць, – сказаў Леанід Мартынюк. – Неабходна, каб аўталаўка якасна абслугоўвала жыхароў раёна, у людзей павінны быць свежыя і якасныя прадукты. Мы возьмем на кантроль якасць абслугоўвання аўтамагазінам».

Акрамя таго, адна з жанчын незадаволеная якасцю вады. Нядаўна ў Клічаве з’явілася станцыя абезжалезвання, аднак вада з крана – рыжая. Старшыня райвыканкама адзначыў, што санстанцыя возьме пробы вады і паглядзіць, ці ёсць праблемы. Калі выявіць – ліквідуе ў самыя кароткія тэрміны.

Яшчэ звярнулася жыхарка аграгарадка Любанічы Кіраўскага раёна. Яна задала пытанне аб законнасці працы аднаго з прадпрыемстваў у аграгарадку. Жанчына расказала, што паблізу дома працуюць кацельня і модульна-сушыльны комплекс, ад вытворчасці ідзе задымленне, перашкаджае і пастаянны шум. Акрамя таго, яна падкрэсліла, што па дарозе аграгарадка рухаюцца велікагрузы, нягледзячы на тое, што стаяць абмежавальныя знакі.

Леанід Мартынюк адзначыў, што неабходна дэталёва разабрацца, ці былі парушэнні пры будаўніцтве вытворчасці і ці ёсць яны цяпер. У любым выпадку праблема патрабуе ўважлівага і ўсебаковага вывучэння.

Маладая мама з аграгарадка Доўгі прыйшла на прыём, таму што не згодная з закрыццем дзіцячага сада на тэрыторыі населенага пункта. Жанчына расказала, што зараз у дзіцячы сад ходзіць пяць дашкалят. Бацькам прапануюць перавесці дзяцей у адзін з найлепшых дзіцячых садкоў у Клічаве, а гэта каля 30 км ад аграгарадка. Заяўніцу не задавальняе такі варыянт. Старшыня райвыканкама адказаў, што для бяспекі дзяцей выдзеляць аўтобус, абсталяваны спецыяльнымі крэсламі. Суправаджаць у дарозе дзяцей будуць выхавальнікі. «Вы павінны разумець, што на нас ляжыць яшчэ вялікая адказнасць за бяспеку вашых дзяцей», – сказаў Віктар Рабкавец.

У сваю чаргу памочнік Прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці – падкрэсліў, што дзіцячы сад – гэта не толькі магчымасць пакінуць дзіця пад наглядам. «Галоўная мэта дзіцячых садкоў – забяспечыць не толькі нагляд за дзецьмі, але і іх усебаковае развіццё і сацыялізацыю. Вам цяпер прапануюць дашкольную ўстанову з моцнай і сучаснай базай. Не варта ўтрыраваць сітуацыю, добранька падумайце над прапановай. А прадстаўнікам райвыканкама неабходна яшчэ раз з вамі сустрэцца і абмеркаваць усе дэталі», – падкрэсліў Леанід Мартынюк.

«Сёння мы ўбачылі, што шмат пытанняў тычылася ЖКГ. Актуальнае пытанне – якасць вады. У краіне праводзіцца вялікая работа па ўстаноўцы станцый абезжалезвання, – адзначыў Леанід Мартынюк. – Усё часцей мы бачым, што людзі прыходзяць з пытаннямі аб камфартабельнасці жыцця. Гэта патрабуе падвышанай увагі з боку мясцовых уладаў па стварэнні такіх умоў – бытавых, гандлёвага абслугоўвання, забеспячэння навучальнага працэсу на ўсіх узроўнях. На прыёмы часта прыходзяць людзі, якія абышлі ўжо некалькі інстанцый, і не адзін раз. Ім патлумачылі ўсе механізмы. Аднак людзей не задавальняе такое рашэнне. Таму важна выслухаць іх і яшчэ раз нагадаць, што ўсе нашы дзеянні могуць быць толькі ў існуючым прававым полі і выключэнняў тут быць не можа».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая