RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёў сустрэў «Цягнік Перамогі» з вальсам і аркестрам

На чыгуначны вакзал у Магілёве прыбыў унікальны перасоўны музей «Цягнік Перамогі».

На станцыі перасоўны музей сустракалі пад акампанемент узорнага духавога аркестра Магілёўскай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Я. Глебава. Кружылі ў вальсе 26 пар – навучэнцы школ горада. Яго сустракалі прадстаўнікі гарадской і абласной улады, дэпутаты, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, навучэнцы ўстаноў адукацыі, а жыхары горада прыйшлі цэлымі сем’ямі.

Сярод тых, хто танцаваў вальс на станцыі ў Магілёве, – пара Уладзіслава Вададохава і Анастасіі Казловай. Яны вучацца ў сярэдняй школе № 12 Магілёва.

Як адзначыў Уладзіслаў, удзел у такіх акцыях патрэбны і важны для моладзі. «Вайна – гэта вельмі страшна. Калі гінуць людзі, разбураюцца гарады і цэлыя краіны. У нашых руках, у руках моладзі, зрабіць так, каб такія страшныя падзеі ніколі не паўтараліся. А для гэтага важна памятаць і шанаваць памяць і подзвігі нашых продкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны», – падзяліўся школьнік.

Уладзіслава падтрымала і Анастасія: «Калі наведваеш такія музейныя экспазіцыі, як «Цягнік Перамогі», разумееш, наколькі страшная вайна і якія разбурэнні яна нясе. Мы, маладое пакаленне, павінны зрабіць усё, каб жахлівыя старонкі нашай гісторыі больш ніколі не паўтараліся. Мы павінны берагчы мір і спакой, якія дасталіся нашым продкам дарагой цаной».

«Цягнік Перамогі» прыязджае ў Магілёў ужо другі раз, і гараджане ўжо з нецярпеннем чакалі незвычайны музей. Уся экспазіцыя прысвечана гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У складзе цягніка 9 вагонаў, якія прадстаўляюць пэўны перыяд ваеннага часу ў храналагічным парадку. Наведвальнікі музея як бы праходзяць усю гісторыю вайны ад вераломнага нападу фашысцкай Германіі да доўгачаканага Дня Вялікай Перамогі. Адчуць атмасферу, пагрузіцца ў гераічную гісторыю нашага народа дапамагаюць сучасныя тэхналогіі і каля 150 застылых фігур.

Сярод першых наведвальнікаў перасоўнай экспазіцыі – навучэнка сярэдняй школы № 42 Хрысціна Мошкіна. «Ліда, голас дзяўчынкі, якая расказвае нам пра вайну – у яе ёсць старэйшы брат, А бацька быў на вайне. Калі я слухала яе аповед і хадзіла па вагонах цягніка, уяўляла сябе на яе месцы. У мяне таксама ёсць старэйшы брат. Я слухала яе гісторыю пра тое, як ім з братам прыйшла пахаванка на бацьку. Ад гэтага слёзы наварочваюцца, – расказвае дзяўчынка. – У гэтым музеі так усё прадумана, што мурашкі па скуры бегаюць. Тут вайну можна адчуць і памацаць рукамі».

Яшчэ адной наведвальніцай «Цягніка Перамогі» стала 78-гадовая Валянціна Сычэвіч. У тыя гады яна была малалетняй вязніцай. «У цягніку я атрымала вельмі шмат эмоцый. Я ўважліва ўсё разглядала і ў мяне каціліся слёзы. Усё гэта бачыць і перажываць зноўку вельмі складана, – падзялілася жанчына. – «Цягнік перамогі» вельмі ўразіў. Ён зроблены настолькі моцна, што стрымаць эмоцый не атрымліваецца».

«Цягнік Перамогі» прыбыў у Магілёў у сімвалічную дату: 28 чэрвеня 1944 года горад вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Акрамя гэтага, у Год гістарычнай памяці абласны цэнтр адзначае свой дзень нараджэння – Магілёву спаўняецца 755 гадоў.

«Цягнік Перамогі» прыбыў у Беларусь 10 чэрвеня. Сёлета яго геаграфію пашырылі: на тэрыторыі Беларусі ўнікальны музей зробіць 17 прыпынкаў. У Магілёве інтэрактыўная экспазіцыя прабудзе 2 дні, пасля гэтага адправіцца ў Бабруйск, а пазней – у Салігорск. 2-4 ліпеня «Цягнік Перамогі» будзе знаходзіцца ў Мінску. Праект рэалізуецца па ініцыятыве БЧ сумесна з РЧ у Год гістарычнай памяці пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі і садзеянні Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая