RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магіляўчане аб асноўных пасылах Прэзідэнта

Начальнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Дзямідаў:

– Сёння ў краіне адбываецца адна з найважнейшых палітычных падзей года – пасланне Прэзідэнта да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Асаблівае гучанне яно набывае напярэдадні рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю.

У сваім выступленні Прэзідэнт патлумачыў сутнасць прапанаваных змяненняў і пазіцыю ўладаў адносна будучыні краіны, расказаў, як будзе развівацца наша дзяржава, унутрыпалітычнае жыццё ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі, бо Канстытуцыя пішацца на 20–30 гадоў наперад. Мы пачулі адказы на пытанні, звязаныя з наладжваннем унутрыпалітычнага дыялогу, з тым, як будуць развівацца палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі.

Я цвёрда ўпэўнены, што, прагаласаваўшы за змены ў канстытуцыі, мы зробім выбар за Беларусь суверэнную, незалежную, прыгожую і бяспечную для жыцця.

Галіна Бяляева, намеснік дырэктара сярэдняй школы № 34 Магілёва, настаўнік гісторыі, дэпутат Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў:

– Сённяшняе пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу атрымалася вельмі эмацыйным і адкрытым. Аляксандр Лукашэнка выказваўся вельмі шчыра, адкрыта, падкупляў ягоны гумар. Гэта настолькі падабаецца! У той жа час мы разумелі, што перад намі вельмі адкрыты чалавек, які радзее за сваю краіну і за нас з вамі.

Як дэпутат Магілёўскага гарадскога савета, часта наведваю ўстановы адукацыі, працоўныя калектывы сваёй акругі. У ходзе размовы звярнула ўвагу, што многіх суайчыннікаў хвалюе пытанне, ці будуць нашы сыны, мужы і браты ваяваць за межамі краіны. Я і вырашыла сёння агучыць гэта пытанне, паколькі яно актуальнае і для мяне асабіста. Бо я – маці двух сыноў.

Мы заяўляем усім, што мы мірная краіна. Гэта сапраўды так. Хочацца, каб у нас з краінамі-суседкамі быў мір, як раней гэта было пры Савецкім Саюзе. Я сама нарадзілася ў часы СССР і выдатна памятаю, як мы былі адзінай магутнай дзяржавай, адным цэлым. І вельмі важна, што Прэзідэнт нагадвае ўсім: мы з Украінай і Расіяй – славянскія народы, брацкія народы. Нам трэба сябраваць, працаваць, супрацоўнічаць.

Для мяне, як для настаўніка-гісторыка, прагучала яшчэ адна важная заява Прэзідэнта, што мір – гэта абсалютная каштоўнасць для беларусаў. І для яго захавання нам усім неабходна прыкласці каласальныя намаганні.

Начальнік УУС Магілёўскага аблвыканкама генерал-маёр міліцыі Ігар Шчарбачэня:

– Сустрэчы такога фармату заўсёды актуальныя, асабліва напярэдадні важнай падзеі – рэспубліканскага рэферэндуму, калі кожны чалавек павінен разумець, што адбываецца ў грамадстве. Падчас паслання Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка чарговым разам выразна сфармуляваў, у якім кірунку рухаецца наша краіна, закрануўшы ўсе аспекты дынамічнага развіцця.

Дабрабыт людзей складаецца ў ліку іншага з пачуцця бяспекі і спакою ў беларусаў, што і з’яўляецца асноўнай задачай праваахоўных органаў. Міліцыя Магілёўшчыны ўносіць у агульную справу свой уклад. Так, па выніках 2021 года нам удалося знізіць колькасць грамадзян, якія пацярпелі ў выніку здзяйснення злачынстваў, і захаваць станоўчую тэндэнцыю апошніх гадоў па скарачэнні колькасці злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку.

У сваім пасланні Прэзідэнт таксама адзначыў і важнасць года гістарычнай памяці, калі перад намі стаіць задача кансалідавацца ў захаванні мінулага, без якога немагчымы рух наперад. Мы не застаёмся ў баку: сёлета, напрыклад, запланавана маштабная рэканструкцыя помніка легендарнаму батальёну міліцыі капітана К. Р. Уладзімірава і адкрыццё абноўленага музея органаў унутраных спраў Магілёўшчыны. Беражлівыя адносіны да гісторыі не толькі умацоўваюць адзінства людзей, але і дазваляюць нам паспяхова спраўляцца з любымі задачамі.

Андрэй Нікіцін, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення «Беларускага Фонду міру»

– Выступленне было вельмі эмацыйным. Кіраўнік дзяржавы прадэманстраваў чарговым разам каласальную інфармаванасць аб усіх працэсах, якія адбываюцца ў грамадстве на розных узроўнях. І той аналіз, які быў праведзены падчас паслання, паказвае, што ўлада добра ведае не толькі пра тое, чым жыве рэгіён, але і пра кожнага чалавека.

На мой погляд, актуальным і блізкім многім людзям падчас паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу стаў пасыл непахіснасці суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Значную ўвагу Аляксандр Рыгоравіч надаў гістарычнай памяці, якая – крыніца нашых каштоўнасцей. Ён таксама шмат гаварыў і аб іншых каштоўнасцях беларусаў. І адна з іх – мір. Для яго захавання нам усім неабходна прыкласці намаганні, захаваць адзінства грамадства і дзяржавы.

Вельмі імпанавала тое, што Аляксандр Рыгоравіч аб некаторых сур’ёзных рэчах гаварыў з гумарам. І апладысменты – таму лепшае пацверджанне.

Начальнік упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці палкоўнік юстыцыі Яраслаў Федарынчык:

– У сваім пасланні Прэзідэнт, як заўсёды выразна і адкрыта, данёс прынцыповыя ацэнкі падзей, якія адбываюцца як у Беларусі, так і ў свеце: вынясенне на рэферэндум абноўленага праекта Канстытуцыі, наданне новага статусу Усебеларускаму народнаму сходу, пандэмія каранавіруса, падзеі ў нашай краіне ў жніўні 2020 года, санкцыі і ўзаемаадносіны з заходнімі суседзямі, міграцыйны крызіс і многія іншыя.

Прэзідэнт адказаў на пытанне нумар адзін, якое хвалюе грамадства: ці будзе вайна? Патлумачыўшы два варыянты развіцця падзей, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мір – гэта абсалютная каштоўнасць для беларускага народа, беларусы катэгарычна не прымаюць вайны, хочуць мірна жыць і працаваць. Прэзідэнт гаварыў вельмі правільныя і патрэбныя для грамадства словы.

Самымі важнымі, на мой погляд, можна назваць такія: сёння мы павінны абараніць незалежнасць, таму што другога шанца стварыць сваю дзяржаву не будзе, галоўнае – захаваць мір, спакой і краіну, навязваць нам чужы шлях катэгарычна недапушчальна. Гэта яго галоўны пасыл беларускаму народу і не толькі.

Гаворачы пра Год гістарычнай памяці, Прэзідэнт назваў гістарычную памяць крыніцай нашых каштоўнасцей. Сапраўды, сучасная нацыя беларусаў сфарміравана на аснове шматвяковай гісторыі народа (якая ўключае як гераічныя, так і трагічныя старонкі), на аснове традыцый нашых продкаў, хрысціянства.

Новыя погляды не павінны закрываць памяць аб мінулым – падкрэсліў Аляксандр Рыгоравіч.

Кіраўнік дзяржавы настроіў прадстаўнікоў улады і суайчыннікаў, што працаваць трэба на апярэджанне, заклікаў людзей быць гатовымі да напружанай працы, каб разам пабудаваць будучыню нашай краіны.

Згодны з Прэзідэнтам цалкам у тым, што без адзінства грамадства і дзяржавы гэта немагчыма.

Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Павел Жуйкоў:

– Штогадовае пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу агучана. У дзве з паловай гадзіны, якія яно працягвалася, змясціліся і адказы на асноўныя выклікі, з якімі сутыкнулася наша грамадства і дзяржава ў апошнія перыяды, і аналіз сённяшняга становішча спраў, і перспектывы, нават, у нейкай меры, погляд за гарызонт.

На мой погляд, тыя чаканні, якія ўскладаліся грамадскімі і палітычнымі дзеячамі, экспертнай супольнасцю, ды і проста грамадзянска актыўнай часткай нашага грамадства, на пасланне, адназначна апраўдаліся.

Імпануе шырата далягляду, з якога раскрыты ідэі паслання. Мы ўбачылі не вузкі, функцыянальны алгарытм рашэння задач, якія стаяць перад краінай у розных сферах жыццядзейнасці, а іх сур’ёзны аналіз з пазіцыі каштоўнаснай і гістарычнай значнасці.

Ужо падчас агучвання паслання забурлілі абмеркаваннем сацыяльныя сеткі і месенджары. У найбліжэйшыя дні асноўныя тэзісы, агучаныя кіраўніком дзяржавы, безумоўна, стануць прадметам дыялогу і ў працоўных калектывах, і на бытавым узроўні.

Старшыня абласнога Савета ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў палкоўнік міліцыі ў запасе Яўген Кавалёнак:

– Я ўжо не першы раз прысутнічаю на выступленні Прэзідэнта. Як звычайна, Аляксандр Лукашэнка быў шчыры і ў сваёй прамове спыніўся практычна на ўсіх баках жыцця дзяржавы.

Прысутныя ў зале задавалі Прэзідэнту пытанні, а ён у сваю чаргу задаў пытанні народу: ці гатовыя беларусы плаціць за ўласную бяспеку і абарону, за свой суверэнітэт і незалежнасць, ці гатовыя быць ініцыятыўнымі і працаваць на сябе?

Прэзідэнт спыніўся на змяненнях і дапаўненнях у Канстытуцыю, даўшы адказы на многія пытанні.

Выступленне атрымалася шчырым і эмацыйным, і гэта вельмі каштоўна для народа.

mogilevnews.by

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая